Беларускі вызвольны рух

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Белару́скі вызво́льны рух (БВР) — беларуская эмігранцкая вайскова-палітычная арганізацыя антыкамуністычнага характару, якая дзейнічала ў 1950—1957 роках.

Мінуўшчына

Арганізацыю заснаваў у 1950 року ў Заходняй Нямеччыне маёр Людвіг Зарэчны, колішні афіцэр Беларускай Краёвай Абароны. Арганізацыя дзейнічала таксама ў Вялікабрытаніі, усталёўваючы кантакты з брытанскімі спэцыяльнымі службамі. У Манчэстэры была заснаваная «Баявая афіцэрская школа БВР», якая рыхтавала партызанскія кадры для іх перакідваньня ў Беларусь. Да 1953 року з дапамогай брытанскіх спэцслужбаў у БССР і Польшчу неаднаразова былі перакінуты самалётамі выведна-дывэрсійныя ўзброеныя групы, якія складаліся з сябраў Руху. Амаль усе беларускія вайскоўцы-выведнікі здолелі вярнуцца на Захад пасьля выкананьня заданьняў.

Першапачаткова Беларускі вызвольны рух дзеяў нелегальна, але ў 1952 року быў афіцыйна зарэгістраваны. 27 лютага 1952 року кіраўнік Арганізацыйнага бюро Галоўнага штабу БВР Людвіг Зарэчны выдаў адозву, скіраваную да беларускіх вайскоўцаў на эміграцыі, у якой зьмяшчаўся заклік далучацца да «вайскова-палітычнага цэнтру вызваленьня Беларусі», які меў бы каардынаваць беларускі антысавецкі рух. 9 сакавіка таго ж року ў Манчэстэры адбылася надзвычайная канфэрэнцыя беларускіх вайскоўцаў, якая скончылася фармаваньнем Галоўнага штабу БВР.

У тым жа годзе ў нямецкім Лянгенфэльдзе пачалі выдавацца газэта «Незалежная Беларусь» й «Інфармацыйны бюлетэнь Галоўнага штабу БВР»: іх выдаваў палітычна-прапагандовы аддзел Галоўнага штабу БВР. 28 сакавіка 1953 року каля вёскі Запруды на Кобрыншчыне адбыўся бой паміж аддзелам МГБ і дэсантнікамі Руху, якімі кіраваў беларускі вайсковец-партызан Сымон Міхальчук, старэйшы лейтэнант БВР.

Беларускі вызвольны рух навязаў супрацу з Украінскай нацыянальнай гвардыяй(d) атамана Тараса Бульбы-Бараўца. Цесна супрацоўнічаў зь Беларускай цэнтральнай радай, дасылаючы сваіх дэлегатаў на яе пленумы. У 1952—1953 роках пры дапамозе мясцовых структураў БЦР у розных краінах Заходняй Эўропы паўсталі Краёвыя штабы БВР. Таксама былі створаныя аддзелы моладзі БВР, адным зь якіх у Аўстраліі кіраваў лейтэнант Уладзімер Шнэк.

Прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі спрабаваў падпарадкаваць сабе БВР, чаму супрацівіўся Людвіг Зарэчны. У гэтай сытуацыі 8 лютага 1954 Радаслаў Астроўскі звольніў Зарэчнага з пасады старшыні Галоўнага штабу БВР, а на ягонае месца прызначыў маёра Ўладзімера Сеньку. Аднак Людвіг Зарэчны адмовіўся выконваць гэты загад і 18 лютага 1954 року выпусьціў «Зварот да ўсіх сяброў БВР і ўсяе беларускае грамадзкасьці», дзе інфармаваў аб далейшай дзейнасьці БВР і скліканьні ўсеэміграцыйнага зьезду. Напярэдадні гэтага Беларускі вызвольны рух распаўся на дзьве часткі. У Вялікабрытаніі свой БВР стварыў Сымон Серафімовіч і Ягор Папко.

29 жніўня 1954 року ў Манчэстэры адбыўся першы ўсеэміграцыйны зьезд, дзе быў прыняты статут арганізацыі і абраныя кіраўнічыя структуры. Генэральным сакратаром стаў Сяргей Шчэрба, кіраўніком Цэнтральнага Камітэту — Людвіг Зарэчны. Таксама быў абвешчаны «Маніфэст БВР», які заклікаў да рэвалюцыі ў Беларусі пры зьяўленьні спрыяльнага моманту. У адказ на зьезд пленум і калегіюм Беларускай цэнтральнай рады 27 кастрычніка «ліквідаваў» БВР, склікаўшы на ягонае месца Беларускі вызвольны фронт. Паслаблены БВР распаўся на малыя групы, на чале якіх фармальна быў маёр Уладзімер Сенька, але фактычна ягоная ўлада была ілюзійнай. Неўзабаве ўплыў БВР на беларускую эміграцыю стаўся мінімальным. Нягледзячы на гэта, 7 верасьня 1957 року ў Дуйсбургу (Нямеччына) адбыўся Другі ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на які прыехаў 41 дэлегат — галоўным чынам зь Вялікабрытаніі, але таксама і з Гішпаніі, Францыі, Аўстрыі, Аргентыны, Канады і Аўстраліі. Нарады, аднак, датычыліся збольшага трывіяльных пытаньняў. Акрамя таго, была праведзеная «чыстка» шэрагаў БВР, якая ўсунула неадпаведныя кіраўніцтву арганізацыі розныя групы і асобы. Гэта азначала фактычны канец дзейнасьці БВР.

У Кліўлэндзе (ЗША) ад 1965 року Алесь Змагар, зьяўляючыся старшынём Галоўнай управы БВР, нерэгулярна выдаваў адноўлены часопіс «Незалежная Беларусь»". Да пачатку 1980 рокаў ён ад імя БВР рэгулярна распаўсюджваў адозвы да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну і 25 Сакавіка.

Remove ads

Глядзіце таксама

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads