Беларусізацыя
палітыка нацыянальнага будаўніцтва ў Беларускай ССР у 1920-я гады From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Беларусіза́цыя — афіцыйная палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР, якая ажыцьцяўлялася за часам правядзеньня НЭПу, у пэрыяд з пачатку 1920-х па 1929 гады.
Remove ads
Яна ўлучала шырокі спэктар такіх найважнейшых для нацыі праблемаў, як праблемы дзяржаўнасьці, разьвіцьця нацыянальнай эканомікі, вылучэньня на кіроўную працу кадраў карэннай нацыянальнасьці, разьвіцьця нацыянальнай адукацыі, навукі і культуры, роднай мовы і іншае.
Пачатак беларусізацыі паклалі рашэньні IV (люты — сакавік 1921) і V (кастрычнік 1921) зьездаў КП(б)Б. У далейшым праблемы беларусізацыі неаднаразова абмяркоўваліся на зьездах і пленумах ЦК КП(б)Б, зьездах саветаў, пасяджэньнях цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР. У сьнежні 1921 году Савет народных камісараў Беларускай ССР ухваліў рашэньне аб выдаткоўваньні на беларусізацыю 5 млн рублёў. Яшчэ 2 млн рублёў ад ураду атрымаў Народны камісарыят асьветы Беларускай ССР на выданьне твораў навукоўцаў і пісьменьнікаў на беларускай мове[1].
15 ліпеня 1924 году Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР ухваліў на ІІ сэсіі пастанову «Аб практычных мерах па правядзеньні нацыянальнай палітыкі», у адпаведнасьці зь якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай. Гэта была вельмі важная перамога нацыянальна-арыентаванай плыні ЦК КП(б)Б. У той жа час беларусізацыя мусіла зрабіць беларускую культуру беларускай толькі па форме, а па зьмесьце — пралетарскай. Беларуская мова, найбольш зразумелая шырокім колам сялянаў, павінна была стаць дзейсным сродкам, каб прывесьці іх у сацыялізм.
Remove ads
Захады
- Абвяшчэньне беларускай, расейскай, польскай і ідыш дзяржаўнымі мовамі БССР, пры гэтым перавага аддавалася мове тытульнай нацыі — беларускай.
- Перавод навучаньня ў школах пераважна на беларускую мову (да 1928 былі пераведзеныя каля 80% школаў)
- Укамплектаваньне беларусамі частак Чырвонай арміі, разьмешчаных у Беларусі, іх перавод на беларускую мову.[2]
- Перавод справаводзтва на беларускую мову.
- Масавы выпуск газэтаў, часопісаў, падручнікаў, кніг на беларускай мове. Было ўтворанае выдавецтва «Савецкая Беларусь», адкрытая Беларуская дзяржаўная бібліятэка.
- У 1922 г. ва ўсіх навучальных установах Беларускай ССР увялі беларускую мову ў якасьці абавязковага прадмета, якому ўдзялялася 6 гадзінаў на тыдзень[3].
- Разьвіцьцё пачатковай, сярэдняй і вышэйшай адукацыі.
- Ліквідацыя непісьменнасьці дарослага насельніцтва.
- Падрыхтоўка адмыслоўцаў, патрэбных для прамысловага разьвіцьця краіны і аднаўленьня народнай гаспадаркі — у краіне была створаная сетка прафэсійна-тэхнічных вучэльняў і тэхнікумаў зь беларускай мовай навучаньня.
- Стварэньне адмысловых працоўных факультэтаў (працфакаў) для падрыхтоўкі працоўна-сялянскай моладзі да паступленьня ў ВНУ.
- У 1921 адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, у 1922 — сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках і вэтэрынарны інстытут у Віцебску.
- Палітыка карэнізацыі — вылучэньне на адказную працу ў партыйныя і савецкія органы прадстаўнікоў карэннай нацыі, г.зн. беларусаў (да канца 1920-х дзель беларусаў у адміністрацыйных установах перавысіла 50%).
- Арганізацыя навукова-дасьледчай дзейнасьці па ўсебаковым вывучэньні Беларусі.
- У 1922 быў адкрыты Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), ператвораны 1 студзеня 1929 у Беларускую акадэмію навук, якую ўзначаліў вядомы гісторык Усевалад Ігнатоўскі. Першымі акадэмікамі сталі Янка Купала, Якуб Колас, Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны).
- У лістападзе 1924 адбылася Першая Ўсебеларуская краязнаўчая канфэрэнцыя, у пачатку 1928 існавала 301 краязнаўчая арганізацыя, налічвалася 10,5 тыс. чальцоў таварыства краязнаўства. У выніку адной з краязнаўчых экспэдыцыяў Вацлаў Ластоўскі знайшоў крыж Эўфрасіньні Полацкай.
- Разьвіцьцё беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва.
- У верасьні 1920 пачаў працу ў Менску Першы Беларусі дзяржаўны тэатар (БДТ-1), у 1926 пачаў працаваць Другі Беларусі дзяржаўны тэатар (БДТ-2) у Віцебску, шырокую вядомасьць меў беларускі вандроўны тэатар Уладзіслава Галубка.
- У 1924 у Гомелі і Магілёве былі створаныя сымфанічныя аркестры, у гэтым жа годзе ў Магілёве была пастаўленая першая беларуская опэра.
- Дасягненьне значных посьпехаў у беларускай літаратуры. У 1920-я выйшлі паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Якуба Коласа, а таксама другая частка ягонай трылёгіі «На ростанях»: аповесьць «У глыбі Палесься». Янка Купала стварыў шэраг твораў, найбольш вядомым зь якіх зьяўляецца паэма «Безназоўнае». У гэты самы час зьявіліся творы маладых беларускіх пісьменьнікаў М. Чарота, К. Крапівы, М. Лынькова, К. Чорнага і інш.
- Зараджэньне беларускага кінэматографу. У 1926 годзе быў створаны першы беларускі мастацкі фільм Юрыя Тарыча «Лясная быль», у 1928 у Ленінградзе адкрылася кінастудыя мастацкіх фільмаў «Савецкая Беларусь».
Remove ads
Пурызм
Падчас беларусізацыі ў навуковых колах пераважалі рознага кшталту пурысты (Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік і іншыя), якія спрабавалі стварыць навуковую тэрміналёгію, як мага меней выкарыстоўваючы замежныя словы. Ніжэй пададзеныя некаторыя з гэткіх пурызмаў:
Шмат якія з гэтых словаў былі выкрасьленыя зь беларускае мовы падчас рэфомы 1933 году як штучныя й архаізмы.
Remove ads
Згортваньне
У другой палове 1920-х посьпехі ў ажыцьцяўленьні палітыкі беларусізацыі пачалі разглядацца як умацаваньне і пашырэньне беларускага нацыяналізму. Так, на ХІ зьезьдзе КП(б)Б (лістапад 1927) заяўлялася, што неабходна пашыраць беларусізацыю і той жа час весьці рашучую барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам, які ў мінулым быў прагрэсіўнай зьявай, але ўва ўмовах дыктатуры пралетарыяту набыў контррэвалюцыйны характар.
У траўні 1929 ЦК ВКП(б) накіраваў у БССР камісію, якая 27 чэрвеня 1929 году зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі, таксама ў ім нэгатыўна ацэньвалася дзейнасьць кіраўнікоў рэспублікі. Даклад камісіі быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б) і асабіста Ё. Сталіну.
Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынём ДПУ БССР Р. Рапапортам справа г. зв. «Саюза вызваленьня Беларусі». па якой увясну-ўлетку 1930 былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 многія зь іх былі асуджаныя ў выніку закрытых судовых працэсаў. З гэтага часу пачалася палітыка абмежаваньня мовы тытульнай нацыі Беларусі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 году, якая штучна наблізіла беларускую мову да расейскай.
Глядзіце таксама
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads