From Wikipedia, the free encyclopedia
Ядро (лац.: nucleus) — абавязковая частка клеткі ў многіх аднаклетачных і ўсіх шматклетачных арганізмаў. Па наяўнасці або адсутнасці ў клетках аформленага ядра ўсе арганізмы падзяляюць адпаведна на эўкарыётаў і пракарыётаў. Ядро — важнейшая структура клетак эўкарыётаў, што змяшчае генетычную інфармацыю (малекулы ДНК), кіруе сінтэзам бялкоў, фізіялагічнымі і марфалагічнымі працэсамі ў клетцы.
Большасць клетак маюць ядро. Зрэдку сустракаюцца двух’ядзерныя (інфузорыя-туфелька) і мнагаядзерныя клеткі (некаторыя пратысты, клеткі грыбоў, папярочнапаласатыя мышачныя валокны). Некаторыя клеткі ў спелым стане не маюць ядра, напрыклад эрытрацыты млекакормячых, клеткі сітападобных трубак кветкавых раслін. Такія клеткі не здольныя да размнажэння.
Памеры клетачнага ядра 1 мкм — 1 мм. Звычайна ядро мае шарападобную форму, але можа быць лінзападобным, верацёнападобным і нават мнагалопасцевым (у клетках зярністых лейкацытаў). У жывёльнай клетцы ядро звычайна размешчана ў цэнтры, а ў расліннай, як правіла, знаходзіцца на перыферыі клеткі (цэнтральную частку часта займае вакуоля).
Агульны план будовы ядра аднолькавы для ўсіх клетак эўкарыётаў. Яно складаецца з ядзернай абалонкі, ядзернага соку, храмаці́на і я́дзерка (аднаго або некалькіх), карыяпла́змы (ці нуклеаплазмы) і ядзернай абалонкі.
Ад цытаплазмы змесціва ядра аддзелена ядзернай абалонкай, якая складаецца з дзвюх мембран. Звонку мембрана мяжуе з цытаплазмай клеткі, у некаторых месцах яна пераходзіць у каналы эндаплазматычнай сеткі. Да вонкавай мембраны ядра прымацоўваюцца рыбасомы. Унутраная мембрана, якая кантактуе з ядзерным сокам, гладкая. Ядзерная абалонка пранізана мноствам пор, праз якія з ядра ў цытаплазму выходзяць субадзінкі рыбасом, малекулы іРНК і тРНК, а ў ядро з цытаплазмы пранікаюць розныя бялкі (у тым ліку ферменты), нуклеатыды, АТФ, неарганічныя іоны і г. д.
Ядзерны сок мае гелепадобную кансістэнцыю, у яго састаў уваходзяць розныя арганічныя і неарганічныя рэчывы. У ядзерным соку размяшчаюцца храмацін і ядзеркі.
Храмацін пад мікраскопам мае выгляд тонкіх цяжаў, дробных гранул або глыбак. Аснову храмаціну складаюць малекулы ДНК, злучаныя са спецыфічнымі бялкамі. У састаў храмаціну ўваходзяць таксама малекулы РНК, сінтэз якіх ажыццяўляецца на ДНК.
Ядзеркі — шчыльныя, акруглыя, не абмежаваныя мембранай участкі ядра. Тут адбываецца сінтэз рыбасомных РНК і аб’яднанне іх з малекуламі бялкоў, што прыводзіць да ўтварэння субадзінак рыбасом. Такім чынам, ядзерка ўяўляе сабой месца сінтэзу рРНК і зборкі асобных субадзінак рыбасом. У пачатку дзялення клеткі ядзеркі разбураюцца, а ў канцы дзялення фарміруюцца зноў у пэўных участках храмасом.
Важнейшымі функцыямі ядра з’яўляюцца наступныя:
Функцыі ядра ажыццяўляюцца ў цесным узаемадзеянні з цытаплазмай.
У клетачным ядры адбываецца рэплікацыя (ці рэдупліка́цыя) — падваенне малекул ДНК, а таксама транскрыпцыя — сінтэз малекул РНК на малекуле ДНК. Сінтэзаваныя ў ядры малекулы РНК мадыфікуюцца, пасля чаго выходзяць у цытаплазму. Утварэнне абедзвюх субадзінак рыбасом адбываецца ў адмысловых утварэннях клетачнага ядра — ядзерках. Такім чынам, ядро клеткі з’яўляецца не толькі ўмяшчальняй генетычнай інфармацыі, але і месцам, дзе гэты матэрыял функцыянуе і рэпрадуктуецца.
Асноўны спосаб дзялення клетачнага ядра — мітоз, бывае дзяленне простай перашнуроўкай.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.