Віртуальная машына
From Wikipedia, the free encyclopedia
Віртуальная машына (ВМ, ад англ.: virtual machine) —
- праграмная і/або апаратная сістэма, якая эмулюе апаратнае забеспячэнне нейкай платформы (target — мэтавая, або гасцявая платформа) і выконвае праграмы для target-платформы на host-платформе (host — хост-платформа, платформа-гаспадар)
- ці якая віртуалізуе нейкую платформу і стварае на ёй асяроддзі, якія ізалююць адну ад адной праграмы і нават аперацыйныя сістэмы (гл.: пясочніца);
- таксама спецыфікацыя нейкага вылічальнага асяроддзя (напрыклад: «віртуальная машына мовы праграмавання Сі»).
Віртуальная машына выконвае нейкі машынна-незалежны код (напрыклад, байт-код, шыты код, p-код) або машынны код рэальнага працэсара. Апроч працэсара, ВМ можа эмуляваць работу як асобных кампанентаў апаратнага забеспячэння, так і рэальнага камп’ютара цалкам (уключаючы BIOS, аператыўную памяць, цвёрды дыск і іншыя перыферыйныя прылады). У апошнім выпадку ў ВМ, як і на рэальны камп’ютар, можна ўсталяваць аперацыйныя сістэмы (напрыклад, Windows можна запускаць у віртуальнай машыне пад Linux ці наадварот). На адным камп’ютары можа функцыянаваць некалькі віртуальных машын (гэта можа выкарыстоўвацца для імітацыі некалькіх сервераў на адным рэальным серверы з мэтай аптымізацыі ўжывання рэсурсаў сервера).