Тэватрон (англ.: Tevatron) — кальцавы паскаральнік-калайдэр, размешчаны ў нацыянальнай паскаральнай лабараторыі ім. Энрыка Фермі ў мястэчку Батавія штата Ілінойс, недалёка ад Чыкага. Тэватрон — сінхратрон, які паскарае зараджаныя часціцы — пратоны і антыпратоны ў падземным кальцы даўжынёй 6,3 км да энергіі 980 ГэВ (~1 ТэВ), адсюль машына атрымала сваё імя — Тэватрон[1]. Будаўніцтва Тэватрона было скончана ў 1983 годзе, кошт пабудовы — каля 120 млн дол, з тых часоў Тэватрон зведаў некалькі мадэрнізацый. Найбольш буйным было будаўніцтва Галоўнага інжэктара, якое праводзілася на працягу 5 гадоў (1994—1999). Да 1994 года кожны пучок паскаральніка меў энергію 900 ГэВ. Паскаральнік завяршыў сваю працу ў 2011 годзе пасля 28 гадоў работы.