Маўклівая вясна
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Маўклівая вясна» (англ. Silent Spring) — кніга Рэйчэл Карсан 1962 года аб наступствах забруджвання навакольнага асяроддзя пестыцыдамі. Кніга апісвае гібельнае ўздзеянне пестыцыдаў і ядахімікатаў на прыроднае асяроддзе, асабліва на птушак. Карсан абвінаваціла хімічную прамысловасць у дэзынфармацыі, а прадстаўнікоў улады — у прыняцці на веру заяў вытворцаў хімікатаў.
У канцы 1950-х гадоў Карсан звярнула ўвагу на праблемы аховы навакольнага асяроддзя, асабліва тыя, якія выклікаюцца сінтэтычнымі пестыцыдамі. Кніга карысталася папулярнасцю, прымусіла значную частку амерыканскага грамадства задумацца аб экалагічных праблемах і выклікала жорсткае супраціўленне хімічных кампаній. Нягледзячы на гэта, кніга спрыяла змене заканадаўства аб абыходжанні з хімікатамі, а ў далейшым — поўнай забароне прымянення ДДТ у сельскай гаспадарцы на ўсёй тэрыторыі ЗША і стварэнню Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя[1][2][3].
Remove ads
Гісторыя
У сярэдзіне 1940-х гадоў біёлаг Рэйчэл Карсан даследавала наступствы прымянення пестыцыдаў, якія былі распрацаваны ў рамках ваенных навуковых праграм пасля Другой сусветнай вайны. У 1957 годзе Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША пачало праграму па знішчэнні вогненных мурашак і няпарнага шаўкапрада. Падчас выканання праграмы праводзілася распыленне з паветра сумесі ДДТ і іншых пестыцыдаў, у тым ліку над прыватнымі зямельнымі ўчасткамі. Карсан займалася вывучэннем уздзеяння гэтых хімікатаў і выпусціла кнігу пра гэта. Землеўладальнікі падалі ў суд на міністэрства з патрабаваннем спыніць апрацоўку іх зямельных участкаў ядахімікатамі без іх згоды; потым да справы далучыліся і іншыя рэгіёны. Іск быў адхілены[4].

У 1958 годзе Вольга Оўэнс Хакінс (англ.: Olga Owens Huckins) апублікавала ў газеце Boston Herald нататку аб гібелі птушак на яе землях пасля распылення з паветра ДДТ з мэтай барацьбы з маскітамі. Копію гэтага артыкула яна даслала Карсан[5][6].
Вашынгтонскае аддзяленне «Таварыства натуралістаў імя Адзюбона» (англ. Audubon Naturalist Society) выступала супраць праграмы ўрада па распыленні пестыцыдаў і наняла Рэйчэл Карсан, каб правесці і апублікаваць даследаванне гэтай практыкі і яе наступстваў. Так Карсан пачала чатырохгадовы даследчы праект «Silent Spring», дзе яна збірала прыклады нанясення шкоды прыродзе і людзям пры ўжыванні ДДТ.
У 1959 годзе Служба сельскагаспадарчых даследаванняў (англ. Agricultural Research Service) Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША ў адказ на крытыку прымянення ДДТ, выпусціла фільм «Суд над вогненнымі мурашкамі» (англ.: Fire Ants on Trial); Карсан назвала гэты фільм «адкрытай прапагандай» (flagrant propaganda), якая ігнаруе ўсе пагрозы, якія нясе распыленне пестыцыдаў. У сваім лісце, апублікаваным у Washington Post вясной таго ж года, Карсан адзначыла значнае скарачэнне папуляцый птушак, якое, на яе думку, адбылося з прычыны празмернага выкарыстання пестыцыдаў. Тады ж у ягадах журавін ураджаю 1957, 1958 і 1959 гадоў былі выяўленыя высокія канцэнтрацыі гербіцыду амітрола, які выклікае рак у лабараторных пацукоў, у выніку чаго быў прыпынены продаж усіх харчовых прадуктаў з журавінамі, а забруджаныя партыі былі канфіскаваны і знішчаны. Гэта справа атрымала назву «Вялікі журавінавы скандал» (англ.: Great Cranberry Scandal). Карсан звярнула ўвагу на тое, што FDA збіраецца пераглядзець нормы рэгулявання пестыцыдаў, і на агрэсіўную тактыку прадстаўнікоў прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці, якія рэзка супярэчылі дадзеным мноства даследаванняў, апублікаваных у навуковай літаратуры.
У Нацыянальнай бібліятэцы медыцыны Карсан пазнаёмілася з навукоўцамі-медыкамі, якія займаліся вывучэннем канцэрагеннага дзеяння шэрагу хімічных рэчываў. Значнае даследаванне ў гэтай галіне правёў Вільгельм Х’юпер (англ.: Wilhelm Hueper) з Нацыянальнага інстытута анкалогіі, які быў заснавальнікам аддзела даследаванняў рака, выкліканага забруджваннем навакольнага асяроддзя (англ.: environmental cancer section) у гэтым інстытуце і выявіў канцэрагеннае дзеянне многіх пестыцыдаў. Рэйчэл Карсан з навуковым асістэнтам Жаннай Дэйвіс (Jeanne Davis) і бібліятэкарам НДА Дораці Алгір (Dorothy Algire) знайшлі сведчанні існавання сувязі паміж ужываннем пестыцыдаў і анкалагічным захворваннем.
Да 1960 году ў Карсан было дастаткова матэрыялаў для даследавання, і напісанне кнігі пайшло хутка. Акрамя вывучэння навуковай літаратуры, Карсан даследавала сотні асобных выпадкаў захворванняў людзей і нанясення экалагічнай шкоды праз уздзеянне пестыцыдаў. Але ў студзені 1960 года ў Рэйчэл Карсан выявілася цяжкая хвароба. Гэта замарудзіла працу над кнігай. Да сакавіка 1960 Карсан амаль ачуняла і напісала чарнавікі двух глаў кнігі, у якіх разглядалася канцэрагеннае дзеянне пестыцыдаў. Стан здароўя навукоўцы не паляпшаўся, праз што выданне «Маўклівай вясны» прыйшлося адкласці на 1961 год, а потым на пачатак 1962 года. Да сярэдзіны года рэдагаванне завяршылася і кніга была апублікавана 27 верасня 1962 года.
Remove ads
Зноскі
- Paull, John. The Rachel Carson Letters and the Making of Silent Spring (англ.) // Sage Open. — 2013. — July (no. 3). — P. 1—12
- Josie Glausiusz. (2007), Better Planet: Can A Maligned Pesticide Save Lives? Discover Magazine. Page 34.
- Greene, Jennifer (February 2008). «Obituary for Marjorie Spock Архівавана 29 жніўня 2015.» (PDF). Newsletter of the Portland Branch of Anthroposophical Society in Portland, Oregon.
- Matthiessen, Peter (2007). Courage for the Earth: Writers, Scientists, and Activists Celebrate the Life and Writing of Rachel Carson. Mariner Books. p. 135. ISBN 978-0-618-87276-3.
- Himaras, Eleni (May 26, 2007). «Rachel’s Legacy — Rachel Carson’s groundbreaking 'Silent Spring'». The Patriot Ledger. Quincy, MA
Remove ads
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads