Рэформа беларускага правапісу 1933 году
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Рэфо́рма белару́скага пра́вапісу 1933 го́ду — штучнае, ненатуральнае і прымусовае[1] набліжэньне беларускай моўнай нормы да расейскай паводле праекту Палітычнай камісіі ЦК КП(б)Б, праведзенае пастановай Саўнаркаму БССР[a] ва ўмовах жорсткага тэрору савецкіх уладаў без грамадзкага і навуковага абмеркаваньня. Разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі, якая праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннай русіфікацыі дазволенай да ўжытку беларускай мовы і, па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ўжытку гэтай русіфікаванай мовы і замены яе расейскай мовай[2].
Галоўным наступствам палітычнай рэформы стала зьяўленьне двух правапісаў (шырэй — стандартаў або нормаў) беларускай мовы, адзін зь якіх — наркамаўка — пачаў афіцыйна выкарыстоўвацца ў Савецкім Саюзе[b], а другі — традыцыйны клясычны правапіс — працягваў ужывацца беларусамі па-за межамі СССР.
Remove ads
Палітычны праект рэформы беларускага правапісу
Нягледзячы на заўважны русіфікацыйны ўхіл акадэмічнага праекту 1933 году, ён не задаволіў кіраўніцтва СССР праз занадтую памяркоўнасьць у справе набліжэньня беларускай мовы да расейскай[3]. Да таго ж, новы этап змаганьня зь беларускім нацыяналізмам задаў артыкул «Под фальшиво-национальным флагом», надрукаваны 3 лютага 1933 году ў маскоўскай газэце «Правда». Спэцыяльны карэспандэнт выданьня А. Давідзюк паведаміў зь Менску[4]:
![]() |
Размова ідзе аб актывізацыі буржуазных нацыяналістаў у Беларусі, аб палітычнай існасьці іх выступаў, якія адлюстроўваюць супраціў мерапрыемствам пралетарскай дзяржавы з боку кулацтва, якое гіне.
Арыгінальны тэкст (рас.)
Речь идет об активизации буржуазных националистов в Белоруссии, о политической сущности их выступлений, отражающих сопротивление мероприятиям пролетарского государства со стороны гибнущего кулачества.
|
![]() |
Адразу па гэтай публікацыі Акадэмічны праект пасьпешліва разгледзелі і абмеркавалі ў Наркамаце асьветы пад кіраўніцтвам новапрызначанага (замест рэпрэсаванага) народнага камісара, Аляксандра Чарнушэвіча, Пэдагагічным інстытуце, розных савецкіх і партыйных арганізацыях. У выніку чаго да дакумэнту дадалі выразна русіфікацыйныя прапановы, што мела сьведчыць пра ляяльнасьць, «правільную ідэалягічную арыентацыю» і стваральнікаў, і абмеркавальнікаў Праекту. Але нягледзячы на гэта, дакумэнт цалкам перапрацавалі[5].
5 траўня ЦК КП(б)Б стварыла адмысловую «Палітычную камісію для перагляду руска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы»[6]. Паказальна, што ў склад камісіі не ўвайшоў ніводны лінгвіст, а ейнымі сябрамі сталі пераважна палітыкі[7].
Ужо да 21 ліпеня выйшла пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, якая сьведчыла пра сканчэньне працы над праектам рэформы: «Згадзіцца з прапановай т. Чарнушэвіча аб перасылцы проэктаў новага беларускага правапісу на разгляд культпропа ЦК УсеКП(б)»[8]. 26 жніўня дакумэнт сваёй пастановай зацьвердзіў Саўнаркам БССР, а 27 жніўня — беларускі ЦК. Такім чынам, прыняцьце праекту адбылося ў загадным парадку без папярэдняй публікацыі і грамадзкага абмеркаваньня[9].
Пастанова мела назву — «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», аднак у сапраўднасьці артаграфічныя зьмены не прынесьлі спрашчэньня. Некаторыя з уведзеных рэформаю правілаў прапаноўвалася зьмяніць ужо ў наступных правапісных праектах (1939 і 1951 гады), і гэта зрабілі практычна адразу ж у выніку зьмены палітычнага рэжыму — па «разьвянчаньні культу асобы» (1956 год)[10].
Дакумэнт пераняў усе прапановы Акадэмічнага праекту 1933 году, якія прадугледжвалі збліжэньне з расейскаю моваю. Пры гэтым тэхнічная падрыхтоўка адпаведнай часткі дакумэнту значна лепшая за наваствораныя разьдзелы, у якіх сустракаюцца шматлікія супярэчнасьці, фактычныя й мэтадалягічныя памылкі ды недагляды[11].
Remove ads
Існасьць зьменаў
Збор складаўся з 84 правілаў граматыкі. Асноўныя адрозьненьні парэформавага правапісу (наркамаўкі) ад дарэформавага (тарашкевіцы):
Зьмены ў беларускім правапісе (па пераглядзе праекту 1933 году адмысловай Палітычнай камісіяй) | Акадэмічны праект 1930 году | Акадэмічны праект 1933 году (да перагляду Палітычнай камісіяй) |
Зьмены ў перадачы пазычаньняў | ||
1. Перадача складоў [л’а], [л’о], [л’у]) празь цьвёрдае «л». (напрыклад: маналог замест маналёг) | ![]() | ![]() |
2. Зьмякчэньне зычных [з], [с], [б], [п], [в], [ф], [м], [н] перад галосным [е] (напрыклад: кааперацыя, фанетыка замест каапэрацыя, фанэтыка) | ||
3. Замена спалучэньняў -тар, -дар на -тр, -др на канцы словаў (напрыклад: літр, цэнтр замест літар, цэнтар) | ![]() | |
4. Перадача літары «θ» у грэцызмах праз «ф» або «т» у залежнасьці ад правілаў расейскай мовы (міф, кафедра замест міт, катэдра) | ![]() | |
Зьмены ў артаграфіі ўласнабеларускіх словаў | ||
1. Скасаваньне пазначэньня асыміляцыйнага зьмякчэньня зычных [з], [с], [ц] (напрыклад: (свет, след замест сьвет, сьлед) | ![]() ![]() | ![]() |
2. Скасаваньне напісаньня мяккага знаку паміж падоўжанымі зычнымі [з], [с], [ц], [н], [л] (напрыклад: насенне, галлё, ззяе, рыззё, калоссе, суддзя, жыццё замест насеньне, гальлё, зьзяе, рызьзё, калосьсе, судзьдзя, жыцьцё) | ![]() | ![]() |
3. Увядзеньне нязьменнага напісаньня часьціцы і прыназоўніка «не» (напрыклад: без нас, не руш замест бяз нас, ня руш) | ![]() | ![]() |
Апроч гэтага:
- Рэглямантаваўся правапіс уласных імёнаў, адбывавалася адступленьне ад народнага іменаслову, калі замест народных формаў пачыналі ўжывацца кананічныя імёны Маскоўскай царквы, прынятыя ў расейскай мове (напрыклад: Юрый замест Юрка, Юры, Юра, Юрась).
- У марфалёгіі рэглямантаваны правапіс канчаткаў -а/-у ў родным склоне, перавага надавалася канчатку -а, як у расейскай мове, а не народнаму -у. На манер расейскай мовы ўніфікавалася напісаньне канчаткаў назоўнікаў у давальным і месным склонах.
Увогуле, у выніку рэформы ў беларускую мову ўводзілася больш за 30 фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў, уласьцівых расейскай мове[17], якія былі чужымі і дагэтуль неўжыванымі ў беларускай мове і былі проста перанесеныя ў яе з расейскай[18].
Правапісная рэформа 1933 году закранула ня толькі фанэтычныя і марфалягічныя асаблівасьці, але таксама і лексыку беларускае мовы. Так, напрыклад, калі дарэформавы «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928) для перакладу расейскага слова «государство» прапаноўваў сынонімы «дзяржава», «гаспадарства», «панства», то парэформавы «Руска-беларускі слоўнік» Александровіча (1937) — толькі «дзяржава», тым жа словам перакладалася і расейскае «держава», эквівалентам расейскага «город» у першым слоўніку былі «места», «горад», а ў другім — толькі «горад»[19]. У гэтым жа слоўніку ёсьць такія неўласьцівыя для беларускай мовы дзеепрыметнікавыя формы, як «забыўчывы», «неўстрашымы», «брадзячы». Падобную практыку працягнулі ў наступным «Руска-беларускім слоўніку» 1953 году, калі на першым месцы ставілася калька з расейскае мовы, а арыгінальнае беларускае слова, як правіла, за ёй[20].
Пра мэтанакіраваную працу ў русіфікацыі беларускіх слоўнікаў сьведчыць апошні пункт (№ 27) Пастановы СНК «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу»:
![]() |
Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук арганізаваць сыстэматычную навуковую працу па далейшым разьвіцьці і ўпарадкаваньні беларускага правапісу, усяе граматыкі і тэрміналёгіі, а таксама арганізаваць новае выданьне беларуска-рускіх слоўнікаў, вытраўляючы з беларускай мовы ўсялякія буржуазна-нацыяналістычныя плыні і скажэньні. | ![]() |
—Пастанова Савету Народных Камісараў БССР «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», г. Менск, 26 жніўня 1933 г. |
Тым часам рукапісы раней падрыхтаваных акадэмічных слоўнікаў савецкія ўлады загадалі зьнішчыць, сярод іх — шматтомны «Слоўнік жывой беларускай мовы», двухтомныя расейска-беларускі і беларуска-расейскі слоўнікі, польска-беларускі і беларуска-польскі, эспэранцка-беларускі і беларуска-эспэранцкі, латыска-беларускі, гістарычны і артаграфічны[21].
Беспрынцыпнасьць рэфарматараў, а таксама іх тагачасную рыторыку добра адлюстроўвае наступная цытата[22]:
![]() |
Шмат нацдэмы нашкодзілі ў пытаннях «окання» ў словах іншамоўнага паходжання. Такія словы, як «кааперацыя, калгас, трактар» і іншыя, пісалі праз «о», матывуючы гэта правіла тым, што слова «калгас, кааперацыя» і другія не прыняты беларускай мовай, не ўвашлі ў быт, што яны па сваёй прыродзе чужыя беларускай мове. Што словы «калгас» і падобныя ім чужыя і варожыя нацдэмам, гэта зразумела, як і зразумела буржуазна-класавая «апрацоўка» правапіса нацдэмаўскімі «слупамі мовазнаўства».
Улічваючы працэс асваення шырокімі працоўнымі масамі слоў іншамоўнага паходжання, мы абавязаны гэтыя словы перадаваць згодна іх вымаўлення, г. зн. праз «аканне», што ў пастанове СНК аб зменах у правапісе і праведзена. Інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы, словы, якія народжаны пролетарскай рэволюцыяй і якія ва ўсіх мовах сусвета пашырыліся вымаўленнем праз «о», і ў нашым новым правапісе гэтая рэволюцыйная якасць захована. Словы «комуна»… [далей — фактычна цытата з Дадаткаў да Пастановы-1933, пра які гл. ніжэй] — пішуцца і ў нас праз «о», г. зн. захоўваецца ў корані іх першакрыніца і гэтым мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця па шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма |
![]() |
—Андрэй Александровіч, Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце і рэформа правапіса беларускай мовы // Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы. — Менск: Выд-ва БАН, 1934. — С. 21. |
Праз тры месяцы па прыняцьці першай «правапіснай» пастановы 3 сьнежня 1933 году, старшыня Саўнаркаму БССР Мікалай Галадзед падпісаў новую пастанову СНК «Дадаткі да пастановы СНК БССР „Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса“», якая выпраўляла памылкі ў жнівеньскім дакумэнце. На гэтым скончыўся першы этап палітычнай рэформы 1933 году[23].
Такім парадкам, палітычная рэформа напраўду кіравалася на зьліцьцё народаў і культураў у адну культуру з адзінай мовай і адлюстравала ня столькі нацыянальную спэцыфіку беларускай мовы, як асаблівасьці расейскай мовы, у адпаведнасьці зь якой праводзіліся зьмены артаграфічных і граматычных прынцыпаў і нават лексыкі беларускай мовы.
Remove ads
Наступствы

Беларусы за межамі СССР, у першую чаргу ў Заходняй Беларусі, а таксама беларускія цэнтры ў Латвіі, Празе і Бэрліне не прынялі ўведзеных у беларускую мову зьменаў[3]. У прыватнасьці, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні на сваім надзвычайным паседжаньні 31 кастрычніка 1933 году прыняло рэзалюцыю супраць рэформы, дзе зазначыла ейную русіфікацыйную скіраванасьць і кволы навуковы фундамэнт.
Сярод прычынаў непрыняцьця палітычнай рэформы 1933 году былі наступныя:
- Перад рэформай праводзіліся ўзмоцненыя сталінскія чысткі і рэпрэсіі ў асяродку беларускай інтэлігенцыі[3][24].
- Праект рэформы распрацавала адмысловая «Палітычная камісія для перагляду расейска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы», у склад якой не ўвайшоў ні адзін лінгвіст[8]. Як зазначаюць сучасныя беларускія філёлягі, складальнікі збору правілаў кіраваліся ў першую чаргу палітычнымі, а не філялягічнымі матывамі[1].
- Зацьверджаньне праекту правёў Савет народных камісараў БССР без грамадзкага абмеркаваньня[25][3].
- Рэформа праводзілася ва ўмовах жорсткага тэрору. Так, філёляг Сяргей Запрудзкі зазначае:
![]() |
Пастанова СНК сімвалізавала для сучаснікаў неадхільную волю наблізіць беларускую мову да расійскай „любой цаной“[26]. | ![]() |
- Беларускія філёлягі і гісторыкі зьвяртаюць увагу на тое, што рэформа штучна[1][27][28][29] наблізіла беларускую мову да расейскай. Зьміцер Саўка адзначае, што палітычная камісія, якая праводзіла рэформу, узяла з акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 году, распрацаванага раней, усе пункты, што прадугледжвалі менавіта збліжэньне з расейскай мовай, а астатнія альбо кардынальна перапрацавала ў бок набліжэньня да нормаў расейскай мовы, альбо ўвогуле не ўзяла да разгляду[11]. Кандыдат філялягічных навук Ігар Клімаў піша:
![]() |
Бальшавіцкая дзяржава, якая ўпершыню ў гісторыі ажыцьцяўляла экспэрымэнт па стварэньні новага грамадзтва і новага чалавека, разглядала і мову як аб’ект адмысловых маніпуляцыяў, накіраваных на дасягненьне пэўных, зусім не лінгвістычных мэтаў. Важным кірункам такіх маніпуляцыяў з 1930 году было замацаваньне расейскага ўплыву ў нормах літаратурных моваў іншых народаў СССР. Гэта падвышала культурную гамагеннасьць сярод народаў савецкай імпэрыі, прыглушала іх памкненьні да сэпаратызму, спрыяла іх культурнай і моўнай асыміляцыі. Ахвярай такой палітыкі з 1930-х гадоў зрабілася і беларуская мова. Яе далейшае разьвіцьцё адбывалася не ў выніку ўнутранай неабходнасьці ці рэальнага ўжытку, а прадвызначалася палітычнай каньюнктурай савецкай дзяржавы[3]. | ![]() |
Галоўным наступствам рэформы стала зьяўленьне двух правапісаў (нормаў) беларускай мовы, адзін зь якіх — наркамаўка — пачаў афіцыйна выкарыстоўвацца ў Савецкім Саюзе, а другі — традыцыйны клясычны правапіс — працягваў ужывацца беларусамі па-за межамі СССР. Стварэньне наркамаўкі разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі, якая праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннай русіфікацыі дазволенай да ўжытку беларускай мовы і, па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ўжытку гэтай русіфікаванай мовы і замены яе расейскай мовай[2].
Remove ads
Ацэнкі
Скрайняя непасьлядоўнасьць, і русіфікацыйныя мэты рэформы прызнаваліся афіцыйным савецкім мовазнаўствам за відавочныя яшчэ за часамі г.зв. «Хрушчоўскай адлігі»:
![]() |
...не ўрэгуляваным засталося правіла аб перадачы акання і якання. Шматлікія неабгрунтаваныя выключэнні з гэтага правіла не ўносілі жаданай палёгкі пры напісанні іншамоўнай лексікі, вельмі складаным і неўпарадкаваным было правіла напісання складаных слоў. Выклікала цяжкасці і арфаграфічны разнабой правіла аб пераходзе д і т у дз’ і ц’. Блытана і супярэчліва былі сфармуляваны правілы напісання імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў…
Тым не менш, нягледзячы на недахопы, пастанова СНК БССР увогуле выканала сваю задачу… …наколькі гэта магчыма, наблізіць беларускі правапіс да рускага.[30] |
![]() |
—Яўген Камароўскі, Беларускі правапіс. — Менск, 1965. С. 31—32. С. 25 |
Рэформа 1933 выклікала крытыку ўжо з пачатку яе правядзеньня. Пад назовам «рэформа правапісу» крылася рэформа ня толькі правапісу, але адначасна граматыкі і марфалёгіі беларускай мовы, бо паняцьце «правапіс» мае на ўвазе форму напісаньня, а не адвечнага спосабу вымаўленьня. Рэформа ахоплівала 25 моўных асаблівасьцяў, зь якіх у 24 выпадках адначасна бытавала дачыненьне з граматыкай і правапісам, і толькі адна зьмена (пункт 4) датычыла выняткова правапісу[31].
Як зазначыў Янка Станкевіч з нагоды рэформы, «нідзе, дзе няма НКВД, Беларусы іхнае зьмены ня прынялі»[32][33].
Сучасныя беларускія філёлягі падкрэсьліваюць той факт, што новыя правілы, уведзеныя рэформай 1933 году, перакручвалі нормы беларускай літаратурнай мовы шляхам штучнага, ненатуральнага і прымусовага накладаньня на іх правілаў расейскай мовы[1].
Remove ads
Глядзіце таксама
![]() |
Вікіпэдыя мае праект «Беларуская мова» |
Заўвагі
- Уведзены збор правілаў граматыкі выйшаў з друку ў 1934 годзе і дзеяў да 1959 году
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads