Тарашкевіца
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тарашкевіца — назва літаратурнай нормы беларускай мовы, заснаванай на непрыманні змен, уведзеных моўнаю рэформаю 1933 года. Таксама гэтай назвай могуць азначаць толькі альтэрнатыўную арфаграфію або граматыку. Назва ацэначная, пераважна ўжываецца і распаўсюджваецца прыхільнікамі альтэрнатыўнай нормы; сустракаецца таксама ў іншых крыніцах. У акадэмічнай тэрміналогіі няма (гл. таксама: наркамаўка, дзве нормы беларускай мовы).
Назва ўзнікла, магчыма, яшчэ да 2-й сусветнай вайны[1] і выражае блізкасць, пераемнасць альтэрнатыўнай моўнай нормы з працай Тарашкевіча 1918 года (гл. таксама граматыка Тарашкевіча, 1929, граматыка Лёсіка, 1943). Недзе з 1994 пачала ўжывацца сінанімічная назва «класічны (правапіс)»[2].
Назва найчасцей ужываецца ў грамадскіх і палітычных колах, якія карыстаюцца альтэрнатыўнай моўнай нормай. Сустракаецца ў аўтараў, не ўвязаных непасрэдна ў процістаянне дзвюх літаратурных норм, прытым часам як умоўная, узятая ў двукоссі або з агаворкай «так званая „тарашкевіца“»[3][4].
У 2005 годзе быў апублікаваны перапрацаваны («нармалізаваны») звод правілаў арфаграфіі альтэрнатыўнай моўнай нормы (гл. беларуская альтэрнатыўная арфаграфія, 2005).
27 красавіка 2007 года IANA надала «тарашкевіцы» ўласнае азначэнне «tarask» (поўнае азначэнне: be-tarask).[5] Беларуская літаратурная мова азначана ў рэестры IANA як be-1959acad.
У беларускім мовазнаўстве пакуль няма выразнага ўсведамлення наяўнасці ў беларускай літаратурнай мове двух стандартаў, хоць адрозненні паміж «тарашкевіцкім» i «падсавецкім» стандартамі і ахопліваюць амаль усе моўныя ўзроўні за выключэннем фаналагічнага[6].
Арфаэпічна-пісьмовая практыка беларускай літаратурнай мовы ў пач. 20 ст. развівалася пад моцным польскім уплывам. Так, у вымаўленні іншамоўных слоў тады была прынятая польская арфаэпія; гэтая рыса захаваная ў «тарашкевіцы». Аднак з прычыны слабага распаўсюджання польскай мовы ў Беларусі канца 20 — пач. 21 ст. паланістычныя арыентацыі тарашкевіцы амаль не ўсведамляюцца яе карыстальнікамі. Наадварот, польскі кампанент у тарашкевіцы ўспрымаецца як адзнака «прыналежнасці да Еўропы» і/ці праява самабытнасці гэтага стандарту[6].
Вынікі адначасовага суіснавання ў беларускай мове дзвюх норм ацэньваюцца па-рознаму: і як наогул станоўчыя[7], і як адмоўныя[8].