Ліворна
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ліворна (па-італьянску: Livorno) — горад у Італіі, які месьціцца ў рэгіёне Таскана. Гэта таксама адміністрацыйны цэнтар аднайменнай правінцыі. У час Адраджэньня Ліворна быў задуманы як «ідэальны горад». Значнае разьвіцьцё атрымаў з другой паловы XVI стагодзьдзя, дзякуючы апекаваньню роду Мэдычаў. Ліворна быў важным вольным портам, тут дамінавалі пераважна замежныя гандляры.
Remove ads
Гісторыя
Паходжаньне Ліворна выклікае спрэчкі, але вядома, што месца было заселенае з эпохі нэаліту. Гэта было пацьверджана знойдзенымі косткамі, а таксама кавалкамі медзі і керамікі, знойдзенымі на пагорках Ліворна ў пячоры паміж Ардэнцай і Мантэнэра. Паселішча этрускаў называлася Лябра[3]. Пазьней горад быў заваяваны рымлянамі. Цыцэрон згадваў Лібурну ў лісьце свайму брату, у якім называў яе Лябронэ[4].

Упершыню Ліворна згадваецца ў 1017 годзе як невялікая прыбярэжная вёска. Пазьней яна была пад уладай Люкі. У 1077 годзе Матыльда Тасканская пабудавала тут вежу. Пізанская рэспубліка валодала Ліворна з 1103 году і пабудавала тут чатырохвугольны форт дзеля абароны порта[5]. Порт быў разбураны пасьля сакрушальнай паразы пізанскага флёту ў бітве пры Мэлёрыі ў 1284 годзе. У 1399 годзе Піза прадала Ліворна мілянскім Вісконці. У 1405 годзе горад апынуўся ў складзе Генуэскай рэспубліцы, а 28 жніўня 1421 году быў набыты Флярэнтыйскай рэспублікай[5]. Пасьля гэтага Мэдычы зрабілі ў месьце некаторыя зьмены. Паміж 1518 і 1534 гадамі была пабудаваная фартэцыя. Сюды стымулявалася добраахвотнае перасяленьне насельніцтва. Ліворна па-ранейшаму заставаўся даволі нязначнай прыбярэжнай крэпасьцю. Да 1551 году насельніцтва гораду павялічылася да 1562 жыхароў[5].
У эпоху Адраджэньня Ліворна быў задуманы як «ідэальны горад»[5]. У 1577 годзе архітэктар Бэрнарда Буанталенці склаў першы плян[5]. Новы ўмацаваны горад меў пяцікутную канструкцыю, якая ўлучала першапачатковае паселішча. Порт быў абаронены дадатковымі вежамі і ўмацаваньнямі. У канцы 1580-х гадоў Фэрдынанда I Мэдычы, вялікі герцаг Тасканы, абвесьціў Ліворна вольным портам, то бок тавары, якія мусяць прадавацца ў ім, не абкладаліся мытам. Габрэі-сэфарды пачалі іміграваць у Ліворна ў канцы XVI стагодзьдзя пасьля Альгамбрскага эдыкту і наступнага выгнаньня габрэяў з Гішпаніі і Партугаліі. Ліворна за часам стаў адным з найважнейшых партоў усяго Міжземнаморскага басэйну. Тут пасяліліся шматлікія замежнікі, як то французы, галяндцы, ангельцы ды праваслаўныя грэкі.
У канцы XVII стагодзьдзя Ліворна пракрочыў праз час вялікага гарадзкога плянаваньня і пашырэньня. Побач з Старой крэпасьцю была пабудавана новая крэпасьць поруч з гарадзкімі сьценамі і сыстэмай суднаходных каналаў праз навакольлі. Пасьля таго, як у XIII стагодзьдзі Пізанскі порт прыйшоў у заняпад, Ліворна стаў галоўным портам Тасканы. Да 1745 году насельніцтва места павялічылася да 32 534 чалавек[5]. За часам італьянскіх кампаніяў Францускіх рэвалюцыйных войнаў канца XVIII стагодзьдзя Напалеонавыя войскі занялі Ліворна разам з астатняй часткай Тасканы. Кіруючыся кантынэнтальнай сыстэмай, французы забаранілі гандаль зь Вялікабрытаніяй, праз што Ліворна моцна пацярпела. Французы цалкам захапілі Таскану ў 1808 годзе, уключыўшы яе ў склад Напалеонаўскай імпэрыі. Пасьля Венскага кангрэсу аўстрыйскае панаваньне зьмяніла францускае. У 1861 годзе горад увайшоў у склад аб’яднанага Італьянскага каралеўства.
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads