Віктар Каліноўскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ві́ктар О́тан Каліно́ўскі (21 красавіка [ст. ст. 4 красавіка] 1833, в. Мастаўляны, цяпер у Польшчы — 6 лістапада 1862, ф. Якушоўка) — гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1860-х г. Старэйшы брат Кастуся Каліноўскага.
Remove ads
Жыцьцяпіс
Сярэднюю адукацыю атрымаў у Сьвіслацкай і Гарадзенскай гімназіях. У 1852 паступіў на мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. З 1856 у Пецярбургу. На даручэньне Віленскай археалягічнай камісіі працаваў у Імпэратарскай публічнай бібліятэцы, адшукваў старадаўнія рукапісы па гісторыі Літвы і Беларусі.
У 1858—1862 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі, якую складалі выхадцы зь Беларусі, Летувы, Польшчы, Украіны ў Пецярбургу. Распаўсюджваў сярод сябраў арганізацыі гістарычную літаратуру, займаўся вярбоўкай новых чальцоў, наладжваў сувязі з рэвалюцыйнымі арганізацыямі Кіева і Масквы.
3 1857 падтрымліваў навуковыя сувязі зь бібліятэкай Асалінскіх у Львове, зь ейным супрацоўнікам, а пасьля дырэктарам А. Бялеўскім, дапамагаў яму ў выданьні спадчыны гетмана Станіслава Жалкеўскага, навуковай працы «Monumenta Poloniae Historica». Падчас працы ў Публічнай бібліятэцы складаў генэалягічныя даведкі для прыватных асобаў, дасьледаваў гісторыю ВКЛ, антыпрыгоньніцкіх сялянскіх рухаў на Беларусі і Ўкраіне. Падрыхтаваў да друку на расейскай мове манаграфію «Уманскі гвалт» пра паўстаньне 1768 украінскіх сялянаў у месьце Умань (цяпер Чаркаская вобласьць, зь невядомых прычынаў праца ня ўбачыла сьвет). Складальнік «Каталёгу калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы і ў камэнтарыях выказаў свае погляды па пытаньнях беларускай і польскай гісторыі.
Сабраў унікальную бібліятэку, якая налічвала больш за 5000 рукапісаў і кніг, прысьвечаных галоўным чынам гісторыі ВКЛ. Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газэтай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І. Агрызка.
Увосень 1862 захварэў на сухоты, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні, дзе і памёр.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads