Трыбунал (трагікамедыя)

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

«Трыбунал» — трагікамедыя Андрэя Макаёнка, напісаная ў 1969 годзе[1].

Хуткія факты Трыбунал ...

Стварэнне і публікацыі

Захаваўся першы варыянт рукапісу п’есы з пазначэннем дат і месца напісання: 6—8 красавіка 1969 года, Ждановічы, дача. Упершыню «Трыбунал» быў надрукаваны ў газеце «Звязда» ў верасні 1970 года. Пазней тэкст апублікавалі ў часопісе «Полымя» (1970, № 10).[1] У перакладзе на рускую мову п’еса выйшла ў часопісе «Нёман» (1971, № 6)[1].

Сюжэт

Цэнтральная постаць п’есы — селянін Цярэшка Калабок. Падчас нямецкай акупацыі ён атрымлівае прызначэнне на пасаду старасты. Для былога пастуха гэта выглядае як нечаканае ўзвышэнне, і спачатку ён нават ганарыцца новым становішчам. Аднак яго паводзіны не такія простыя, як здаецца навакольным: за маскай наіўнасці і нібыта пакорлівасці ён хавае ўменне весці падвойную гульню[2].

Калабок прыкідваецца недарэчным і бязвінным, каб падмануць нямецкага каменданта і паліцая, але разам з тым ён трымае ў напрузе ўласную сям’ю, якая не ўпэўненая ў яго сапраўдных намерах. Асабліва драматычным становіцца момант, калі родныя, не вытрымаўшы падазрэнняў у здрадзе, вырашаюць пазбавіцца ад яго[2].

Развязка паказвае, што ў гэтай, на першы погляд, камічнай гісторыі хаваецца глыбокая трагічнасць. Сын Калабка, Валодзька, не вытрымаўшы сораму за нібыта здрадніка-бацьку, прыносіць сябе ў ахвяру разам з ворагамі[2].

Remove ads

Пастаноўкі

Першая пастаноўка адбылася ў Маскоўскім тэатры на Малой Броннай у рэжысуры Аляксандра Дунаева, дзе галоўную ролю Цярэшкі Калабка выканаў Леў Дураў. У Беларусі п’есу паставіў Віцебскі акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа пад кіраўніцтвам рэжысёра Сямёна Казіміроўскага. З вялікім поспехам «Трыбунал» ішоў у тэатры імя Янкі Купалы ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага з удзелам Галіны Макаравай і Генадзя Аўсяннікава, прычым у рэпертуары гэтага тэатра спектакль утрымліваўся больш за два дзесяцігоддзі[1].

На міжнароднай сцэне

У 1973 годзе рэжысёр Збігнеў Бесерта паставіў «Трыбунал» у тэатры імя Аляксандра Вянгеркі ў Беластоку, і польская публіка прыняла спектакль вельмі цёпла, пра што, у прыватнасці, адзначала «Gazeta Białostocka». Гісторыя пра беларускага селяніна Цярэшку Калабка і яго сям’ю ўвасаблялася на розных мовах народаў СССР — узбекскай, украінскай, літоўскай, малдаўскай і іншых. П’есу ставілі таксама на еўрапейскіх сцэнах у ГДР, Чэхаславакіі, ФРГ, Югаславіі, Іспаніі, Балгарыі і шэрагу іншых краін[1].

Паводле архіўных звестак, за чатыры гады з 1977 па 1980 год «Трыбунал» быў паказаны 186 разоў[1].

Сучасныя пастаноўкі

П’еса не страціла актуальнасці і ў XXI стагоддзі, застаючыся ў полі ўвагі як прафесійных, так і самадзейных калектываў у Беларусі і за яе межамі. У 2005 годзе, да 60-годдзя Перамогі, Купалаўскі тэатр прадставіў «Трыбунал» на міжнародным фестывалі «Этот День Победы» ў Маскве ў рэжысуры Валерыя Анісенкі, пасля чаго спектакль быў паказаны на форуме «Залаты Віцязь» як сумесны беларуска-рускі праект. Да 70-годдзя Перамогі п’есу паставіў Сяргей Кулікоўскі ў Новым драматычным тэатры ў Мінску, і пастаноўкі працягнуліся ў іншых прафесійных і аматарскіх тэатрах Беларусі і Расіі[1].

Іншыя мастацкія ўвасабленні

На аснове «Трыбунала» Андрэй Макаёнак разам з Артурам Вольскім напісалі лібрэта да аперэты «Судны час» кампазітара Рыгора Суруса, якая была пастаўлена ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі[1].

Паводле п’есы створана дзве тэлеверсіі: у 1973 годзе знята версія спектакля Маскоўскага тэатра на Малой Броннай, а ў 1981 годзе — версія спектакля Беларускага тэатра імя Янкі Купалы[1].

Узнагароды

У 1974 годзе «Трыбунал» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа разам з п’есай «Таблетку пад язык».[1]

Крыніцы

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads