Слова пацана. Кроў на асфальце
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Слова пацана. Кроў на асфальце» (руск.: Слово пацана. Кровь на асфальте) — расійскі крымінальны серыял пра моладзевыя групоўкі Казані канца 1980-х гадоў, зняты рэжысёрам Жорам Крыжоўнікавым на аснове кнігі Роберта Гараева «Слова пацана. Крымінальны Татарстан 1970—2010-х». Галоўныя ролі выконваюць Іван Янкоўскі, Рузіль Мінекаеў, Леон Кемстач, Лізавета Базыкіна, Ганна Перасільд і Анастасія Красоўская.
Серыял зняты кінакампаніяй Toomuch Production сумесна з «НМГ Студия» пры падтрымцы Інстытута развіцця інтэрнэту на заказ анлайн-кінатэатра Start. Прэм’ерны паказ адбыўся 9 лістапада 2023 года ў анлайн-кінатэатрах Wink і Start. Серыял стаў адным з самых гучных расійскіх кінапраектаў 2023 года[1][2][3].
Remove ads
Сюжэт
Падзеі карціны адбываюцца ў канцы 1980-х гадоў у Казані. Галоўны герой, чатырнаццацігадовы Андрэй, жыве з мамай і пяцігадовай сястрой. Ён вучыцца ў музычнай школе і часта сутыкаецца з вулічнымі падлеткамі, якія прыгнятаюць яго. Каб абараніць сябе, хлопчык заводзіць сяброўства з адным з гэтых хуліганаў, Маратам. Той дапамагае яму пагрузіцца ў свет вулічнага жыцця. У рэшце рэшт Андрэй далучаецца да банды «Універсам».
Remove ads
У ролях
Remove ads
Саўндтрэк
Гісторыя стварэння
Сюжэт серыяла будуецца вакол «Казанскага феномену» — гэта зборная назва злачынных груповак Казані, якія складаліся пераважна з непаўналетніх. Сцэнарыст і рэжысёр Жора Крыжоўнікаў і сцэнарыст Андрэй Залатароў абапіраліся на кнігу «Слова пацана. Крымінальны Татарстан 1970—2010-х» (апублікавана ў 2020 годзе). Аўтар кнігі, журналіст Роберт Гараеў, выступіў кансультантам серыяла[4]. Вытворчасцю займаліся кінакампаніі Toomuch Production і «НМГ Студия» пры падтрымцы Інстытута развіцця інтэрнэту[5].
Па словах Залатарова, падрыхтоўка да здымак заняла амаль паўгода. Залатароў і Крыжоўнікаў чыталі даступныя матэрыялы па тэме «казанскага феномену», бралі інтэрв’ю ў былых групоўшчыкаў і міліцыянтаў[6].
Работа над праектам пачалася 1 лютага 2022 года[7]. У пробах прынялі ўдзел амаль 1200 чалавек, з іх адабраны 240[8]. Нягледзячы на тое, што дзеянні серыяла адбываюцца ў Казані, здымкі пераважна вяліся ў Яраслаўлі. Па словах Роберта Гараева, казанская адміністрацыя была супраць здымак у яе горадзе[9][10].
Упаўнаважаная па правах дзіцяці ў Татарстане Ірына Валынец паведаміла, што будзе дамагацца забароны серыяла, у выпадку, калі ён будзе гераізаваць прадстаўнікоў казанскіх АЗГ, а таксама дадала, што серыял «пажадана наогул не здымаць»[11][12]. У падтрымку здымак, у сваю чаргу, выступілі саветнік міністра культуры Татарстана і член журы прэміі «Залатая маска» Ніязаў Ігламаў, а таксама намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Рэспублікі Татарстан (1993—1997) Аляксандр Авакумаў. Яны сцвярджалі, што пра «Казанскі феномен» даўно трэба было зняць фільм[13].
12 снежня 2023 года невядомыя апублікавалі працоўныя версіі сёмай і восьмай серый серыяла (яны павінны былі выйсці 14 і 21 снежня адпаведна)[14][15]. Праз тры дні Крыжоўнікаў і Залатароў у відэазвароце паведамілі, што прынялі рашэнне перазняць фінальную восьмую серыю серыяла[15][16]. Пры гэтым афіцыйная версія сёмай серыі была часткова дапрацавана і выйшла, як планавалася, 14 снежня[15]. Як дадаў Крыжоўнікаў, яшчэ «ў раёне трэцяй серыі» яны з Залатаровым зразумелі, што хочуць скончыць гісторыю інакш; пераздымку фіналу яны звязалі з жаданнем зрабіць яе «эмацыйней, вастрэй, чым тое, што ў нас атрымалася раней»[15].
Remove ads
Рэліз і ўспрыманне
Серыял уключае восем серый, яго паказ пачаўся 9 лістапада 2023 года ў анлайн-кінатэатрах Wink і Start[17][18].
Папулярнасць
У пачатку снежня 2023 года серыял заняў чацвёртае месца ў топ-250 лепшых серыялаў на «Кинопоиск» з рэйтынгам 9 з 10 на аснове больш за 250 тысяч галасоў карыстальнікаў (саступіўшы серыялам «Гульня тронаў», «Ва ўсе цяжкія» і «Семнаццаць імгненняў вясны»)[19]. Па даных сайта, з 4 па 10 снежня праект набраў 4436 балаў, усталяваўшы тым самым рэкорд (папярэднім лідарам з 1566 баламі быў серыял «Гульня ў кальмара» 2021 года)[20]. Рэдакцыя «Кинопоиск» паставіла «Слова пацана» на першае месца ў спісе лепшых расійскіх серыялаў 2023 года[21].
У тым жа месяцы саундтрэк «Пыяла» (с татар. — «шкло») з аднайменнага альбома гурта «Аигел», выпушчанага ў 2020 годзе, узначаліў сусветны чарт Shazam. Акрамя таго, трэк заняў першыя месцы ў «Яндэкс Музыцы», VK, Apple Music у Расіі, Казахстане, Беларусі, Кыргызстане, Латвіі і Эстоніі[22][23][24][25].
Паводле звестак Yandex Wordstat, з 9 лістапада да 6 снежня расіяне за месяц шукалі запыт «Слова пацана» (больш за 45 млн разоў) часцей, чым запыты «вайна ва Украіне» і «СВА» (32,1 млн і 41,4 млн разоў адпаведна) за ўвесь год[26].
Паводле апытання УЦДГМ ад 22 снежня, аб серыяле ведаюць 83 % расіян, з якіх 65 % — толькі чулі пра яго, а 18 % — яго глядзелі. З апытаных, якія глядзелі серыял: 80 % ацанілі яго станоўча; 82 % не згодныя, што серыял згубна ўплывае на моладзь і што яго трэба забараніць; 71 % згодны, што серыял пэўна адлюстроўвае падзеі савецкага часу 80-х гадоў[27][28].
Ацэнкі кінакрытыкаў
Серыял сабраў у большай ступені станоўчыя водгукі. Крытыкі ў асноўным хвалілі акцёрскую гульню, касцюмы і дэкарацыі, а таксама адсутнасць рамантызацыі бандытызму і гвалту. Больш неадназначны прыём атрымала змрочная выява рэалій 1980-х[29]. РИА Новости пахваліла серыял за атмасферу, якая дакладна адлюстроўвае эпоху позняга СССР. На думку выдання, «фільм не заклікае да гвалту, а паказвае яго бесперспектыўнасць»[30].
Васіль Сцяпанаў у «Камерсант Weekend» адзначаў «раскаваную камеру, добра прыдуманыя масавыя сцэны, захопленую акцёрскую ігру»[31]. Цімур Аліеў на РБК заявіў, што серыял выдатна паказвае «страчанае пакаленне»: «запалоханае, разгубленае, якое спрабуе новае і невядомае на зломе эпох»[32]. Крытык Антон Хітроў у артыкуле для выдання Meduza апісаў карціну як «напэўна, самы своечасовы расійскі серыял, які толькі можна ўявіць»[33].
Кінакрытык Зінаіда Прончанка ў артыкуле для выдання «Холод» адгукнулася аб серыяле негатыўна, назваўшы яго галоўнай праблемай «поўную адсутнасць якога б там ні было развіцця». На яе думку, Гараеў у сваёй кнізе «прапаноўваў чытачам прасачыць эвалюцыю, яна ж дэградацыя — ад канца 1970-х да сярэдзіны 2000-х», у той час як у серыяле «нічога падобнага няма»[19].
Журналіст і крытык Юрый Сапрыкін высока ацаніў серыял і назваў яго «самым народным серыялам года»: «гэта першае ў расійскай гісторыі кіно, якое стала да такой ступені народным, не будучы паказаным па тэлевізары ці не будучы выпушчаным у шырокі пракат. Яно сышло ў народ прама са стрымінг-платформаў. Гэта ў нейкім сэнсе гістарычнае дасягненне»[3].
Інцыдэнт у Іркуцку
2 снежня 2023 года ў Іркуцку на аўтобусным прыпынку група падлеткаў забіла 15-гадовага аднагодка, што блізкія загінулага і каментатары ў СМІ звязалі з уплывам серыяла. 4 снежня кіраўнік Камітэта Дзяржаўнай думы па абароне сям’і, пытаннях бацькоўства, мацярынства і дзяцінства Н. А. Астаніна звярнулася ў Следчы камітэт і Раскамнагляд з просьбай праверыць серыял (а таксама іншы серыял — «Харчаблок») на ўтрыманне прапаганды, якая можа прычыніць «шкоду жыццю і здароўю дзяцей, а таксама ўсяму расійскаму грамадству». Дэпутат адзначала, што сцэны серыяла «выклікаюць жах». Паводле яе слоў, узніклыя асцярогі, што «падлеткі пачнуць рамантызаваць злачыннасць, нагледзеўшыся на экранных бандытаў, увасобіліся ў жорсткую рэальнасць». У звароце Астаніна просіць даць ацэнку дзеянням рэжысёра серыяла Жоры Крыжоўнікава, а таксама асоб, якія маюць дачыненне да яго стварэння і выпуску для шырокай аўдыторыі, калі «прагляд серыяла меў уздзеянне на злачынцаў і прывёў да забойства дзіцяці». Таксама яна заклікала праверыць Міністэрства культуры Расіі, якое выдала дазвол на пракат серыяла[34]. МУС зняпраўдзіла сувязь серыяла з забойствам[35]. Стваральнікі серыяла апублікавалі заяву аб сваёй недатычнасці[36]. 9 снежня Раскамнагляд паведаміў, што не знайшоў парушэнняў[37].
Ва Украіне
Пааводле ўкраінскіх СМІ, серыял набыў пэўную папулярнасць сярод украінскай аўдыторыі[38][39][40]. Песня «Пыяла» пасля выхаду серыяла ўзначаліла топ-100 Украіны на Apple Music[41].
Гэта стала падставай да актыўных абмеркаванняў адносна прымальнасці спажывання ўкраінцамі расійскага кантэнту падчас расійскага ўварвання ва Украіну[38][42][43]. Такія ўкраінскія дзеячы як тэлевядучая Марыя Ефрасініна і Ірма Вітоўская рэзка асудзілі прагляд серыяла суайчыннікамі, аднак рэжысёр Аляксандр Раднянскі заявіў: «Гэта магічная якасць кіно. Калі яно выклікае цікавасць і давер да герояў і здольна хваляваць, то пераадольвае межы. Нават падчас вайны»[44]. Міністэрства культуры Украіны назвала серыял «варожай прапагандай» і заклікала дзяржаву спыніць распаўсюд серыяла на «пірацкіх» сайтах[45].
Remove ads
Узнагароды і намінацыі
- 2023 — Фестываль анлайн-кінатэатраў «Новы сезон»: прыз у катэгорыі «Самы чаканы серыял»[46].
- 2023 — Прэмія часопіса «КиноРепортёр» «Падзея года»: прыз за «Акцёра года» (Іван Янкоўскія, за серыялы «Фішэр», «Плэйліст валанцёра» і «Слова пацана. Кроў на асфальце»)[47].
- 2023 — Премія тэлеканала FashionTV «Fashion New Year Awards 2023» за «Акцёрскі прарыў года» (Леон Кемстач)[48][49].
- 2024 — Прэмія «Белы слон» за «Лепшы серыял»[50];
- 2024 — Прэмія «Кибер Best» выдання Sports.ru: прыз за «Лепшы расійскі серыял»[51].
- 2024 — прэмія «Большая цифра» ў катэгорыі «Арыгінальныя фільмы і серыялы ўласнай вытворчасці»: прыз у катэгорыі «Драмы/меладрамы», прыз глядацкіх сімпатый у катэгорыі «Драмы/меладрамы»[52][53].
- 2024 — Нацыянальная прэмія інтэрнэт-кантэнту: прыз «Голас пакалення» (моладзеваму акцёрскаму ансамблю серыяла)[54].
- 2024 — прэмія Асацыяцыі прадзюсараў кіно і тэлебачання (АПКіТ) у намінацыі «Лепшы анлайн-серыял (сем і больш серый)»[55].
- 2024 — «Прыз рэдакцыі. Падзея года» IX-й прэміі OK! Awards «Больш чым зоркі»[56].
- 2024 — прэмія «Падзея года-2024» часопіса «КиноРепортер» у намінацыі «Хіт года»[57].
- 2024 — прэмія «Дыялогі ў кіно» ў намінацыі «Лепшыя дыялогі ў адаптаваным серыяле»[58].
Remove ads
Заўвагі
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads