![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/92/Le_Seigneur_des_anneaux_la_Communaut%25C3%25A9_de_l%2527anneau.svg/langbe-640px-Le_Seigneur_des_anneaux_la_Communaut%25C3%25A9_de_l%2527anneau.svg.png&w=640&q=50)
Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» (англ.: The Lord of the Rings: The Fellowship of the Ring) — эпічны прыгодніцкі фэнтэзі-фільм 2001 года рэжысёра Пітэра Джэксана[23]. Фільм з’яўляецца экранізацыяй рамана Дж. Р. Р. Толкіна «Брацтва пярсцёнка» (1954) — першага тома трылогіі «Уладар пярсцёнкаў». Прадзюсарамі фільма сталі Бары Осбарн[en], Пітэр Джэксан, Фрэн Уолш[en] і Цім Сандэрс[en]. Сцэнарый фільма напісалі Фрэн Уолш[en], Філіпа Боенс і Пітэр Джэксан. У акцёрскі ансамбль фільма ўвайшлі Элайджа Вуд, Іэн Мак-Келен, Ліў Тайлер, Віга Мортэнсен, Шон Эсцін, Кейт Бланшэт, Джон Рыс-Дэвіс, Білі Бойд[en], Домінік Монаган[en], Арланда Блум, Крыстафер Лі, Х’юга Уівінг, Шон Бін, Іэн Холм, Эндзі Сэркіс[en]. Фільм стаў першай часткай кінатрылогіі «Уладар пярсцёнкаў». У 2002 годзе на экраны выйшла другая частка — «Дзве вежы», у 2003 годзе трэцяя частка — «Вяртанне караля».
Падзеі кінастужкі адбываюцца ў выдуманым свеце Серадзем’я. Гісторыя апавядае пра Цёмнага Лорда Саўрана, які некалі згубіў Адзіны Пярсцёнак, у якім утрымлівалася частка ягонай душы і ягонага магуцця. Цяпер ён шукае яго, каб вярнуць сабе ўладу над светам. Тым часам даўно страчаны Пярсцёнак знаходзіцца і трапляе да хобіта Фрода Торбінса. Цяпер лёс Серадзем’я вісіць на валаску. Фрода і восем яго сутаварышаў распачынаюць небяспечнае падарожжа да Вогненнай гары[en] — адзінага месца, дзе Пярсцёнак можа быць знішчаны.
«Брацтва пярсцёнка» фінансавалася і распаўсюджвалася амерыканскай студыяй «New Line Cinema», але цалкам здымалася і манціравалася на радзіме рэжысёра ў Новай Зеландыі. Прэм’ера фільма адбылася 10 снежня 2001 года ў кінатэатры «Адэон Лестэр-сквер[en]» у Лондане, а сусветны пракат пачаўся 19 снежня 2001 года. Фільм атрымаў прызнанне як сярод крытыкаў, так і сярод большасці аматараў Толкіна. Фільм лічыцца важнай вяхай у кінавытворчасці і значнай падзеяй у развіцці жанра фэнтэзі ў кіно. Карціна атрымала пахвалы за візуальныя эфекты, акцёрскую ігру, рэжысуру, сцэнарый і вернасць зыходнаму матэрыялу. У першапачатковым пракаце фільм сабраў 880 мільёнаў долараў па ўсім свеце, што зрабіла яго другім самым касавым фільмам 2001 года і пятым самым касавым фільмам усіх часоў на момант яго выхаду. Пасля наступных перавыданняў па стане на 2021 год ён сабраў больш за 897 мільёнаў долараў.
«Брацтва пярсцёнка», як і наступныя часткі трылогіі, лічыцца адным з найвялікшых і самых уплывовых фільмаў, сярод калі-небудзь створаных. Фільм атрымаў мноства узнагарод. На 74-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» ён быў намініраваны на трынаццаць узнагарод, у тым ліку за найлепшы фільм, найлепшую рэжысуру, найлепшы адаптаваны сцэнарый, найлепшую мужчынскую ролю другога плана, найлепшую працу мастака-пастаноўшчыка, найлепшы дызайн касцюмаў, найлепшы мантаж, найлепшую арыгінальную песню і найлепшы гук. Але атрымаў толькі чатыры ўзнагароды: Найлепшая аператарская праца, Найлепшы грым, Найлепшы арыгінальны саўндтрэк і Найлепшыя візуальныя эфекты.
У 2021 годзе фільм быў абраны Бібліятэкай Кангрэса для захавання ў Нацыянальным рэестры фільмаў ЗША як «культурна, гістарычна або эстэтычна значны».