Слабадан Мілошавіч
сэрбскі і югаслаўскі палітык From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Слабадан Мілошавіч (па-сэрбску (кірыліцай): Слободан Милошевић ; 20 жніўня 1941, Пажаравац, нацысцкая Сэрбія — 11 сакавіка 2006, Гаага, Нідэрлянды) — югаслаўскі і сэрбскі палітычны дзяяч, прэзыдэнт Сэрбіі (1989—1997), прэзыдэнт Фэдэратыўнай рэспублікі Югаславіі (1997—2000). Старшыня Сацыялістычнай партыі Сэрбіі ад ейнага заснаваньня. Прыйшоў на пасаду прэзыдэнта з праграмай рэфармаваньня Канстытуцыі Югаславіі з прычыны маргіналізацыі Сэрбіі і ейнай палітычнай няздольнасьці спыніць альбанскіх сэпаратыстаў у вобласьці Косава.
У сваё знаходжаньне на пасадах прэзыдэнта Сэрбіі і ФРЮ ўнёс некалькі значных паправак у канстытуцыю Сэрбіі, якія зьменшылі правы аўтаномных абласьцей Сэрбіі, і ў 1990 року пераўтварыў Сэрбію з цітаісцкай аднапартыйнай у шматпартыйную сыстэму. За ягоным кіраваньнем адбыўся распад Югаславіі і шэраг грамадзянскіх войнаў, заснаваньне Фэдэратыўнай рэспублікі Югаславіі з колішніх югаслаўскіх рэспублік Сэрбіі і Чарнагорыі, Дэйтанскія перамовы ад імя басьнійскіх сэрбаў, якія скончылі Басьнійскую вайну, і адхіленьне яго ад пасады ў 2000 року.
У часе бамбаваньняў Югаславіі сіламі НАТО ў 1999 року Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі (МТБЮ) абвінаваціў Мілошавіча ва ўчыненьні ваенных злачынстваў у Босьніі, Харватыі і Косаве[1]. У выніку дэманстрацыяў пасьля спрэчных выбараў 2000 року Мілошавіч сышоў з пасады, а 31 сакавіка 2001 року арыштаваны па абвінавачваньні ў карупцыі, злоўжываньні ўладай і прысабечваньні[2][3]. Расьсьледаваньне сутыкнулася зь адсутнасьцю доказаў, пасьля чаго сэрбскі прэм’ер-міністар Зоран Джынджыч выдаў пастанову пра экстрадыцыю Мілошавіча ў МТБЮ дзеля разьбіральніцтва па абвінавачваньні ў ваенных злачынствах[4]. У пачатку судовага працэсу Мілошавіч назваў Трыбунал незаконным, бо ён ня быў утвораны са згоды Генэральнай Асамблеі ААН, і з гэтай прычыны адмовіўся ад паслуг адваката[5]. Судовы працэс цягнуўся пяць гадоў да скону Мілошавіча ў турэмнай камэры[6] ад інфаркту міякарда[7][8].
У лютым 2007 року Міжнародны Суд ААН на працэсе генацыду ў Босьніі пастанавіў, што дачыненьняў Сэрбіі і Мілошавіча да генацыду, учыненага басьнійскімі сэрбамі падчас Басьнійскай вайны, ня выяўлена. Аднак суд высьветліў, што Мілошавіч, а таксама іншыя сэрбы зьдзейсьнілі парушэньне Канвэнцыі супраць генацыду, не прадухіліўшы генацыд і адмовіўшыся супрацоўнічаць з МТБЮ ў справе пакараньня адказных за генацыд, у прыватнасьці генэрала Ратка Младзіча, а таксама ў парушэньні ўласнага абавязаньня падпарадкоўвацца часовым мерам, абумоўленым Судом[9].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads