Нёман Горадня (хакейны клюб)
беларускі хакейны клюб From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Нёман» — беларускі хакейны клюб з Горадні, выступае ў Беларускай экстралізе. Шматразовы чэмпіён і ўладальніка кубка Беларусі. Пераможна дэбютнага сэзону Ўсходне-эўрапейскай хакейнай лігі. Клюб быў першым беларускім прадстаўніком у Лізе чэмпіёнаў.
Remove ads
Гісторыя
Пачатак
Першыя згадкі пра хакей на лёдзе ў Горадні адсылаюць да 1930 году. У той час каманды гораду спаборнічалі толькі паміж сабой, а іхны склад фармаваўся з працаўнікоў прамысловых аб’яданьняў. Па Другой сусьветнай вайне разьвіцьцё хакею ў рэгіёне замарудзілася на дзесяцігодзьдзі. Напачатку 1980-х гадоў у месьце паўстала першая прафэсійная каманда пад назовам КБМ (Камбінат будаўнічых матэрыялаў). Увесну 1983 году яна ўпершыню прабілася да найвышэйшай лігі БССР, дзе стала займала месцы ў першай палове турнірнай табліцы[2]. У 1986 годзе каманда была пераназваная ў ШНСМ (Школа найвышэйшага спартовага майстэрства), пры гэтым шмат ейных гульцоў таксама адначасна абаранялі колеры менскага клюбу СКІФ ШНС зь Менску ў другім савецкім дывізіёне. У 1988 годзе клюбы аб’ядналіся ўтварыўшы гарадзенскі клюб «Прагрэс», што лічыцца часам адліку афіцыйнай гісторыі клюбу. Пасьля двух некалькіх сэзонаў у другім дывізіёне чэмпіянату СССР каманда атрымала сучасны назоў «Нёман»[2].
Посьпехі і няўдачы

У 1990-я гады каманда брала ўдзел ня толькі ў наваствораным чэмпіянаце Беларусі, але таксама ў шэрагу міжнародных турніраў. У першым сэзоне айчыннага першынства «Нёман» здабыў срэбныя мэдалі, прапусьціўшы наперад сталічнае «Цівалі». У гэты ж час у розыгрышы Найвышэйшай лігі Расеі ў Заходняй канфэрэнцыі беларусы фінішавалі на першым радку. У наступным сэзоне 1994 году гарадзенцы бралі ўдзел толькі ў чэмпіянаце Беларусі, дзе паўтарылі леташні посьпех, фінішаваўшы другімі. У сэзоне 1994—1995 гадоў колькасьць удзельнікаў павялічылася да шасьці, але агульная колькасьць матчаў скарацілася. «Нёман» скончыў на трэцім радку, пяць разоў здабываючы перамогі і столькі ж разоў паразы. У тым жа сэзон гарадзенцы ўжо ў апошні раз бралі ўдзел у Найвышэйшай лізе Расеі. У сэзоне 1995—1996 гадоў чэмпіянат Беларусі, які праходзіў ва ўсечаным фармаце з чатырма ўдзельнікамі, «Нёман» заняў трэці радок. Крыху раней «нёманцы» здабылі свой першы трафэй, стаўшы чэмпіёнамі дэбютнага розыгрышу Усходне-эўрапейскай хакейнай лігі (УЭХЛ)[2]. У фінальным этапе гарадзенцы былі мацнейшымі за рыскі «Юніярс», наваполацкі «Палімір» і жлобінскі «Мэталюрг». Галоўным трэнэрам на той час быў Анатоль Варывончык, які ачольваў дружыну яшчэ з 1989 году. Клюб на далейшыя гады быў адным зь лідэраў як беларускай Экстралігі, гэтак і УЭХЛ. Ключавымі хакеістамі таго часу былі Алег Малашкевіч, Аляксандар Пстыга і Сяргей Галавінаў. У 1998 годзе «Нёман» упершыню перамог у чэмпіянаце Беларусі і ў тым жа годзе фінішаваў другім у УЭХЛ, саступіўшы кіеўскаму «Сокалу». Праз год гарадзенцы зноў былі першымі ў айчынным першынстве, і зноў «Сокал» перашкодзіў на шляху трафэю УЭХЛ. Гэтым разам арганізатары вярнулі стадыю плэй-оф, і зь цяжкасьцю пераадолеўшы ў паўфінале супраціў латыскага «Мэталюрга», гарадзенцы ў трох фінальных гульнях зьведалі паразы ад кіеўлянаў. У тым сэзоне колеры клюбу абараняў малады Вячаслаў Лісічкін, які пазьней будзе галоўнай зоркай каманды на працягу доўгіх гадоў.

У 2001 годзе «Нёман» яшчэ раз стаў чэмпіёнам Беларусі, але пасьля сыходу Малашкевіча вынікі пагоршыліся. Па чэмпіёнстве ў Экстралізе зьявіўся турнір плэй-оф, куды каманда ўсё ж такі прасоўвалася, але сканчвала выступы на зараньніх этапах. У сэзоне 2004—2005 гадоў «Нёман», скончыўшы рэгулярны сэзон на 10 месцы, нават не трапіў у плэй-оф. Пагатоў, гэта быў сэзон вяртаньня да шэрагаў каманды Малашкевіча. Пачаўся час заняпаду каманды. Прабудэньне выпала чакаць досыць доўга, толькі з 2010 годзе рушылі добрыя вынікі. Гэта стала магчымым дзякуючы ўласнай хакейнай школе, зь якой выпусьціліся і пасьпелі адужэць у клюбе абаронцы Андрэй Каршуноў, Алег Гарошка ды нападнікі Павал Баярчук, Арцём Кіслы, браты Аляксандар і Сяргей Маляўкі. Таксама шлях да посьпеху быў забясьпечаны выдатнай сэлекцыяйнай працай, як то былі запрошаныя эстонец Андрэй Макроў, чэхаў Яраслаў Крыстэк ды брамнік Ігар Брыкун[2]. «Нёман» двойчы запар дакрочыў да другога месца ў Экстралізе, спачатку ў 2011 годзе саступіўшы «Юнацтву», а потым у 2012 годзе — жлобінскаму «Мэталюргу». У сэзоне 2012—2013 гадоў гарадзенцы былі трэцімі ў рэгулярным сэзоне, але спыніць у плэй-оф каманду ўжо аніхто ня быў здольны. За ўсе матчы вырашальнага этапу «нёманцы» прагулялі толькі адну гульню салігорскаму «Шахцёру», а ў фінале чатыры разы запар перамаглі «Мэталюрг», прапусьціўшы ад жлобінцах у гэтых сустрэчах усяго чатыры шайбы. Сапраўдным адкрыцьцём для гарадзенцаў стаў Макроў, які стаў найлепшым бамбардзірам як рэгулярнага сэзону, гэтак і турніру плэй-оф. У наступным сэзоне эстонца выдатна замяніў украінец Віктар Андрушчанка[2], які поруч з Крыстэкам, Баярчуком і Лісічкінам быў адным з галоўных нападнікаў каманды. Клюб быў першым паводле вынікаў рэгулярнага сэзону, а ў плэй-оф, перакрочыўшы «Берасьце» і «Мэталюрг», выгуляў «Юнацтва» з агульным зь лікам 4:2 у сэрыі. У жніўні 2014 году каманда здабыла свой першы Кубак Беларусі.
Вяртаньне да міжнародных стартаў

Дзякуючы перамозе ў айчынным першынстве, «Нёман» атрымаў права згуляць у Кантынэнтальным кубку. Гарадзенцы ў лістападзе выправіліся ў Францыі дзеля ўдзелу ў трэцім раўндзе кубка. Не зважаючы на паразу ў дэбютным матчы супраць брытанскага клюбу «Бэлфаст Джаянтс», астатнія дзьве гульні скончыліся на карысьць беларусаў, што дазволіла прасунуцца ў фінальны раўнд. Супэрфінал ладзіўся ў нямецкім Брэмэргафэне з 9 па 11 студзеня 2015 году. Перагуляўшы францускі «Анжэ» (5:0) і нямецкі «Фіштаўн» (6:2) гульца заўчасна здабылі перамогу ў кубку[2]. Андрэй Каршуноў быў абраны найкаштоўнейшым абаронцам турніру, бо зарабіў восем пунктаў у трох матчах[2]. Гэтая перамогу адкрыла шлях да Лігі чэмпіёнаў. Такім чынам, «Нёман» стаў першым беларускім клюбам, які быў запрошаны да ўдзелу ў турніры. Гарадзенцы трапілі ў адну групу зь нямецкім «Адлерам» і чэскімі «Віткавіцамі». У чатырох матчах беларусы толькі ў хатняй сустрэчы з чэскім клюбам здолелі перамагчы, але пазасталыя матчы прагулялі. У Экстралізе каманда крыху пагоршчыла вынікі, двойчы спыняючыся ў паўфіналах. Толькі ў сэзоне 2016—2017 гадоў «нёманцы» прабіліся ў фінал, дзе пераканаўча перамаглі «Юнацтву» ўва ўсіх чатырох матчах сэрыі. Зоркамі «Нёману» таго часу былі брамнік Віталь Трус, а таксама палявыя гульцы паляк Гжэгаж Пасют, фін Янэ Лааканэн, расеец Сяргей Дарафееў ды беларусы Арцём Кіслы, Павал Баярчук, Аляксей Бадун, Віталь Марчанка ды іншыя. Гарадзенцы зноўку гулялі ў Лізе чэмпіёнаў, дзе занялі ў сваёй групе трэці радок, апярэдзіўшы клюб «Вена Кэпіталз». Па вылеце з эўракубкаў каманда здолела палепшыць вынікі ў Экстралізе. У другім этапе дружына ачоліла табліцу, а ў плэй-оф прасунулася праз усе раўнды і здабыла перамогу ў фінале над «Юнацтвам».
Пагаршэньне вынікаў
У міжсэзонны час «Нёман» страціў шмат гульцоў, у тым ліку і лідэраў каманды. У гэты ж час праходзіла перабудова структуры клюбу, а новым генэральным дырэктарам быў прызначаны Сяргей Кавальчук[3]. Сваё месца захаваў галоўны трэнэр Сяргей Пушкоў. Каманда здабыла свой чарговы Кубак Беларусі, але ў Лізе чэмпіёнаў і чэмпіянаце Беларусі справы ішлі нядобра[4]. «Нёман» заняў апошні чацьверты радок у сваёй групе эўратурніру, апасьля здолелі выправіць становішча ў Экстралізе. У чвэрцьфінале плэй-оф гарадзенцы лёгка разабраліся зь «Лідай», а ў паўфінале пазмагаліся з «Шахцёрам». Не зважаючы на тое, што «гарнякі» двойчы перамаглі «Нёман» у Гародні, «нёманцы» здабылі тры перамогі запар апасьля. Абмяняўшыся перамогамі ў наступных матчах, «Нёман» прасунуўся ў фінал. Гэтым разам перамогу ў Экстралізе сьвяткавалі гульцы «Юнацтва». У сэзоне 2019—2020 гадоў «Нёман» няблага згуляў у рэгулярным сэзоне, але ў паўфінале плэй-оф саступіў «Шахцёр» з агульным зь лікам у сэрыі 3:4. У лютым 2020 году стала вядома, што «Нёман» парушае рэглямэнт чэмпіянату празь перавышэньне столі заробкаў[5][6][7]. У выніку клюб быў пакараны штрафам[8].
У 2020 годзе «Нёман» начакана атрымаў мажлівасьць узяць удзел у Лізе чэмпіёнаў праз адмову славацкага клюба «Банская Быстрыца». Праз пандэмію каранавірусам фармат быў зьменены на алімпійскі, і гарадзенцы паводле лёсаваньня мусілі згуляць супраць швэдзкай «Фрэлюнды». У выніку турнір быў адменены. «Нёман» тым часам няўдала пачаў беларускае першынство, зьведаўшы тры паразы на пачатку ад «Дынама-Маладэчна», «Шахцёра» ды «Юнацтва». Увесь сэзон атрымаўся благім. Яшчэ ў кастрычніку быў звольнены галоўным трэнэр Сяргей Пушкоў[9]. Ягоны наступнік Андрэй Сідарэнка ня здолеў падналадзіць гульню каманды, у выніку «Нёман» скончыў рэгулярны сэзона на шостым месцы. У плэй-оф гарадзенцы саступілі ў чвэрцьфінале «Гомлю». Найлепшым бамбардзірам каманды таго сэзону быў паляк Крыстыян Дзюбінскі, які адразу вярнуўся на радзіму да асьвенцімскай «Уніі»[10]. Сэзон 2021—2022 гадоў таксама быў беспасьпяховы, бо каманда фінішавала шостай у рэгулярным сэзоне і ў паўфінале саступіла «Юнацтву». Яшчэ ў кастрычніку быў звольнены Сідарэнка[11], пры ім каманда нават апускалася на 10 радок. Да сканчэньня сэзону абавязкі галоўнага трэнэра выконваў Андрэй Каршуноў. У канцы красавіку 2022 году на пасаду быў прызначаны Яўген Летаў[12]. З новым спэцыялістам «Нёман» здолеў зьмяніць трэнд. Гарадзенцы пракрочылі ў фінал плэй-оф, але ў зацятай барацьбе саступілі жлобінскаму «Мэталюргу».
Remove ads
Склад
Паводле стану на 26 верасьня 2025 году
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads