Альгерд Е321
беларускі нізкападлогавы электробус From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Альгерд Е321» — беларускі нізкападлогавы электробус, які «Белкамунмаш» пачаў вырабляць у 2019 годзе.
Кузаў выраблялі з канструкцыйнай або нержавейнай сталі. У прывадзе выкарыстоўвалі асобна ўсталяваны цягавы электрарухавік або электрапартальныя масты. Салён зьмяшчаў 30 месцаў для сядзеньня і 2 месцы для калясак. Без задняга адсека мог зьмяшчаць 35 сядзеньняў[1].
Remove ads
Мінуўшчына
15 траўня 2018 году «Белкамунмаш» заключыў угоду на пастаўку «Менсктрансу» 60 электробусаў да траўня 2019 году, сярод якіх было 32 электробусы «Е321» вялікай зьмяшчальнасьці[2]. 29 студзеня 2019 году «Белкамунмаш» прадставіў электробус «Е321» на аснове кузава найбольш масавага тралейбуса «АКСМ-321». «Е321» меў супэркандэнсатар, які падсілкоўвалі з дапамогай высоўнага пантографа ад зараднай станцыі на канцавых прыпынках. Звонку электробус меў фальшбарты па пэрымэтры даху. У салёне сядзеньні былі як у электробуса «Вітаўт Макс Электра». У сьценку электрашафы ззаду кабіны кіроўцы ўбудавалі манітор для вываду зьвестак пра маршрут. Салён зьмяшчаў 83 месцы, у тым ліку 26 сядзячых, 56 стаячых і месца для інваліднай каляскі. «Е321» важыў 12,7 тоны. Супэркандэнсатар дазваляў праехаць 30 км на адным зарадзе. Зарадка займала да 8 хвілінаў[3].
15 сакавіка 2019 году «Белкамунмаш» паставіў «Менсктрансу» першы з 32-х электробусаў «Е321» вагой 12,3 тоны[4][5]. Да чэрвеня паставілі ўсе 32 электробусы. 4 кастрычніка 2019 году на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры прадставілі «Е321» зь лягчэйшым кузавам на 105 пасажыраў, у тым ліку з 30 месцамі для сядзеньня. Тым часам, на заводзе ўжо зьбіралі прызначаны для начной зарадкі «Е321» зь літ-іённай батарэяй на 200 км язды[6]. У студзені 2021 году «Менсктранс» папоўніў аўтапарк яшчэ 7-ю электробусамі «Е321»[7]. За 2021 год даставілі 11 такіх электробусаў з запасам ходу на 50 км[8]. Расцэнка за 1 км прабегу электробуса «Е321» у Транспартным парку № 1 «Менсктрансу» складала 35 капеек (11 цэнтаў), а за 1 гадзіну зь кіроўцам 44,63 рублі (13,95 даляраў)[9].

28—30 ліпеня 2022 году электробус упершыню прадставілі ў Расеі на «Беларускай выставе» ў Грозным (Чачня)[10]. 18—20 траўня 2023 году «Е321» паказалі ў Казахстане на выставе «Аўтобусны сьвет Сярэдняй Азіі» ў Астане[11]. 25—27 верасьня «Альгерд Е321» паўторна прадставілі ў Астане на Міжнароднай прамысловай выставе «Іншапрам Казахстану», дзе ў электробусе адзначылі 80 % вузлоў мясцовай вытворчасьці[12]. Пры гэтым уся электроніка была беларускай вытворчасьці[13]. «Белкамунмаш» сам вырабляў вузлы кіраваньня, пантограф, гідрастанцыю, ператваральнікі, цягавы прывад і батарэю. Зарадка накапляльніка ад 20 да 90 % пры току на 450 ампэр займала да 25 хвілінаў. Сярод 86 месцаў 30 былі сядзячымі. Зімовы прабег на адным зарадзе складаў 70 км. Поўная вага дасягала 18 тонаў пры даўжыні 12,5 м. Электробус абсталявалі прыладамі нагляду за ціскам у шынах і ўліку пасажыраплыні, відэаназіраньня і навігацыі, а таксама мультымэдыйнай і супрацьблякавальнай сыстэмамі. Таксама пасажырам надалі доступ да Сеціва праз Вай-фай і зарадку смартфонаў праз унівэрсальную пасьлядоўную шыну (УПШ)[14].
27 сакавіка 2024 году ў Шклоўскую філію «Магілёўаблаўтатрансу» даставілі 15 электробусаў «Альгерд Е321», якімі замянілі ўвесь пасажырскі грамадзкі транспарт на дызэльным ходзе ў горадзе. У выніку Шклоў стаў першым горадам у Беларусі, які цалкам перайшоў на грамадзкі электратранспарт. Кожны электробус мог перавозіць да 67 чалавек, у тым ліку 31 седзячы. У салёне было 2 месцы для каляскі і кнопка выкліку кіроўцы. Запас ходу ад адной зарадкі складаў 200 км. Пры гэтым зь Менску ў Шклоў на адлегласьць 220 км электробусы даставілі сваім ходам у ашчадным рэжыме за 50 % зараду батарэі. Электробусы прызначаліся для 3-х гарадзкіх і 19 прыгарадных маршрутаў у Шклоўскім раёне[15]. Маршрутапаказальнікі мелі падагрэў зоны шкла. Згодна з Пастановай Ўраду Беларусі 2023 году № 505, для абслугоўваньня электробусаў у раёне ўсталявалі зарадныя станцыі сумарнай магутнасьцю 1400 кіляват[16]. Поўны зарад батарэі займаў да 6 гадзінаў. 15 траўня кіраўнік «Белкамунмашу» Тарас Мурог адзначыў, што праект пераводу Шклова на электратранспарт каштаваў 23 млн беларускіх рублёў (7,2 млн даляраў)[17].
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads