Пярун
адно з галоўных божастваў славянскай міфалогіі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Пяру́н, рэгіянальнае імя на Слонімшчыне і Мядзельшчыне Ду́ндар, Ду́ндаль[1] — у славянскай міфалогіі бог нябеснага агню, адно з галоўных божастваў славянскага пантэона. Меў агульныя рысы з багамі-грамабоямі іншых народаў — балцкім Пяркунасам, грэчаскім Зеўсам, скандынаўскім Торам, рымскім Юпітэрам і інш. У старажытных славян увасабляў навальнічную хмару, якая дае дождж і спрыяе ўрадлівасці. У «Аповесці мінулых гадоў» сярод багоў Пярун названы першым. Перуну будавалі свяцілішчы-капішчы (рэшткі некаторых знойдзены на тэрыторыі Беларусі). Паводле старажытнабеларускіх павер'яў Пярун трымаў у руках велізарныя жорны, удараў каменем аб камень і выклікаў гром і маланку, асколкі жорнаў ляцелі на зямлю і паражалі як стрэлы. Ідалы Пяруна былі пастаўлены (побач з Дажбогам) у Кіеве і Ноўгарадзе. Пасля ўвядзення хрысціянства функцыямі і рысамі Перуна надзялілі Іллю-прарока, а таксама казачных герояў — змагароў са змеямі.