Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Праблема паходжання Вялікага Княства Літоўскага як ідэалагічны канфлікт упершыню праявілася прынамсі ў першыя дзесяцігоддзі 16 ст., у маскоўскіх дакументах 1520-х гадоў пра высокае паходжанне Рурыкавічаў і нізкае паходжанне Гедзімінавічаў. У першай палове 16 ст. аформілася і легендарная (міфалагізаваная) частка беларуска-літоўскіх летапісаў, пра паходжанне літоўскай уладарнай дынастыі ад рымскага арыстакрата Палемона (упершыню ў Длугаша[удакладніць: камент.]).
Гісторыкі 18—19 стст. бачылі ўтварэнне ВКЛ як заваёву літоўцамі аслабелай Русі.
Каля сярэдзіны 19 ст. гісторыкі так званага «віленскага асяродку» — Іаахім Лялевель, Тэадор Нарбут, Юзаф Ярашэвіч, Міхал Балінскі, звязвалі ўтварэнне ВКЛ з успышкай літоўскай ваяўнічасці, выкліканай паходамі рускіх князёў на Літву. Потым рабаўнічыя напады ператварыліся ў тэрытарыяльныя набыткі і так далей. Адзначаюць, што гэта канцэпцыя была бліжэй да сучаснай навуковай, чым шмат якія канцэпцыі перыяду руска-польскай ідэалагічнай барацьбы другой паловы 19 — пачатку 20 ст.
Remove ads
Навуковая гістарыяграфія
Фарміраванне навуковай гістарыяграфіі працэсу ўтварэння ВКЛ пачалося з сярэдзіны 19 ст., асабліва актывізавалася з 1870-х гадоў, пасля паўстання 1863—1864 гадоў. Фарміраванне гістарыяграфіі адбывалася ва ўмовах саперніцтва розных нацыянальна-палітычных сіл за права на гістарычную спадчыну гэтай дзяржавы.
Развіццё навуковай гістарыяграфіі падзяляецца на тры асноўныя этапы[1]:
- канец 1870-х гадоў — 1910-я гады.
- 1920-я — 1930-я гады.
- з канца 1940-х гадоў да нашага часу.
Канцэпцыя ўтварэння ВКЛ, якая ў наш час лічыцца агульнапрынятай, наследуе легендзе 16 ст. у некалькіх значных момантах, а іменна, у ідэі эвалюцыі літоўскага грамадства да дзяржавы і заваёвы літоўцамі суседніх усходнеславянскіх зямель.
1870-я — 1910-я гады
Першы этап фарміравання навуковай гістарыяграфіі быў у значнай ступені абумоўлены вострай руска-польскай канфрантацыяй за дамінаванне на землях былога ВКЛ.
У 1850-я — 1870-я гады расійская гістарыяграфія зрабіла першыя спробы прадставіць гісторыю ВКЛ як частку расійскай гісторыі. На чале гэтай плыні, моцна палітызаванай і пераважна публіцыстычнай, стаяў ідэолаг заходнерусізму Міхаіл Каяловіч. Даследчыкі гэтай плыні засяроджваліся на ролі «рускага пачатку» ў гісторыі ВКЛ, а саму дзяржаву называлі «літоўска-рускай». Але і тады выдзяляліся сур’ёзныя гістарычныя працы, якія захоўваюць навуковую вартасць і ў наш час: Уладзіміра Антановіча, Мікалая Дашкевіча, Мацвея Любаўскага, Мітрафана Доўнар-Запольскага і інш.
У процівагу расійскім гісторыкам польская гістарычная навука стварыла канцэпцыю раннефеадальнай літоўскай дзяржавы, якая фармавалася паралельна з заваёвамі суседніх усходнеславянскіх зямель, а потым уступіла ў добраахвотную унію з Польшчай, і з часам стала складовай часткай Польшчы. Тэма польска-літоўскіх уній застаецца адной з найважнейшых у польскай літуаністыцы.
1980-я гады і пазней
Новая беларуская гістарыяграфія
Значнай з’явай ў беларускай гістарыяграфіі праблемы паходжання ВКЛ сталі канцэпцыі што пазначыліся ў апублікаваных у канцы 1980-х працах беларускага публіцыста Міколы Ермаловіча. Гэтая канцэпцыя, заснаваная на тапанімічных і шматлікіх летапісных сведчаннях пра Літву ў 14 стагоддзі[2], сцвярджае, што першапачаткова Літва знаходзілася на землях Беларусі — паміж гарадамі Мінск, Маладзечна, Слонім, Ваўкавыск.[3] Канцэпцыя не новая, а толькі абагульняе некаторыя працы часоў беларускага адраджэння (1910—1920-я) і эміграцыі. Між тым, гэтая канцэпцыя не ўлічвае ўсёй сукупнасці крыніц і навуковых звестак літоўскай, польскай і расійскай гістарыяграфіі. Некаторыя гісторыкі (асабліва якія трымаюцца заходнерускай ідэалогіі) не прызнаюць падобную канцэпцыю за дасканалую, але не спяшаюцца выдаць грунтоўнае абвяржэнне і раз-пораз спасылаюцца на яе ў сваіх працах. Сур’ёзнага ж афіцыйнага калектыўнага навуковага развіцця незалежная беларуская гістарыяграфія не мае пераважна з унутраных і знешніх палітычных чыннікаў ды агульнай безыніцыятыўнасці і кансерватыўнасці ўлады.
Remove ads
Умовы ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага
Вялікае Княства Літоўскае ўтваралася ў 1240-я гады, а на думку Вячаслаў Насевіча непасрэдна пасля мангола-татарскай навалы[4], у вельмі складаных палітычных умовах. На ўсходзе мангола-татары рабуюць княствы Рурыкавічаў, пашыралі сваю імперыю, на захадзе Тэўтонскі ордэн у саюзе з Польскім Каралеўствам, на матывах распаўсюджвання каталіцкага хрысціянства, паступова захоплівае землі балцкіх плямёнаў — прусаў, ятвягаў, куршаў і жамойтаў.
Remove ads
Прычыны ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага
Знешнепалітычныя прычыны былі звязаны з неабходнасцю арганізацыі абароны супраць рыцараў-крыжакоў і ардынцаў. Унутрыпалітычныя прычыны вынікалі з неабходнасці пераадолець феадальную раздробленасць. Эканамічныя прычыны звязаны з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і развіццём гандлёвых адносін паміж рознымі тэрыторыямі, што садзейнічала іх аб’яднанню.
Як заўважае беларускі гісторык Аляксандр Краўцэвіч, узнікненне новай дзяржавы на тэрыторыі Верхняга Панямоння (уласна Літвы) менавіта ў 13 ст. стала вынікам збегу розных чыннікаў і абставін:
- па-першае, у рэгіёне пашырылася перакананне (праз усведамленне мангольскай i крыжацкай пагрозы) у неабходнасці моцнай дзяржаўнай арганізацыі;
- па-другое, знайшліся сілы, здольныя рэалізаваць гэтую справу (багатыя панямонскія гарады і ваяўнічыя правадыры балцкіх плямёнаў);
- па-трэцяе, Гісторыя падаравала Панямонню некалькі адносна бяспечных дзесяцігоддзяў — 40-я — 80-я гады 13 ст. (манголы ў пачатку 40-х прайшлі збоку, a прускія крыжакі пачалі актыўную экспансію на Панямонне толькі ў пачатку 80-х гадоў 13 ст.), жыццёва неабходных для нараджэння і ўмацавання асноў дзяржавы.
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads