Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі
беларускі блогер From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі (нар. 18 жніўня 1978, Горкі, Магілёўская вобласць, Беларуская ССР, СССР) — беларускі прадпрымальнік, відэаблогер, аўтар YouTube-канала «Страна для жизни» (бел.: Краіна для жыцця), грамадскі і палітычны дзеяч, палітвязень.
Remove ads
Біяграфія
Нарадзіўся 18 жніўня 1978 года ў Гомелі. Скончыў філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Прадпрымальнік, стваральнік студыі «Компас Прадакшн», якая дзейнічае ў галіне відэаздымкаў. У асноўным дзейнічае ў Расіі і Украіне.
Свой YouTube-канал стварыў 11 сакавіка 2019 года. У сваім блогу распавядае пра жыццё ў Беларусі.
6 мая 2020 года, за 2 дні да абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, быў затрыманы міліцыяй ля горада Магілёва і змешчаны на 15 сутак арышту ў Гомелі паводле рашэння суда Савецкага раёна Гомеля за ўдзел у акцыі пратэсту, якая адбылася 20 снежня 2019 года. 7 мая на канале Сяргея Ціханоўскага на сэрвісе відэаматэрыялаў «YouTube» быў размешчаны відэазапіс, у якім ён распавёў аб сваім намеры вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты.
Для вылучэння кандыдата ў прэзідэнты павінна быць зарэгістравана ініцыятыўная група. 15 мая, у апошні дзень прыёму дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў разгледзела дакументы па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты. Сяргей Ціханоўскі у гэты час адбываў арышт, і дакументы на рэгістрацыю прадаставіла паводле даверанасці яго жонка Святлана Ціханоўская. Камісія адмовіла ў рэгістрацыі па той прычыне, што ў дакументах не было яго подпісу[1].

20 мая закончыўся тэрмін 15-суткавага арышту. Паколькі зарэгістравалі групу Святланы Ціханоўскай, Сяргей стаў кіраўніком гэтай групы.
29 мая ў Гродне Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спецназу ў часе перадвыбарчага пікету за вылучэнне ў прэзідэнты ягонай жонкі. Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню — заявы дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, умяшальніцтва і затрыманне Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазволілі беларускім праваабаронцам зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя і прызнаць яго палітычным зняволеным[2].
30 мая стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел якім нібыта прымаў Сяргей Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых былі змешчаны ў Ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама. Затым адбыліся ператрусы ў офісе Ціханоўскага, доме яго маці, а таксама на лецішчы, дзе сілавікі нібыта знайшлі $900 тысяч[3]. Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак)[4].
29 чэрвеня міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Сяргея Ціханоўскага, а таксама некалькіх іншых арыштаваных апанентаў Лукашэнкі вязнямі сумлення[5].
Працоўная група па адвольных затрыманнях Савета па правах чалавека ААН разгледзела ў 2021 годзе скаргу, пададзеную адвакатамі, і прыйшла да высноў, што Сяргея Ціханоўскага затрымалі па сфабрыкаваным абвінавачанні. Яго арышт прызнаны пераследам палітычнага апанента. Праўнікі ААН запатрабавалі вызваліць Сяргея Ціханоўскага[6].
14 снежня 2021 года Гомельскі абласны суд на выязным паседжанні ў следчым ізалятары прысудзіў Сяргея Ціханоўскага да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абвінаваўчыя прысуды таксама вынесены Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Уладзіміру Цыгановічу[7].
У 2022 годзе «Amnesty International» заклікала спыніць жорсткае абыходжанне з Сяргеем Ціханоўскім і вызваліць яго[8].
21 чэрвеня 2025 года вызвалены пасля амаль 5 гадоў калоніі. У гэты ж дзень перапраўлены ў Вільню да жонкі Святланы і дзяцей.
Remove ads
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads