Дом Уніхоўскага
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дом Уніхо́ўскага — колішні даходны дом у стылі мадэрн у Менску, які месьціцца на плошчы Незалежнасьці па адрасе вул. Савецкая, 19. Выкарыстоўваецца пад адміністрацыйныя ўстановы. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[1].
Даходны дом | |
Дом Уніхоўскага | |
![]() | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Адрас | вул. Савецкая, 19 |
Каардынаты | 53°53′48.05″ пн. ш. 27°32′56.71″ у. д. |
Архітэктурны стыль | мадэрн |
Аўтар праекту | Генрык Гай |
Дата заснаваньня | XX стагодзьдзе |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Дом Уніхоўскага на мапе Беларусі ![]() ![]() Дом Уніхоўскага | |
![]() |
Remove ads
Гісторыя
Стары адрас — Захар’еская 33/4 на скрыжаваньні з вуліцай Каломенскай. Да 1912 году — дом № 35[2].
Даходны дом Людвіга Ўніхоўскага быў пабудаваны ў пачатку XX ст. па праекце Генрыка Гая. Частка памяшканьняў здавалася пад кватэры. Да 1915 году на першым паверсе месьціўся прыёмны кабінэт зубнога лекара Анэкштэйна Ю. А., да 1921 — прыёмны кабінэт Анэкштэйн Х. Ш.-М. З 1908 году — бакалейная лаўка Гірыса Эльяша Абрамавіча. З 1910 — аптэкарская крама Левіна Арона Якаўлевіча.
У 1920 годзе ўласьнікі выехалі за мяжу. З восені 1920 году ў будынку месьціцца штаб Чырвонага паветранага флёту. У 1920—1924 у будынку месьцяцца Менская павятовая міліцыя й Галоўнае ўпраўленьне міліцыі з амаль усімі ейнымі аддзяленьнямі, Цэнтрвышук. У 1921 годзе маёмасьць нацыяналізаваная. У 1922 уласьнік — гарадзкі жыльлёвы пададдзел аддзелу камунальнай гаспадаркі Менскага акруговага выканаўчага камітэту. У 1926 годзе тут месьціцца кабінэт намесьніка наркама нутраных спраў Хацкевіча Аляксандра Ісакавіча. У 1925 г. будынак і ягоныя флігелі (драўляны аднапавярховы і каменны двухпавярховы), што меліся ў распараджэнні праўлення Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі былі перададзеныя БДУ. У 1926 – 1929 гг. у доме размяшчаліся: праўленьне, канцылярыя, кабінет намесьніка рэктара (Самуіла Слоніма), а ў флігелях жылі тэхнічныя работнікі унівэрсытэта. Непадалёк ад будынка знаходзіўся сад (яблыні, грушы, слівы, ягады), які належаў БДУ. На 1926 год дом падзелены на 5 кватэраў і памяшканьні праўленьня БДУ.
Тут жылі прадстаўнікі савецкай інтэлігенцыі[3]. У 1928 тут жыў хірург, навуковец і выкладчык Савелій Рубашоў[4]. У 1928—1929 тут жыў беларускі палітычны дзяяч, публіцыст і пэдагог Іван Краскоўскі. У 1935—1938 гадах у доме жыў беларускі паэт і літаратуразнаўца Іван Замоцін[4]. У 1938 годзе тут жыў беларускі тэрапэўт і грамадзкі дзяяч Сяргей Мелкіх[4]. У 1937—1938 тут жыве анатам і доктар мэдыцынскіх навук Давыд Голуб[5].
У гэтым доме жыў вядомы беларускі дырыжор і фальклярыст Рыгор Шырма.
У жніўні 2006 году была адноўленая вуглавая вежа, якая была зьнішчаная ў пачатку 1980-х падчас рэканструкцыі жылога дому пад адміністрацыйны будынак[6]. Цяпер у доме месьціцца камітэт архітэктуры й горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму[3].
Remove ads
Архітэктура
Дом Уніхоўскага і дом Абрампольскага злучаныя паміж сабой тарцамі і ўтвараюць адзіны фронт забудовы.
Даходны дом уяўляе сабой прастакутны ў пляне чатырохпавярховы будынак са зрэзаным усходнім вуглом. Сьцены галоўнага фасаду на першым і трэцім паверхах прарэзаныя прастакутнымі, на другім — паўцыркульнымі вокнамі, чацьверты паверх аддзелены карнізам. Лучковыя аконныя праёмы чацьвертага паверху флянкіраваныя пілястрамі і завершаныя сандрыкамі. Плястыку фасаду ўзбагачаюць сымэтрычна разьмешчаныя балькончыкі з узорыстай агароджай (чыгуннае ліцьцё). На фасадзе будынка таксама зьмешчаны фамільны герб Уніхоўскіх, «Астоя». Шырокая лесьвічная клетка вылучаная на фасадзе пілястрамі, ляпнымі дэталямі, лучковым праёмам чацьвертага паверху, абапал якога месьцяцца дэкаратыўныя вазы на пастамэнтах. Прастакутны ўваходны партал вырашаны дзьвюма шырокімі пілястрамі, злучанымі дэкаратыўнай лучковай аркай. Дваровы фасад вырашаны ў ляканічных формах, без дэкору. Пляніроўка будынка зьмененая.
Remove ads
Блытаніна ў прыналежнасьці
Часам у публікацыях СМІ дом называюць домам Умінскага[6][7]. Хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку ёсьць гістарычная недакладнасьць. У Менску пражываў Антон Умінскі, але за ўдзел у паўстаньні 1863-1864 гадоў у 1866 годзе быў сасланы ў Сыбір з канфіскацыяй маёмасьці. Магчыма, даходны дом быў пабудаваны на месцы драўлянага, які і належаў Умінскаму да канфіскацыі[8].
Таксама блытаніна адбываецца праз падобнасьць фамільных гербоў Уніхоўскіх (Астоя) і Ўмінскіх (Халева). У гербе Астоя мячом разьдзеленыя 2 залатыя паўмесяцы, а ў гербе Халева жалезныя клямкі.
Праз злучнасьць з домам Абрампольскага гэты дом памылкова называюць Першым Домам Саветаў[9].
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads