Капліца Сьвятой Тройцы (Люблін)

From Wikipedia, the free encyclopedia

Капліца Сьвятой Тройцы (Люблін)
Remove ads

Каплі́ца Сьвято́й Тро́йцы (па-польску: Kaplica Trójcy Świętej) — каталіцкая капліца на дзядзінцы Люблінскага замку. Росьпісы капліцы — унікальны помнік манумэнтальнага мастацтва Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, адзіны захаваны зь некалькіх бізантыйска-рускіх росьпісаў, створаных па загаду Ягайлы ў пачатку XV стагодзьдзя. Замкавая капліца ў Любліне ўключана ў сьпіс Эўрапейскай культурнай спадчыны. У 2011 годзе часопіс National Geographic назваў яе адным зь сямі цудаў Польшчы.

Капліца
Капліца Сьвятой Тройцы
Kaplica Trójcy Świętej
Thumb
КраінаПольшча
ГорадЛюблін
Каардынаты51°15′01″ пн. ш. 22°34′23″ у. д.
Канфэсіякаталіцтва
Тып будынкакапліца
Архітэктурны стыльготыка, рэнэсанс
Першае згадваньнеXIV стагодзьдзе
Статуснерухомая славутасьць[d]
Капліца Сьвятой Тройцы на мапе Польшчы
Thumb
Капліца Сьвятой Тройцы
Капліца Сьвятой Тройцы
Капліца Сьвятой Тройцы на Вікісховішчы

Remove ads

Гісторыя

Капліца была пабудавана як замкавы касьцёл, верагодна, да 1327 году, бо ў гэтым годзе яна ўжо была часткай замку. У XIV стагодзьдзі была аднаяруснай пабудовай з крыптай (прызначалася для пахаваньняў). Мела квадратны нэф, да якога далучаны простакутны прэсьбітэрый з трохграннай апсыдай.

У 1407 годзе на загад Ягайлы перабудавана ў гатычным стылі як двухярусны касьцёл. У тым жа годзе сябра гарадзкой рады Любліну заплаціў велізарную на той час суму ў дзевяць мераў срэбра за работы ў капліцы. Капліцу расьпісвалі некалькі майстроў, якімі кіраваў, як сьведчыць кцітарскі вопіс, вопытны майстар Андрэй, які доўгі час працаваў пры двары Ягайлы і быў знаёмы ня толькі зь бізантыйскім, але і з заходнеэўрапейскім мастацтвам. Праца над росьпісам была скончана 10 жніўня 1418 году, у дзень Сьвятога Ляўрэнція[1]. У іншых надпісах успамінаюцца таксама майстры Кірыла і Юшка.

Thumb
Напаўзруйнаваны Люблінскі замак, Л. Урмоўскі, 1810

У выніку шматлікіх ваенных дзеяньняў Люблінскі замак быў часткова разбураны. У пачатку XIX стагодзьдзя касьцёл ператвораны ў турэмную капліцу, пры гэтым звонку і ўнутры ён быў атынкаваны.

У 1899 годзе росьпісы пад пластом вапнавай тынкоўкі былі выпадкова выяўлены мастаком Юзафам Смалінскім. На загад Мікалая II Імпэратарскай Археалягічнай камісіяй пачаліся работы па іх аднаўленьні і рэстаўрацыі.

З прычыны працяглага пэрыяду ваенных дзеяньняў і рэвалюцыяў аднаўленчыя і рэстаўрацыйныя работы зацягнуліся на цэлае стагодзьдзе да 1997 г., хоць пласты тынкоўкі былі зьняты і нават частковая рэстаўрацыя росьпісаў была праведзена яшчэ ў 1923 годзе. Падмуркі капліцы ўмацаваны бэтонам, а скляпеньні — стальнымі канструкцыямі і вуглевалакном.

Remove ads

Архітэктура

Thumb
Плян капліцы

Капліца ўяўляе сабой аднаапсыднае збудаваньне, у цэнтры якога ўзвышаецца гранёны слуп, які падтрымлівае гатычныя зорчатыя нэрвюрныя скляпеньні[1]. Звонку касьцёл умацаваны контрфорсамі. Мае стромкі двухсхільны дах, які абапіраўся на прыступкавыя франтоны, перабудаваныя ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя, калі быў узьведзены шчыт у стылі люблінскага рэнэсансу. Уваход аформлены рэнэсансным парталам XVI стагодзьдзя.

Remove ads

Фрэскі

Thumb
Інтэр'ер капліцы

Плоскасьці сьценаў асноўнага аб’ёму храма, апсыды, слупа-апоры, нэрвюрныя гатычныя скляпеньні расьпісаны сюжэтнымі кампазыцыямі і арнамэнтальнымі матывамі. І кампазыцыя, і каляровае рашэньне фрэскавага цыклю амаль цалкам захаваліся да нашых дзён. Польскія навукоўцы, дасьледчыкі гэтых фрэсак, пацьвярджаюць, што моўныя асаблівасьці тэхнікі і стылю росьпісаў сьведчаць пра паходжаьньне майстра зь Беларусі[1][2].

Thumb
Роспісы алтарнай часткі

Для фрэскавага росьпісу выкарыстаны біблейскія і эвангельскія сюжэты, шырокае адлюстраваньне атрымалі вобразы сьвятых і прарокаў. Паасобныя сцэны ў асноўным разьмешчаны, як і ў бізантыйска-рускіх храмах, але заўважаюцца і адрозьненьні. Так, у цэнтры апсыды намаляваны «Страсьці Хрыстовы», а традыцыйная для гэтага месца «Эўхарыстыя» перанесена на паўночна-ўсходнюю частку апсыды; адсутнічае кампазыцыя «Страшнага суду», якая адпаведна канону павінна займаць заходнюю сьцяну. Прыкладна такая ж творчая трактоўка кананічнай сыстэмы росьпісаў заўважаецца і ў раньніх беларускіх фрэскавых цыклях, напрыклад у Бельчыцкім Барысаглебскім манастыры XII ст. каля Полацку. Гэта ж зьява адзначана і ў фрэскавым цыкле наўгародзкай царквы Фёдара Страцілата, пабудаванай у 1360—1361 гадох[1].

Сюжэты скампанаваны ў два-пяць ярусаў у выглядзе фрызаў, т.б. адзін над адным. Першы ніжні ярус уяўляе фрыз, які складаецца з платаў, што нагадваюць тканіну. Размаляваны ён карычнева-чырвонымі фарбамі зь цёмна-шэрымі вопісамі мякка задрапаваных складак. У апсыдзе фрыз з платаў аздоблены малюнкам у выглядзе ромбападобнымх фігураў, разьмешчаных у геамэтрычнай пасьлядоўнасьці.

Канты нэрвюрных скляпеньняў, арачныя сьцены, аконныя праёмы багата дэкараваны арнамэнтальнымі фрызамі, паяскамі. Дэкор складаецца з геамэтрычна пераплеценых ромбаў і расьліннага арнамэнту ў выглядзе лісьцяў гарлачыка і кветак[1].

Thumb
Пілят абмывае рукі

Многія сюжэты вельмі падобныя да мініятураў, як то Страсьці Хрыстовы: «Радуйся, цар Юдэйскі», «Бічаваньне», «Пілят абмывае рукі», «Эўхарыстыя», «Тайная вячэра». Майстар не пазьбягае рэзкіх высьвятленьняў, часам супастаўляе адкрыта цёмныя і сьветлавыя плямы, з дапамогай якіх выяўляе форму прадметаў, фігураў, прасторы. Энэргічна і ўпэўнена паўзьверх каранацыі пакладзены блікі[1].


Фрэскі ў прэсьбітэрыі захавалі сваю першапачатковую гаму чырвона-карчыневых, ружаватых, сіне-блакітных і зялёных колераў. Краявід і архітэктурныя кулісы дадзены ў цёплай вохрыста-карычневай гаме з чырвона-карчыневымі вопісамі. На твары па вахрэньню пакладзены цені з прабеламі і мазкамі. Графічны пачатак у фрэсках алтара выяўлены значна мацней, чым у астатніх фрэсках. Манэра выкананьня зьбліжае іх зь мініятурай[1].

Фрэскі паўночнай сьцяны, захоўваючы ў сваёй аснове тыя ж жывапісныя і стылістычныя прыёмы, усё ж некалькі адрозьніваюцца прынцыпамі пабудовы кампазыцыі. Тут ужо адчуваецца рука майстра іншай вывучкі. Архітэктурныя кулісы і краявід дадзены вельмі скупа, ляканічна[1].

Вялікая ўвага зьвернута на плястыку формаў і твараў, якія вызначаюцца маляўнічай лепкай. Сакавітыя энэргічная бялільныя блікі, пакладзеныя паверх зеленаватага вахрэньня, ствараюць форму, надаюць ёй рэльеф. Авал твараў страчвае вытанчанасьць, характэрную для бізантыйскага мастацтва, і набывае больш прастанародны характар (вялікія галовы, прыземістыя фігуры)[1].

Thumb
Роспісы алтарнай перагародкі
Thumb
Багародзіца на троне

Росьпісы алтарнай перагародкі блізкія фрэскам паўночнай сьцяны: тая ж нешматслоўнасьць у архітэктурных кулісах, тыя ж ляшчадныя горкі ў кампазыцыях «Дэісус» і «Сашэсьце ў пекла». Аднак некаторыя кампазыцыі, як «Арханёл зь мярылам» ці «Багародзіца на троне», у верхнім рэгістры набліжаюцца па манэры выкананьня да алтарных фрэсак[1].

Калярыстычная гама фрэсак паўночнай сьцяны і алтарнай перагародкі будуецца на спалучэньні вохрыстых, карычневых, чырванаватых, ружовых, сініх і зялёных колераў. Вопісы фігур і твараў робяцца карычнева-чырвоным контурам, архітэктурныя кулісы і ляшчадныя горкі — вохрыста-карычневыя. Прапрацоўка адзеньня дадзена цёмнымі сухаватымі, амаль графічнымі вопісамі, не рытмічнымі складкамі[1].

Thumb
Маці Божая з данатарам (Ягайлам) на паўднёва-заходняй сьцяне капліцы

Фрэскі на паўднёвай і паўднёва-заходняй сьценах утвараюць адну замкнёную групу. Тут майстар зьвяртаецца да складаных і дэталёва прапрацаваных архітэктурных кулісаў, вэлюмаў, перакінутых паверх будынкаў, ляшчадных горак («Усьпеньне Яна», «Сьмерць Паўла», «Хрыстос у доме Сімяона» і інш.). Фігуры крыху застылыя, прыземістыя, іх рухам уласьціва вуглаватасьць. Галовы вялікія, рысы твараў даволі буйныя. Кантраст сьветлага і цёмнага тут падкрэсьліваецца мацней, чым на паўночнай сьцяне. Твары напісаны па зялёнаму санкіру амаль чыстай вохрай зь невялікай прапрацоўкай і падрумянкай. На фрэсках паўднёвай і паўднёва-заходняй сьценаў ужо няма тых сакавітых і свабодных бялільных мазкоў і блікаў, якія характэрны для росьпісу паўночнай сьцяны[1].

Фрэскавы цыкль капліцы ў Любліне, які ў сваёй аснове ўзыходзіць да бізантыйска-рускіх традыцыяў, адлюстроўвае і шэраг новых мастацкіх зьяваў. Росьпісы хоць і не пазбаўлены таго вытанчанага сьпірытуалістычнага пачатку, які быў так характэрны для мастацтва Бізантыі, але ў іх адчуваецца ўплыў як протарэнэсансу, так і готыкі. У фрэскі пранікаюць элемэнты фальклёру, уводзяцца прадметы побыту, пэрсанажы асобных кампазыцыяў («Хрыстос у доме Сімяона») адрозьніваюцца простанароднасьцю тыпажу[1].

Нягледзячы на стылістычную разнастайнасьць мастацкіх прыёмаў, у цэлым фрэскавы цыкль вельмі маляўнічы і стварае ўражаньне адзінай стройнай дэкаратыўнай сыстэмы[1].

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads