Андрэй Ягораў

From Wikipedia, the free encyclopedia

Андрэй Ягораў
Remove ads

Андрэ́й Гена́дзевіч Яго́раў (нар. 4 красавіка 1979 году, Горадня) — беларускі палітоляг і мэтадоляг(ru), грамадзкі дзеяч. Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі (Менск)[2], кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь»(be)[3][4], сябра Рады Экалягічнага таварыства «Зялёная сетка»(be)[5]. У 2013—2015 гадах зьяўляўся нацыянальным каардынатарам Форуму грамадзянскай супольнасьці(en) Ўсходняга партнэрства (ФГС УП) па Беларусі[3], у 2014—2015 гадах — сустаршынём Кіруючага камітэту ФГС УП[3][6].

Хуткія факты Дата нараджэньня, Месца нараджэньня ...
Remove ads

Біяграфія

Нарадзіўся ў Горадні[3], гадаваўся ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць)[7].

Вучоба

У 1996 годзе скончыў сярэднюю школу з залатым мэдалём[7].

У 1997—2002 гадах вучыўся на аддзяленьні паліталёгіі юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ) па спэцыяльнасьці «Юрыст-палітоляг», атрымаў дыплём бакаляўра па паліталёгіі[3][7][8].

У 1999—2002 гадах, паралельна вучобе ў БДУ, навучаўся ў Беларускім калегіюме па спэцыяльнасьці «Журналіст»[7][8][9].

У 2002—2003 гадах вучыўся ў магістратуры юрыдычнага факультэту БДУ, пасьпяхова абараніў дысэртацыю на суісканьне навуковай ступені магістра палітычных навук[2][7][8]. У 2003—2005 гадах вучыўся ў асьпірантуры таго ж факультэту[7][9].

Прафэсійная дзейнасьць

У галіне палітычных дасьледаваньняў працуе зь 2001 году[2].

Сфэра дзейнасьці: палітычная аналітыка й палітычныя дасьледаваньні (трансфармацыя постсавецкай прасторы, грамадзянская супольнасьць, палітычныя трансфармацыі ў Беларусі й рэгіёне Ўсходняга партнэрства, эўрапейскія дасьледаваньні)[2][10].

Зьяўляецца аўтарам і суаўтарам распрацовак і стратэгічных прапановаў па разьвіцьці Форуму грамадзянскай супольнасьці(en) Ўсходняга партнэрства[11][12][13][14], стратэгіі дзеяньняў дэмакратычных сілаў Беларусі зь мэтай дасягненьня імі рэальнага ўдзелу ў кіраваньні дзяржаваю[7][15], ініцыятывы ЭЗ «Эўрапейскі дыялёг па мадэрнізацыі зь беларускім грамадзтвам»[16][17][18], а таксама публікацыяў па тэмах сацыяльна-палітычнага разьвіцьця Беларусі, беларуска-эўрапейскіх адносінаў, Усходняга партнэрства, грамадзянскай супольнасьці й інш.[3][19]

У сакавіку 2010 году заснаваў і ўзначаліў Цэнтар эўрапейскай трансфармацыі — аналітычны цэнтар (па-ангельску: think tank), які ўваходзіць у структуру Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь»(be)[2][20][21].

Зьяўляецца адным з заснавальнікаў спэцыялізаванага часопісу па палітычных навуках у Беларусі «Палітычная сфэра» (Менск, ISSN 1819-3625), займаў пасаду намесьніка галоўнага рэдактара[2][7][9], уваходзіць у склад Рэдакцыйнай рады часопісу[22].

Да канаца 2009 году быў штатным выкладчыкам дэпартамэнту палітычных навукаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (Вільня), прыняў удзел у страйку выкладчыкаў дэпартамэнту, якія пратэставалі супраць парушэньня кіраўніцтвам унівэрсытэту акадэмічных свободаў[23][24].

Зьяўляецца аўтарам і суаўтарам шматлікіх распрацовак, дасьледаваньняў і публікацыяў па тэмах сацыяльна-палітычнага разьвіцьця Беларусі, беларуска-эўрапейскіх адносінаў, Усходняга партнэрства, грамадзянскай супольнасьці й інш.[3]

Удзел у мэтадалягічным руху

У 2000—2002 гадах наведваў сэмінары філёзафа й мэтадоляга У. Мацкевіча[7][9].

У пачатку 2005 году прайшоў гульнятэхнічную(ru) падрыхтоўку й у якасьці гульнятэхніка ўзяў удзел у арганізацыйна-дзейнаснай гульні(ru) (АДГ) «Распрацоўка пераможнай стратэгіі для Беларусі: сцэніраваньне, праектаваньне й праграмаваньне» (сакавік 2005 году, Кіеў), кіраўніцтва якой ажыцьцяўляў У. Мацкевіч[7][9][25].

Пачынаючы з 2005 году, уваходзіць у другі склад удзельнікаў Агенцыі гуманітарных тэхналёгіяў (АГТ, Менск)[7], становіцца экспэртам і кіраўніком аналітычнай групы АГТ, зьяўляецца сталым удзельнікам Менскага мэтадалягічнага сэмінару й арганізацыйна-дзейнасных гульняў, якія праводзяцца АГТ[9][10][26].

Зьяўляўся кіраўніком АД-гульняў: «Грамадзянская адукацыя: працяг або пачатак» (сакавік 2007 году, Гётынген, Нямеччына)[27] й «Лятучы ўнівэрсіытэт у Беларусі: кіраваньне развіцьцём» (студзень 2012 году, Гётынген, Нямеччына)[28].

Грунтуючыся на вопыце ўдзелу, арганізацыі й правядзеньня АДГ, у суаўтарстве зь Т. Вадалажскай, напісаў кнігу «Организационно-деятельностные игры. Популярное введение»[29] (Мн., 2008. — ISBN 978-987-6800-75-0).

Уваходзіць у склад Калегіюму Лятучага ўнівэрсытэту[30].

У межах Лятучага ўнівэрсытэту чытае аўтарскія курсы: «Тэхналёгіі кіраваньня будучыняй: разьвіцьцё, праектаваньне, праграмаваньне» (2011—2013)[31][32], «Тэорыя дзейнасьці: разьвіцьцё, праектаваньне, праграмаваньне» (2013—2014)[33], а таксама ў 2011—2012 гадах кіраваў Школай гульнятэхнікаў[34].

Грамадзка-палітычная й міжнародная дзейнасьць

У гады студэнцтва быў удзельнікам беларускай спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён»[9], таксама аказваў прававую дапамогу ў якасьці юрыста Праваабарончага цэнтру «Вясна»[9].

У 2000—2003 гадах удзельнічаў у дзейнасьці моладзевага руху «Зубр»[9].

У 2006 годзе аказваў садзейнічаньне правядзеньню акцыі «Пост-галадоўка» па абароне будынку Царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» (Менск)[35], быў сябрам грамадзянскай рады па абароне царквы[36].

З моманту абвяшчэньня ініцыятывы ЭЗ «Усходняе партнэрства» прымае актыўны ўдзел у дзейнасьці Форуму грамадзянскай супольнасьці(en) (ФГС УП) на нацыянальным і міжнародным узроўнях:

  • Зьяўляецца аўтарам і суаўтарам стратэгічных прапановаў па разьвіцьці й інстытуцыяналізацыі Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства[11][12][13][14];
  • З кастрычніку 2011 году па чэрвень 2012 году быў сябрам Часовага кіруючага камітэту Беларускай нацыянальнай плятформы ФГС УП[37][38];
  • З чэрвеню 2013 году па лістапад 2015 году ўваходзіў у склад стала дзеючага Каардынацыйнага камітэту Беларускай нацыянальнай плятформы ФГС УП: спачатку — як сябра[39], пасьля — як старшыня Каардынацыйнага камітэту[40] й нацыянальны каардынатар ФГС УП па Беларусі[41][42];
  • У кастрычніку 2013 году падчас пятай штогадовай сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасьці ў Кішынёве (4—5 кастрычніка 2013 году) быў абраны ўдзельнікамі беларускай дэлегацыі нацыянальным каардынатарам ФГС УП па Беларусі (тэрмінам у адзін год) і ў гэтым статусе ўвайшоў у склад Кіруючага камітэту ФГС УП[41];
  • З чэрвеню 2014 году па чэрвень 2015 году адначасова займаў выбарную пасаду старшыні Каардынацыйнага камітэту Беларускай нацыянальнай плятформы ФГС УП[40][43][44];
  • У лістападзе 2014 году падчас шостай сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасьці ў Батумі (21—22 лістапада 2014 году) быў паўторна абраны нацыянальным каардынатарам ФГС УП па Беларусі[42] й зноў, па статусе, увайшоў у склад Кіруючага камітэту ФГС УП;
  • У лістападзе 2014 году ў рамках Кіруючага камітэту ФГС УП быў абраны сустаршынём Форуму (як прадстаўнік краінаў Усходняга партнэрства; ад краінаў-сябраў ЭЗ сустаршынём быў абраны Кшыштаф Бабінскі(pl))[6], зьяўляўся ім да лістападу 2015 году;
  • Прадстаўляў Форум грамадзянскай супольнасьці на Рыскім саміце Ўсходняга партнэрства (21—22 траўня 2015 году) ў межах Канфэрэнцыі грамадзянскай супольнасьці[45] й падчас пятага раўнда нефармальнага міністэрскага дыялёгу Ўсходняга партнэрства ў Менску (29 чэрвеня 2015 году)[46][47][48].
  • Падчас знаходжаньня А. Ягорава ў складзе Кіруючага камітэту ФГС УП і старшынства ў ім была прынята новая стратэгія разьвіцьця Форуму грамадзянскай супольнасьці і праведзена яго рэформа[49].

У межах рэалізацыі першай фазы ініцыятывы ЭЗ «Эўрапейскі дыялёг па мадэрнізацыі зь беларускім грамадзтвам» (ЭДМ) зьяўляўся каардынатарам 1-й экспэртнай групы[50]; пасьля пераводу ЭДМ у фармат праекту «Рэфорум» у ліпені 2014 году ўвайшоў у склад Рады праекту ў якасьці прадстаўніка каардынатараў першай фазы ЭДМ[51][52].

Зьяўляецца ўдзельнікам Спэцыяльнай камісіі (Ad Hoc Commission), якая дзейнічае на базе Беларускай нацыянальнай плятформы ФГС УП і ажыцьцяўляе кантроль за імплемэнтацыяй «Дарожнай мапы па правядзеньні Беларусьсю рэформы сыстэмы вышэйшай адукацыі» ў межах далучэньня Рэспублікі Беларусь да Балёнскага працэсу[53].

З пачатку 2016 году — сябра Рады Экалягічнага таварыства «Зялёная сетка»(be)[5].

13 чэрвеня 2016 году падчас агульнага сходу Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь»(be) быў абраны ў склад Рады кансорцыюму, а таксама яе новым кіраўніком, зьмяніўшы на гэтай пасадзе У. Мацкевіча[3][4].

13 сакавіка 2023 году абраны сьпікерам абноўленай Каардынацыйнай рады[54].

Сям’я

Жанаты, мае сына[9].

Remove ads

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads