Эскімоска-алеуцкія мовы

From Wikipedia, the free encyclopedia

Эскімоска-алеуцкія мовы
Remove ads

Эскімоска-алеу́цкія мовы (таксама вядомыя як эскалеуцкія[1] або інуіцка-юпікска-унанганскія[2]) — адна з першасных моўных сем’яў, мовы якой распаўсюджаны на Алясцы, поўначы Канады, у Грэнландыі і на ўсходнім ускрайку Чукоцкага паўвострава. Падзяляецца на дзве галіны — эскімоскую і алеуцкую.

Хуткія факты Эскімоска-алеуцкая сям’я, Таксон ...

Алеуцкая галіна ў сваім складзе мае толькі адну мову — алеуцкую, распаўсюджаную на Алеуцкіх астравах і астравах Прыбылова, што на паўднёвы захад ад Аляскі. Мова падзяляецца на некалькі дыялектаў.

Эскімоская галіна падзяляецца на дзве групы, юпікскую і інуіцкую. Юпікская група складаецца з некалькіх моў, распаўсюджаных на захадзе і паўднёвым захадзе Аляскі, а таксама на ўсходзе Чукоткі. Інуіцкая група мае ў сваім складзе толькі адну мову (інуіцкая мова  (англ.)), распаўсюджаную на паўночны ўсход ад арэала юпікскіх моў, а менавіта на поўначы Аляскі, у Канадзе і Грэнландыі. Інуіцкая мова ахоплівае вялікую тэрыторыю і падзяляецца на некалькі дыялектаў. Геаграфічна суседнія дыялекты лінгвістычна вельмі блізкія адзін да аднаго, тады як дыялекты краёў арэала інуіцкай мовы (напрыклад, астравоў Дыяміда, што паміж Чукоткай і Аляскай, і ўсходу Грэнландыі) маюць вялікія адрозненні[3], з-за чаго інуіцкую мову нярэдка лічаць некалькімі асобнымі мовамі.

Існуе сірэнікская мова  (англ.), класіфікацыя якой як эскімоска-алеуцкай даказаная, аднак не вызначана яе пазіцыя адносна галін сям’і. Некаторыя даследаванні ўключаюць мову ў склад юпікскіх[4], тады як паводле іншых звестак мова лічыцца трэцяй, асобнай галіной у складзе эскімоска-алеуцкай сям’і, нароўні з юпікскай і інуіцкай.

Паводле даследаванняў амерыканскага Цэнтра карэнных моў Аляскі, агульная прамова (мова-продак) эскімоска-алеуцкіх моў падзялілася на эскімоскую і алеуцкую галіны прынамсі ў раёне 2000 г. да н.э.[3][5]. Каля 5001000 гг. н. э. эскімоскія мовы падзяліліся на юпікскую, інуіцкую групы[5], а таксама, верагодна, сірэнікскую мову.

Эскімоска-алеуцкія мовы ў культуралагічным і этнаграфічным плане з’яўляюцца аднымі з аўтахтонных моў Паўночнай Амерыкі. Тым не менш, у лінгвістычным дачыненні эскімоска-алеуцкія мовы не маюць сувязей з іншымі сем’ямі аўтахтонных моў Паўночнай Амерыкі[5] і, як лічыцца, прадстаўляюць сабой вынік апошняга дагістарычнага перасялення людзей з Азіі.

Remove ads

Унутраная класіфікацыя

Эскімоска-алеуцкія мовы падзяляюцца на дзве галіны — алеуцкую і эскімоскую. Яны, у сваю чаргу, падзяляюцца на групы моў або на асобныя мовы.

  • Эскімоска-алеуцкая сям’я
    • Алеуцкая галіна
      • Заходнія, цэнтральныя (атканскі, атуанскі, унанганскі, берынгаўскі), усходнія (уналаскінскі, прыбылоўскі) дыялекты
    • Эскімоская галіна
      • Юпікская група  (англ.)
        • Цэнтральна-юпікская мова
          • Уласнацэнтральна-юпікскі дыялект / мова (таксама вядомы як югтун)
          • Чэвацкая чупіцкая
          • Нунівацкая чупіская
        • Алютыцкая мова
        • Юіцкая падгрупа  (англ.) / мова (цэнтральна-сібірская юпікская)
          • Наўканская мова/дыялект
          • Чаплінская мова/дыялект
        • Сірэнікская мова (часам лічыцца асобнай галіной, роўнай паводле статусу эскімоскай і алеуцкай)
      • Інуіцкая група  (англ.) / мова
        • Мова інупіят (або аляскінска-інуіцкія мовы)
          • Кавіярак
        • Інувіялуктун
          • Кангір’юарміютун
          • Сіглітун
          • Уўмарміютун
        • Інуктытут  (англ.)
          • Нунатсіявуміютут
          • Інутытут
        • Калаалісут (грэнландская мова)
          • Інуктун
          • Тунуміісут

Меркаванні аб тым, што эскімоскія і алеуцкія мовы роднасныя (і, адпаведна, складаюць агульны моўны таксон), выказваліся з сярэдзіны XIX ст. (Веніямінаў, Раск, Багараз, Іахельсон). У 1951 годзе адначасова і, хутчэй за ўсё, незалежна з’явіліся два артыкулы: К. Бергсланда і Г. Марша з М. Сводэшам, пасля якіх гэтую роднасць можна лічыць даведзенай. Алеуцкая і эскімоскія мовы на цяперашні момант не з’яўляюцца ўзаемна зразумелымі.

Мяжа паміж інуіцкімі і юпікскімі мовамі праходзіць праз пасёлак Уналакліт, што на захадзе Аляскі.

Remove ads

Пытанне знешняй класіфікацыі

Эскімоска-алеуцкія мовы не маюць лінгвістычных сувязей з любой іншай прызнанай лінгвістамі моўнай сям’ёй у свеце (напрыклад, індаеўрапейскай); у прыватнасці, у лінгвістыцы існуе згода наконт адсутнасці сувязяў з моўнымі сем’ямі Паўночнай Амерыкі. У расійскай лінгвістычнай літаратуры эскімоска-алеуцкія мовы адносяць да палеаазіяцкіх  (руск.), што, аднак, грунтуецца на тэрытарыяльнай прыкмеце.

Нягледзячы на гэта, у лінгвістыцы высоўваюцца гіпотэзы пра знаходжанне роднасці паміж эскімоска-алеуцкай і іншымі моўнымі сем’ямі і, такім чынам, аб’яднанне іх у вышэйшыя таксоны — макрасем’і. У падобных гіпотэзах звычайна разглядаюцца мовы Еўразіі або Паўночнай Амерыкі.

Так, у 1818 годзе дацкі лінгвіст Расмус Раск заўважыў наяўнасць падабенстваў паміж грэнландскай і фінскай мовамі (апошняя ўваходзіць ва ўральскую сям’ю).

З іншых падобных гіпотэз адзначаецца ўрала-сібірская гіпотэза, сфармуляваная брытанскім лінгвістам-паўночназнаўцам Майклам Фортэск’ю ў 1998 годзе. У 2000—2002 гадах амерыканскім лінгвістам Джозефам Грынбергам была прапанавана гіпотэза еўраазіяцкіх моў, да якіх прылічваюцца, апрача эскімоска-алеуцкіх, усе моўныя сем’і паўночнай Еўразіі за выключэннем енісейскіх  (англ.).

Нідэрландскі лінгвіст Крысціян Уленбек знайшоў сувязь эскімоска-алеуцкіх з меркаванай урала-алтайскай макрасям’ёй на аснове шэрагу падобных суфіксаў; падобная гіпотэза падтрымлівалася і Арэльенам Саважо, але ўжо па прыкмеце нібыта поўнай структурнай ідэнтычнасці сістэмы спражэння, прыналежных форм імя, супадзенняў у спосабе ўтварэння прыналежнай канструкцыі. Падобная версія падзялялася Т. Ульвінгам, які ўказваў, што градацыя зычных у эскімоскіх адносіцца да таго ж тыпу, што і ва ўральскіх. Тым не менш, два апошнія даследчыкі дапускалі недакладнасці ў перадачы эскімоскіх слоў. Гіпотэзу сувязі з урала-алтайскімі мовамі падтрымліваў Бергсланд — на аснове значнай структурнай ідэнтычнасці на ўсіх узроўнях, з прыцягненнем алеуцкага матэрыялу.

Фортэск’ю, грунтуючыся на падабенстве марфалагічных паказчыкаў (у прыватнасці склонавых), рабіў спробу збліжэння эскімоска-алеуцкіх з юкагірскімі мовамі (усход Якуціі, Расія).

Расійскі лінгвіст Алег Мудрак абгрунтоўвае настратычнае паходжанне базіснай лексікі, пры гэтым яна аказваецца асабліва блізкай да алтайскай[6].

Рабіліся спробы абгрунтаваць сувязь эскімоска-алеуцкіх моў з індаеўрапейскімі. Так, Уленбек знаходзіў паміж сем’ямі 40 лексічных сыходжанняў, Тальбітцэр налічваў каля 60 агульных каранёў з улікам паправак у матэрыял Уленбека і новых звестак індаеўрапеістыкі (хецкая мова). Гамерых знаходзіў падабенства ў структуры слова, указваў на магчымасць існавання ў праіндаеўрапейскай мове склонавай сістэмы эскімоскага тыпу, прыцягваў ларынгалы для тлумачэння ўвулярных у эскімоскіх.

У 1960 годзе амерыканскім лінгвістам і антраполагам Морысам Сводэшам  (англ.) была прапанавана тэорыя аб сувязі эскімоска-алеуцкіх моў з вакашскімі мовамі (усход Брытанскай Калумбіі). Гэтая тэорыя была падтрымана і пашырана Янам Генрыкам Гольстам[7].

Н. Хольмер робіць спробы збліжэння эскімоскіх з мовамі кечуа і квакіютль. Гэтае збліжэнне ажыццяўляецца хутчэй у тыпалагічным плане, але не выключае і генетычнай сувязі.

Remove ads

Асноўныя рысы

Дзве галіны ў складзе сям’і — алеуцкая і эскімоскія мовы — паспелі разысціся да такой ступені, што маюць адрозненне прыкладна на ўзроўні адрозненняў турэцкай і японскай моў[8]. Тым не менш, абедзве галіны маюць агульныя як фанетычныя, так і граматычныя рысы, што дало падставу для іх аб’яднання ў адзіную сям’ю.

Мовы эскімоска-алеуцкай сям’і ў марфалагічным плане адносяцца да полісінтэтычных моў[9], словаўтварэнне — выключна суфіксальнае (за выключэннем адной прыстаўкі ў інуктытуце, якая ўзнікае ў займенніках). Абедзве галіны ў складзе сям’і характарызуюцца як аглюцінатыўныя, пры гэтым эскімоскія маюць большыя адхіленні ў бок фузіі. Колькасць марфалагічных парадкаў у эскімоскіх большая, чым у алеуцкай; асноўныя іменныя катэгорыі — склон, лік, прыналежнасць, час, лад, транзітыўнасць, каўзатыўнасць, мадальнасць, фазавасць, якасныя і ацэначныя характарыстыкі дзеяння — у абедзвюх галінах падобныя.

Кожнае слова павінна змяшчаць адзін корань, які ставіцца на пачатак слова[10]. Эскімоска-алеуцкія мовы маюць адносна невялікую колькасць каранёў — напрыклад, цэнтральна-юпікская мова мае толькі прыблізна 2000 каранёў[11]. Аднак маюцца дадатковыя часціцы, якія дапасоўваюцца да каранёў і дапаўняюць іх сэнс; у выпадку, калі значэнне слова патрабуе наяўнасці толькі гэтай часціцы, дадаецца нейтральны корань (напрыклад, pi у цэнтральна-юпікскай ды інуктытуце).

Пасля падобных часціц размяшчаюцца суфіксы, якія маркіруюць склон (у назоўніку) або асобу і лад (у дзеясловах). Колькасць склонаў адрозніваецца ў залежнасці ад мовы: напрыклад, алеуцкія мовы маюць меншую колькасць склонаў, чым у эскімоскіх. У граматыцы адзначаецца эргатыўная тыпалогія. Ва ўсіх эскімоска-алеуцкіх мовах маецца абавязковае дапасаванне дзеяслова да агенса і пацыенса ў пераходных клаўзах — для гэтай мэты існуюць спецыяльныя суфіксы, што выкарыстоўваюцца ў даданых сказах.

У канцы слоў могуць дадавацца клітыкі, напрыклад, са значэннем «але».

Фаналагічна эскімоска-алеуцкія мовы маюць падабенствы з іншымі мовамі Паўночнай Амерыкі і Далёкага Усходу Расіі. З галосных адзначаюцца толькі /a, i, u/, аднак у некаторых юпікскіх дыялектах маецца таксама /ə/. У мовах эскімоска-алеуцкай сям’і адсутнічаюць абруптыўныя зычныя, але ёсць глухія выбухныя ў білабіяльнай, пярэднеязычнай, велярнай і ўвулярнай пазіцыях; выключэнне складае алеуцкая мова, фанетыка якой страціла білабіяльныя выбухныя, але захавала насавыя. На вышэйпамянёных пазіцыях існуе супрацьпастаўленне звонкіх і глухіх фрыкатываў, фанетычныя лады эскімоскіх моў маюць таксама глухі альвеалярны латэральны фрыкатыў. Шматлікія дыялекты алеуцкай і юпікскай моў маюць супрацьпастаўленне глухіх насавых.

Remove ads

Дадатковыя звесткі

Эскімоскія мовы занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як адны з найскладанейшых моў свету. У рэкордным спісе яны згадваюцца разам з мовамі чыпева, гайда, табасаранскай  (руск.) і кітайскай мовамі.

Зноскі

  1. Fleming, Harold C. 4.1/2 // Towards a definitive classification of the world's languages. — Diachronica, 1987. — С. 159—223.
  2. Пераважна ў англамоўнай лінгвістычнай літаратуры, гл. напрыклад Gary Holton. Overview of Comparative Inuit-Yupik-Unangan (англ.). University of Alaska Fairbanks (21 студзеня 2014).
  3. Kaplan, Lawrence. Inupiaq and the Schools — A Handbook for Teachers / McGary, Jane. — Alaska Native Language Center, University of Alaska Fairbanks, 1984.
  4. Напрыклад, паводле Ethnologue.
  5. Jacobson, Steven. Central Yupik and the Schools — A Handbook for Teachers. — Alaska Native Language Center, University of Alaska Fairbanks, 1984.
  6. Oleg A. Mudrak. 3 // Kamchukchee and Eskimo Glottochronology and Some Altaic Etymologies Found in the Swadesh List. — Аспекты компаративистики. М.: Изд. РГГУ, 2008. — С. 297-336.
  7. Jan Henrik Holst. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Buske Verlag.
  8. М. Т. Дьячок, В. В. Шаповал. Основные положения генеалогической классификации языков. — Генеалогическая классификация языков. — Новосибирск, 2002. — С. 32.
  9. Mattissen, Johanna. Ontology and Diachrony of Polysynthesis / Wunderlich, Dieter. — Advances in the Theory of the Lexicon. — С. 291-294. ISBN 3-11-019019-2.
  10. Mattissen, Johanna. Dependent–Head Synthesis in Nivkh: A Contribution to a Typology of Polysynthesis. — С. 282. ISBN 90-272-2965-1.
  11. Garry, Jane; Rubino, Carl R. Galvez. Facts about the World's Languages. — An Encyclopedia of the World's Major Languages. — С. 842-844. ISBN 0-8242-0970-2.
Remove ads

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads