Энцыклапедычны слоўнік

From Wikipedia, the free encyclopedia

Энцыклапедычны слоўнік
Remove ads

Энцыклапедычны слоўнік — навуковае або навукова-папулярнае даведачнае выданне энцыклапедычнага характару, аб’ём якога не перавышае трох тамоў[1]. У энцыклапедычных слоўніках у сціслай форме пададзены асноўныя навуковыя звесткі пра з’явы і прадметы рэчаіснасці, пра розныя галіны навукі, тэхнікі, літаратуры, мастацтва і інш. Яны тлумачаць не словы, а паняцці, абазначаныя словамі, апісваюць прадметы, з’явы, падзеі, расказваюць пра гістарычных асоб, пра дзеячаў навукі, культуры, змяшчаюць звесткі пра гарады і краіны, іх прыродныя багацці, ландшафты і інш[2].

Thumb
Савецкі энцыклапедычны слоўнік

Рэестравае слова ў энцыклапедычных слоўніках не мае граматычнай і стылістычнай характарыстыкі, у ім толькі пазначана месца націску; указваецца паходжанне запазычаных тэрмінаў. Рэестравымі словамі з’яўляюцца назоўнікі або словазлучэнні з назоўнікамі; шырока ўключаюцца ў якасці загаловачных слоў уласныя назоўнікі (назвы краін, населеных пунктаў, водных басейнаў, прозвішчы выдатных людзей). Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, дыяграмы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі[2].

Будова слоўнікавых артыкулаў у энцыклапедычных слоўніках паказвае на іх адрозненне ад слоўнікаў лінгвістычных[2]. Ад энцыклапедыі адрозніваецца невялікімі памерамі артыкулаў, размешчаных па алфавіце, сціснутым стылем выкладання, большай аператыўнасцю і рэгулярнасцю перавыдання. Разлічаны на шырокае кола чытачоў[1].

Першапачаткова тэрмін «энцыклапедычны слоўнік» ужываўся як сінонім да тэрміна «энцыклапедыя». Напрыклад, «Энцыклапедычны слоўнік» Ф. А. Бракгаўза і І. А. Эфрона (тамы 1—86, 1890—1907), «Энцыклапедычны слоўнік» братоў А. і І. Гранат (7-е выданне, тамы 1—58, 1910—1948). У сучаснай лексікаграфіі энцыклапедычны слоўнік супрацьпастаўляецца кароткім (4—6 тамоў), малым (10—12 тамоў) і вялікім (шматтомным) энцыклапедыям[1].

Remove ads

Тыпы энцыклапедычных слоўнікаў

Паводле характару інфармацыі энцыклапедычныя слоўнікі падзяляюцца на агульныя (універсальныя), галіновыя, спецыялізаваныя і рэгіянальныя[1].

Універсальныя энцыклапедычныя слоўнікі

Агульныя (універсальныя) энцыклапедычныя слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі па ўсіх галінах ведаў, назапашаных чалавецтвам[2]. Да ўніверсальных адносяцца[1]:

  • расійскія «Энцыклапедычны слоўнік» (2-е выданне, тамы 1—2, 1963—1964), «Савецкі энцыклапедычны слоўнік» (4-е выданне, 1989), «Вялікі энцыклапедычны слоўнік» (2-е выданне, 2000), «Расійскі энцыклапедычны слоўнік» (тамы 1—2, 2000), «Новы энцыклапедычны слоўнік» (2000) і інш.;
  • замежныя: «Малы Ларус» (аднатомны, выдаецца штогод у Парыжы з 1906 да нашага часу), «Універсальны новы Ларус» (тамы 1—2, 1948—1949), «Оксфардскі энцыклапедычны англійскі слоўнік» (1991) і інш.

Галіновыя энцыклапедычныя слоўнікі

Да галіновых адносяцца[1]:

  • расійскія: «Політэхнічны слоўнік» (2-е выданне, 1980), «Кнігазнаўства: Энцыклапедычны слоўнік» (1982), «Дэмаграфічны энцыклапедычны слоўнік» (1985), «Біялагічны энцыклапедычны слоўнік» (1986), «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (1987), «Лінгвістычны энцыклапедычны слоўнік» (1990), «Паліталогія: Энцыклапедычны слоўнік» (1993), «Народанасельніцтва: Энцыклапедычны слоўнік» (1990);
  • для школьнікаў: «Энцыклапедычны слоўнік юнага спартсмена, астранома, натураліста, літаратуразнаўцы» і інш.;
  • замежныя: «Энцыклапедычны слоўнік навук пра мову» (О. Дзюкро і Ц. Тодараў, 1979), «Энцыклапедычны слоўнік рыначнай і планавай гаспадаркі. Нямецка-англа-рускі слоўнік» (тамы 1—2, 1992) і інш.

Спецыялізаваныя энцыклапедычныя слоўнікі

Спецыялізаваныя энцыклапедычныя слоўнікі — гэта даведнікі, тэматычна прысвечаныя вузкім галінам ведаў. Напрыклад, расійскія «Сучасныя Злучаныя Штаты Амерыкі: Энцыклапедычны даведнік» (1988), «Ламаносаў: Кароткі энцыклапедычны слоўнік» (1999)[1].

Рэгіянальныя энцыклапедычныя слоўнікі

Да рэгіянальных адносяцца, напрыклад, расійскі «Энцыклапедычны слоўнік Цэнтральна-Чарназёмнай вобласці» (1934)[1].

З 1990-х гадоў назіралася тэндэнцыя да стварэння электронных версій (на CD-дысках) вышэй пералічаных энцыклапедычных слоўнікаў, а таксама «Ілюстраванага энцыклапедычнага слоўніка» (1998)[1].

Remove ads

Энцыклапедычныя слоўнікі ў Беларусі

На Беларусі энцыклапедычныя слоўнікі выдае выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі і іншыя[1].

Агульнымі энцыклапедычнымі слоўнікамі з’яўляюцца «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 12 т.; Мінск, 1969—1975), «Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя» (у 5 т.; Мінск, 1978—1981), «Беларуская энцыклапедыя» (у 18 т.; Мінск, 1996—2004) і інш., у якіх адлюстраваны погляды беларускіх вучоных на Сусвет і дзейнасць чалавецтва. У той жа час у гэтых выданнях навукова аргументавана асвятляюцца падзеі, з’явы, звязаныя з Беларуссю, з яе выдатнымі дзеячамі ва ўсіх галінах грамадскага жыцця. Так, у БелСЭ каля 40 % слоўнікавых артыкулаў, а таксама ўвесь 12-ы том прысвечаны Беларусі[1].

Сярод беларускіх галіновых энцыклапедычных слоўнікаў[1]:

  • «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (1992),
  • «Геаграфія Беларусі» (1992),
  • «Архітэктура Беларусі» (1993),
  • «Сусветная культура: Ад старажытнасці да нашых дзён» (2001),
  • «Культуралогія» (2003) (Э. Дубянецкі і інш.).

Спецыялізаваныя[1]:

  • «Бульба» (1988),
  • «Рыбы: Папулярны энцыклапедычны даведнік» (1989),
  • «Слова аб палку Ігаравым у літаратуры, мастацтве, навуцы» (М. Г. Булахаў, 1989),
  • «Блакітная кніга Беларусі» (1994),
  • «Земнаводныя. Паўзуны» (1996),
  • «Чалавек і грамадства» (1998) і інш.
  • «Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік» (у 6 т.; 1992—1995)[2],
  • «Асветнікі зямлі беларускай: Х – пачатак ХХ ст.: энцыклапедычны даведнік» (2-е выд., 2006)[2],
  • «Беларускія перакладчыкі, даследчыкі, ілюстратары Слова о полку Игорове» (М. Г. Булахаў, 2012)[2];
  • «Янка Купала: энцыклапедычны даведнік» (1986)[2],
  • «Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік» (1988)[2],
  • «Максім Багдановіч: энцыклапедыя» (2011)[2] і інш.

Рэгіянальныя[1]:

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads