Баранавіцкі мясакансервавы камбінат
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Баранавіцкі мясакансервавы камбінат — беларускае прадпрыемства мясной прамысловасці, якое існавала ў 1927—2007 гадах.
Remove ads
Гісторыя
У 1924 годзе баранавіцкі магістрат забараніў забой жывёлы ў Баранавічах, вылучыўшы для гэтых мэтаў пляцоўку на горцы Галышна на паўднёвы захад ад Баранавічаў. Новая бойня спецыялізавалася на вытворчасці беконнай свініны. У 1927 годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю збудаванні для забою буйной рагатай жывёлы і свіней. У 1936 годзе ў Баранавічах было арганізавана сумеснае германска-польскае прадпрыемства «Kres-export» па вытворчасці тушанай свініны і кансерваванай гародніны. Бургамістр Баранавічаў Людвік Вольнік асабіста займаўся праектаваннем і наглядаў за будаўніцтвам кансервавага цэха. Быў таксама пабудаваны новы забойны цэх. Новае прадпрыемства, на якім было занята каля 50 чалавек, пачало працу ў 1938 годзе, першыя партыі кансерваў экспартаваліся ў Германію і Францыю. У 1939 годзе быў пабудаваны каўбасны цэх[1][2].
У 1939 годзе прадпрыемства было нацыяналізавана, стаўшы Баранавіцкім мясакамбінатам і ўвайшоўшы ў «Белгалоўмяса» Наркамата мясной і малочнай прамысловасці БССР[3]. У гады Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі мясакамбінат працягваў функцыянаваць[1]. У 1944 годзе камбінат аднавіў працу пад ранейшай назвай. У 1953 годзе кіруючы орган — Галоўнае ўпраўленне мясной прамысловасці «Белгалоўмяса» (з 4 мая 1953 па 25 сакавіка 1954 года — Галоўнае ўпраўленне мясной і птушкаперапрацоўчай прамысловасці) — быў перададзены ў склад Міністэрства лёгкай і харчовай прамысловасці БССР, затым — у склад Міністэрства прамысловасці харчовых тавараў БССР. 7 красавіка 1954 года мясакамбінат ператвораны ў мясакансервавы камбінат, які ўваходзіў у «Белгалоўмяса». 14 мая 1954 года «Белгалоўмяса» было перададзена ў падпарадкаванне Міністэрства прамысловасці мясных і малочных прадуктаў БССР, 29 мая 1957 года — у падпарадкаванне Упраўлення мясной і малочнай прамысловасці СНГ БССР, у кастрычніку 1957 года — ператвораны ў Брэсцкі абласны мясатрэст, які 21 кастрычніка 1965 года быў перададзены ў падпарадкаванне Міністэрства мясной і малочнай прамысловасці БССР[3]. У 1960-я гады на камбінаце працавала 760 чалавек, большая частка прадукцыі вывозілася ў іншыя рэспублікі СССР і экспартавалася[1]. У сувязі з ростам горада камбінат аказаўся акружаны жылой забудовай, і ў 1980-я гады пачалося праектаванне яго пераносу на новую вытворчую пляцоўку на Слонімскай шашы. У сувязі з распадам СССР гэтыя планы не былі рэалізаваны (будаўніцтва было пачата, але не было даведзена да завяршэння)[1]. У 1986 годзе, пасля рэарганізацыі Міністэрства мясной і малочнай прамысловасці БССР, камбінат увайшоў у склад Брэсцкага абласнога вытворчага аб’яднання мясамалочнай прамысловасці Брэсцкага абласнога аграпрамысловага камітэта, які ў 1990 годзе быў ператвораны ў канцэрн «Брэстмясамалпрам», а ў 1991 годзе стаў падпарадкоўвацца камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама. 29 снежня 2000 года камбінат ператвораны ў камунальнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства (КВУП), захаваўшы ранейшую назву і працягнуўшы падпарадкоўвацца канцэрну «Брэстмясамалпрам» камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама. 30 студзеня 2004 года камбінат быў ператвораны з КВУП у адкрытае акцыянернае таварыства[3].
У 2000 годзе камбінат рэканструяваў каўбасны цэх[1]. У 2007 годзе камбінат быў далучаны да Бярозаўскага мясакансервавага камбіната і ліквідаваны як самастойная юрыдычная асоба[4]. Неўзабаве пасля далучэння да Бярозаўскага МКК у Баранавічах была спынена вытворчасць кансерваў і забой жывёлы, на пляцоўцы камбіната працягнулася вытворчасць каўбас[1].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads