Лібэрац
места ў Чэхіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Лі́бэрац (па-чэску: Liberec) — горад на поўначы Чэхіі. У ім пражывае блізу 108 тысяч жыхароў, што робіць яго пятым паводле велічыні горадам у краіне. Горад стаіць на рацэ Ныса-Лужыцкая, аточаны гарамі. Гарадзкі цэнтар добра захаваўся і сёньня ахоўваецца як гістарычны помнік. Лібэрац калісьці быў цэнтрам квітнеючай тэкстыльнай прамысловасьці і таму раней меў мянушку «Манчэстэр Багеміі». Сімбалем гораду і галоўнай славутасьцю гораду ўважаецца Ештэдзкая вежа.
Remove ads
Гісторыя
У XI ці XII стагодзьдзі на гандлёвым шляху з Багеміі ў Лужыцу чэскімі пасяленцамі і нямецкімі калянізатарамі было заснаванае паселішча пад назовам Габэрсдорф, які быў папярэднікам Лібэрца. У XIII стагодзьдзі побач зь ім зьявілася іншае паселішча пад назовам Райхэнбэрг. Пазьней два паселішчы аб’ядналіся, а першая пісьмовая згадка пра Лібэрац пад нямецкай назвай Райхэнбэрг датуецца 1352 годам[1].

Пачынаючы з 1278 году тэрыторыя належала шляхетнай сям’і Бібэрштайнаў. Райхэнбэрг пацярпеў падчас гусіцкіх войнаў, а затым быў спалены ў 1469 годзе падчас бітвы з войскам караля Іржы з Подзебрадаў. Па згасаньні роду Бібэрштайнаў маёнтак Фрыдлянт, у які ўваходзіў Райхэнбэрг, быў набыты сям’ёй Рэдэрнаў у 1558 годзе. Рэдэрны зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё паселішча, узьвёўшы новыя будынкі, мадэрнізаваўшы паселішча і заклаўшы падмурак да тэкстыльнай прамысловасьці. У 1577 годзе загадам імпэратара Рудольфа II Райхэнбэрг атрымаў статус места. Ён надаў гораду герб, які выкарыстоўваецца і па сёньня[1].
З 1600 году горадам кіравала Катаржына з Рэдэрнаў, якая атрымала для гораду права гандляваць сольлю. Яна дабудавала да замка капліцу і зрабіла ўнёсак у будаўніцтва ратушы. Калі сям’я Рэдэрнаў была вымушана пакінуць Райхэнбэрг пасьля бітвы на Белай Гары 1620 году, яго набыў Альбрэхт фон Валенштайн. Па ягонай сьмерці горад належаў сям’і Галяс, якія не асабліва клапаціліся пра горад. Квітнеючая мясцовая прамысловасьць пацярпела ад Трыццацігадовай вайны і пошасьці чумы ў 1680 годзе. Крызы сталі чыньнікам да сэрыі жорсткага здушэньня паўстаньняў прыгонных сялянаў[1].

У XVIII стагодзьдзі Райхэнбэрг значна пашырыўся, то бок колькасьць ягоных жыхароў павялічылася ўтрая. Бітва пры Райхэнбэргу паміж Аўстрыяй і Прусіяй адбылася побач у 1757 годзе падчас Сямігадовай вайны, але горад працягваў разьвівацца. Усьцяж XIX стагодзьдзя места стала цэнтрам тэкстыльнай прамысловасьці ўсёй Аўстра-Вугоршчыны. У 1850 годзе ён стаў самакіраваным горадам[1]. Цягам часу горад стаў багатым прамысловым цэнтрам. У канцы XIX стагодзьдзя былі пабудаваныя ратуша, опэрны тэатар, Паўночначэскі музэй, Старая сынагога ды іншыя славутасьці. Таксама зьявіўся заможны раён з маёнткамі, лес з батанічным садам і заапаркам[1]. Да 1918 году горад быў часткай Аўстра-Вугоршчыны і цэнтрам адной 94 акругаў Багеміі[2]. Па заканчэньні Першай сусьветнай вайны імпэрыя зьнікла, і чэхі Багеміі далучыліся да новаўтворанай Чэхаславаччыны 29 кастрычніка 1918 году, у той час як немцы жадалі застацца з Аўстрыяй, каб утварыць нямецкую Аўстрыю 12 лістапада 1918 году, спасылаючыся на чатырнаццаць пунктаў Ўудра Ўілсана і дактрыну самавызначэньня. Лібэрац быў абвешчаны сталіцай нямецка-аўстрыйскай правінцыі Нямецкая Багемія. Аднак чэхі сьцьвярджалі, што гэтыя землі, хоць і заселеныя немцамі зь Сярэднявечча, але гістарычна былі неад’емнай часткай герцагства і каралеўства Багемія. 16 сьнежня 1918 году чэхаславацкая армія ўвайшла ў Лібэрац, пад такімі варункамі ўся правінцыя засталася часткай Багеміі[3].
Вялікая дэпрэсія спустошыла эканоміку рэгіёну, якая грунтавалася на тэкстыльнай, дывановай, шкляной ды агулам лёгкай прамысловасьцю. Вялікая колькасьць беспрацоўных, голад, нявызначанасьць перад будучыняй і незадаволенасьць праскім урадам прывялі да імклівага ўздыму папулісцкай Судэцка-нямецкай партыі, заснаванай Конрадам Гэнляйнам, які нарадзіўся ў прадмесьце Лібэрца. Горад стаў цэнтрам пранямецкіх рухаў, а пазьней і нацыстаў, асабліва пасьля выбараў 1935 году. У верасьні 1938 году ў адпаведнасьці зь Мюнхэнскім пагадненьнем горад быў перададзены нацысцкай Нямеччыне. У 1939 годзе ён стаў сталіцай правінцыі Судэтэнлянд[4]. Большая частка мясцовых габрэяў і чэхаў уцякла ў астатнюю частку Чэхіі або была выгнаная. Галоўная меская сынагога была спаленая. Па Другой сусьветнай вайне горад зноў стаў часткай Чэхаславаччыны, і амаль усё нямецкае насельніцтва гораду было дэпартаванае ў адпаведнасьці з дэкрэтамі Бэнэша. Затым рэгіён быў зноў заселены чэхамі[5].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads