Гомель (хакейны клюб)

беларускі хакейны клюб From Wikipedia, the free encyclopedia

Гомель (хакейны клюб)
Remove ads

«Гомель» — беларускі хакейны клюб з аднайменнага гораду, які выступае ў беларускай Экстралізе. Чэмпіён Беларусі 2003 году і шматразовы ўладальнік Кубка Беларусі. Двойчы «Гомель» дасягаў фіналаў Кантынэнтальнага кубка, але кожным разам трафэй камандзе не скараўся.

Хуткія факты Заснаваны, Адкуль ...
Remove ads

Гісторыя

Па заканчэньні будаўніцтва лядовага палацу ў Гомлі напрыканцы жніўня 2000 году на загад Гомельскага абласнога выканаўчага камітэту быў створаны хакейны клюб. Фінансаваньне каманды ўзяло на сябе прадпрыемства Гомельтранснафта Дружба. Першым трэнэрам каманды быў прызначаны Яўген Лебедзеў, а лідэрам і капітанам каманды стаў Андрэй Андрыеўскі.

Першыя посьпехі

Thumb
Фасад Гомельскага лядовага палацу.

У дэбютным сэзоне чэмпіянату Беларусі дружына заняла чацьвертае месца. У гэты ж час «рысі» бралі ўдзел у розыгрышы Ўсходне-эўрапейскай хакейнай лізе (УЭХЗ), дзе фінішавалі на 5 месцы ў рэгулярным сэзоне, але прагулялі ў чвэрцьфінале кіеўскаму «Беркуту». Клюб заняў першы радок у сваёй падгрупе, але ў паўфінале плэй-оф саступіў «Хімвалакно». А ў розыгрышы УЭХЗ у гэты ж час «Гомель» здабыў срэбны мэдаль. Пасьля сэзону ў 2002 годзе расейскі трэнэр Уладзімер Сініцын, які ачольваў тое самае «Хімвалакно», перайшоў на працу галоўнага трэнэра «Гомля». Поруч з трэнэрам з Магілёва пераехаў Ягор Летаў. Яшчэ да шэрагаў каманды далучыўся знаны нападнік Аляксей Страхаў.

11 жніўня 2002 году ў фінале Кубка Беларусі «Гомель» саступіў менскаму «Кераміну», зь лікам 3:2. У новым сэзоне 2002—2003 гадоў гомельскі калектыў быў няспынны. Пачаўшы ў верасьні, «Гомель» здабываў перамогу за перамогай ажно да 7 сьнежня, калі на хатняй пляцоўцы прагуляў «Кераміну» зь лікам 1:4. У гэтыя часы матчы паміж камандамі, які бралі ўдзел і ў чэмпіянаце Беларусі і ў УЭХЗ залічваліся адначасова ў абодва турніры. У выніку «Гомель» быў сярод лідэраў як айчыннага першынства, гэтак і міжнароднай лігі. У паўзу паміж рэгулярным сэзонам чэмпіянату Беларусі і раўндам плэй-оф, «рысі» здабылі Кубак Беларусі, дзе ў фінальным двубоі перамаглі «Керамін». У гэты ж час каманда фінішавала другой у УЭХЗ. У плэй-оф беларускага першынства «Гомель» безь перашкодаў перамог гарадзенскі «Нёман», дакрочыўшы да фіналу, дзе дружыну чакаў добра знаёмы сталічны «Керамін». Не зважаючы на зацятасьць абодвух клюбаў, перамогу ў сэрыі зь лікам 3:0 здабыў «Гомель», на трэці год існаваньня прыдбаўшы тытул чэмпіёна краіны[1]. У сэзоне 2003—2004 гадоў гамельчукі былі сярод лідэраў, як беларускага першынства, гэтак і УЭХЗ. У студзені 2004 году «Гомель» прымаў на хатняй арэне фінальны этап Кантынэнтальнага кубка, дзе перагуляў спачатку францускі «Руан», а потым швайцарскае «Люгана». Фінал кубка ладзіўся таксама ў Гомлі, але гаспадары атрымалі паразу ад славацкага «Словану» зь лікам 2:6[2]. Другое месца гомельскія хакеісты занялі ў УЭХЗ. У чэмпіянаце краіны «Гомель» у паўфінале быў выбіты менскім «Юнацтвам», але здабыў па сканчэньні айчыннага першынства кубак краіны.

Пагаршэньне вынікаў

Пасьля ліквідацыі УЭХЗ пашырыўся і чэмпіянат Беларусі, у выніку «Гомель» фінішаваў на 6 месцы, што дазволіла узяць удзел у плэй-оф. У чвэрцьфінале гамельчукі ў зацятай барацьбе прагулялі кіеўскаму «Сокалу». З часам «Гомель» губляў лідэраў, як то Паўла Мікульчыка, Вадзіма Бекбулатава, Аляксея Страхава і Аляксандра Аляксеева. Тым ня менш зьяўляліся і новыя лідэры, як то Аляксандар Макрыцкі і Сяргей Стась. Адзін сэзон у камандзе адгуляў дасьведчаны Максім Слыш, але пасьля далучыўся да сталічнага «Кераміна». Аднак, вынікі пагоршыліся. «Гомель» сканчваў сэзон у сярэдзіне табліцы, але выбываў у чвэрцьфінале. Але ў 2007 годзе «Гомель» здабыў Кубак Беларусі, выгуляўшы «Керамін»[3]. У 2008 годзе каманда нават ня трапіла ў плэй-оф, скончыўшы турнір на 9 месцы.

Андрыеўскі і Скабелка

Ратаваць каманду быў запрошаны трэнэр Аляксандар Андрыўскі, які яшчэ нядаўна гуляў у клюбнай кашулі. «Гомель» перарадзіўся, скончыўшы рэгулярны сэзон на другім месцы. У плэй-оф каманда перакрочыла «Нёман» і «Мэталюрг», але ў фінале саступіла «Юнацтву». Той сэзон атрымаўся такім пасьпяховым дзякуючы брамніку Ігару Брыкуну. Таксама вылучаліся абаронцы Ўладзімер Копаць і Іван Вусенка[4]. Была цікавасьць клюбу да ўдзелу ў КХЛ, але перамовы анічым ня скончыліся, і клюб застаўся ў Экстралізе[5].

Thumb
Андрэй Скабелка чатыры гады працаваў галоўным трэнэрам клюбу.

У міжсэзоньне да шыхтаў клюбу далучыўся Аляксандар Жыдкіх. З клюбу сышоў Андрыеўскі, які далучыўся да менскага «Дынама», а новым галоўным трэнэрам стаў ягоны асыстэнт Андрэй Скабелка. Тым ня менш каманда амаль не пагоршыла вынікаў, дакрочыўшы да паўфіналу. Наступны сэзон стаў горшым за леташні, каманда вылецела яшчэ ў чвэрцьфінале. Брамнік Ігар Брыкун распавядаў, што з Скабелкам пагоршчыўся мікраклімат у дружыне[6]. Ягоныя словы пацьвярджаў абаронца Іван Вусенка[7]. Праз бачны канфлікт у камандзе заўзятары «Гомлю» накіравалі адкрыты ліст дырэктару клюбу з просьбай звольніць галоўнага трэнэра[8]. Яшчэ падчас сэзону Брыкун перабраўся ў «Нёман», а адразу па сэзоне «Гомель» узмацніўся брамнікам Пасі Хякінэнам, абаронцамі Атварсам Трыбунцаўсам і Аляксеем Дзяніскінім. Таксама да клюбу далучыліся нападнікі Арцём Сянькевіч і Міхаіл Стэфановіч. У выніку «Гомель» быў трэцім у рэгулярным сэзоне, а ў плэй-оф быў выбіты «Нёманам» у паўфінале. Па сканчэньні сэзону Хякінэн быў абраны найлепшым хакеістам клюбу[9], але ўлетку ён сышоў у чэмпіянат Нямеччыны[10]. Не зважаючы на тое, што былі чуткі аб пераходзе Скабелкі на працу ў менскае «Дынама», галоўны трэнэр застаўся з «рысямі». Каманда добра правяла Кубак Беларусі, здабыўшы трафэй, у фінальным матчы выгуляўшы дзейнага чэмпіёна жлобінскі «Мэталюрг». У лістападзе 2012 году «Гомель» на хатняй пляцоўцы выгуляў «Віцебск» з рэкордным лікам 16:1[11]. Клюб добра згуляў рэгулярны сэзон 2012—2013 гадоў, але нечакана ў чвэрцьфінале прагуляў менскаму «Юнацтву». У сакавіку 2013 году Скабелка сышоў з пасады галоўнага трэнэра[12].

Новы час

Клюб ачоліў Валеры Варонін, а склад каманды часткова зьмяніўся. У жніўні 2013 году да шыхтаў «рысяў» далучыўся Эдыйс Брахманіс, які ў найбліжэйшыя гады стаў лідэрам клюбу[13]. Наступныя чатыры гады гамельчукі сканчвалі сэзон у паўфінале Экстралігі. У канцы 2014 году Варонін сваю пасаду саступіў Аляксандру Палішчуку[14], які некаторы час выконваў абавязкі галоўнага трэнэра. Уже хутка галоўным трэнэрам быў прызначаны Аляксандар Андрыеўскі[15]. Улетку 2015 году галоўным трэнэрам быў прызначаны Андрэй Сідарэнка[16]. У чэрвені 2016 году з клюбу праз шмат гадоў сышоў Аляксандар Жыдкіх[17]. З другой паловы 2016 году трэнаваць каманду пачаў колішні хакеіст «Гомлю» Алег Хмыль. У 2017 годзе каманда здабыла чарговы Кубак Беларусі, але вынікаў у Экстралізе не было.

Сэзон 2018—2019 гадоў «Гомель» правёў з выключна беларусамі ў складзе, у першую чаргу празь фінансавыя чыньнікі[18][19]. Лідэрамі каманды сталі Яўген Саламонаў і Яўген Хузееў. У той сэзон клюб скончыў свае выступы ў чвэрцьфінале, сакрушальна прагуляўшы «Дынама-Маладэчна». У тым жа сэзон «Гомель» як пераможца кубак браў удзел у Кантынэнтальным кубку, дзе прабіўся ў фінальны этап. Аднак, з трыма паразамі заняў апошні чацьверты радок групы.

У летнюю паўзу 2019 году стала вядома, што частка гульцоў зьвярнуліся ў пракуратуру, бо «Гомель» не выконваў свае абавязкі ў сплаце заробкаў[20]. Пасаду галоўнага трэнэра заняў Сяргей Стась. Клюб страціў шмат гульцоў у міжсэзоньне, асабліва былі адчувальныя страты Яўгена Саламонава[21], Паўла Мусіенкі[22]. У кастрычніку да «рысяў» далучыўся нападнік Ігар Равенка[23]. Каманды была пятай у рэугулярным сэзоне і зноў саступіл ў чвэрцьфінале «Дынама-Маладэчна». «Гомель» страціў у паўзу двух расейскіх бамбардзіраў Юрыя Какшарава і Сяргея Топаля, але ўмацаваўся форвардам з маладэчанскай каманды Германам Несьцеравым[24]. Менавіта Несьцераў поруч зь Ігарам Равенка і Аляксандрам Скоранавым былі галоўнымі нападнікамі «рысяў» новага сэзону. «Гомель» скончыў сэзон на трэцім месьце, а ў плэй-оф нарэшце дакрочыў да фіналу, пераадолеўшы супраціў «Нёману» і «Шахцёру». У фінальнай сэрыі гамельчукі трывалі чатыры паразы і засталіся з срэбнымі мэдалямі. У міжсэзоньне каманда страціла Несьцерава[25] і Скоранава[26]. Тым ня менш дружына зноў была трэцяй у рэгулярным сэзоне, але прагуляла ў чвэрцьфінале «Нёману». У сэзоне 2022—2023 гадоў гамельчукі былі чацьвертымі, а ў плэй-оф саступілі ў чвэрцьфінале жлобінскаму «Мэталюргу». У траўні 2023 году Ігар Равенка далучыўся да «Юнацтва»[27], але ўлетку вярнуўся Герман Несьцераў[28].

Remove ads

Склад

Паводле стану на 5 лютага 2025 году

Больш інфармацыі Брамнікі, Абаронцы ...
Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads