Вялікдзень
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялі́кдзень[1], Па́сха (грэч. πάσχα, лац.: Pascha, іўр.: פסח [Pesaḥ]), Уваскрэсенне Хрысто́ва (грэч. Ἡ Ανάστασις τοῦ Ἰησοῦ Χριστοῦ), Светлае Хрыстова Уваскрэсенне — галоўная падзея царкоўнага календара, найстаражытнейшае і найважнейшае хрысціянскае свята[2], якое адзначалася яшчэ ў часы апосталаў[3] і было ўсталявана ў гонар Уваскрэсення Ісуса Хрыста[2] — цэнтра ўсёй біблейскай гісторыі і асновы ўсяго хрысціянскага вучэння[4][заўв. 1].
Вялікдзень | |
---|---|
Тып | хрысціянскае, у шэрагу краін — дзяржаўнае |
інакш | Светлае Хрыстова Уваскрэсенне |
Адзначаецца | хрысціянамі |
Дата | першая нядзеля пасля веснавога раўнадзенства 21 сакавіка і поўні |
Святкаванне | уначы або рана раніцай богаслужэнні ў цэрквах, сямейныя застоллі, народныя гулянні |
Традыцыі | Усходнія — асвячэнне пафарбаваных яйкаў і кулічоў, вітальнае цалаванне, валачобны абрад, на Захадзе — падарункі, пошук яйкаў дзецьмі, у абодвух выпадках — хрыстосаванне |
Звязана з | Мясапуст, Масленіца, Дараваная нядзеля, Вялікі пост, Вербніца, Перадвелікодны тыдзень, Светлы тыдзень, Узнясенне Гасподняе, Дзень Святой Тройцы, Пятроў пост |
У дзень Вялікадня вернікі адзначаюць уваскрэсенне Хрыста з мёртвых і перамогу жыцця над смерцю і злымі сіламі. Паводле Бібліі, Ісус паўстаў з труны на трэці дзень святкавання юдэйскай Пасхі.
У праваслаўі статус Вялікадня як галоўнага свята адлюстроўваюць словы «свят свята і ўрачыстасць з урачыстасцей»[5].
У наш час дата Вялікадня ў кожны год разлічваецца паводле месяцава-сонечнага календара, што робіць Вялікдзень пераходным святам.
Яўрэйскае слова Пе́сах абазначае іўдзейскую Пасху[6]. Яно звязана са словам паса́х (іўр.: פסח — праходзіць міма[1]), якое нагадвае пра тое, што Усявышні абмінуў яўрэйскія дамы, знішчаючы першынцаў Егіпта[7] (часам саму назва свята тлумачаць як «мінуў, абыйшоў»). Арамейская назва свята, якая гучыць як пісха[7], увайшла ў грэчаскую мову, затым перайшла ў лацінскую і ў далей распаўсюдзілася ў мовах Еўропы: pâques (фр.), pascuas (ісп.), пасха (рус.) і гэтак далей[8].
Звычай святкавання Пасхі, які існаваў у старажытных семіцкіх плямён[1], першапачаткова быў звязаны з жывёлагадоўляй, а пазней з земляробствам[9][10][11], пачаткам жніва[1]. З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэйскага народа з егіпецкага палону[4][7], потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі[1].
У хрысціян назва свята набыло іншае тлумачэнне — «пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба»[12]. Царкоўнае святкаванне Вялікадня доўжыцца 40 дзён[3].