Сяргей Налівайка
дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сяргéй Эдуа́рдавіч Наліва́йка (нар. 1973, Бабруйск, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь. міністар па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (2014—2024).
Remove ads
Жыцьцяпіс
У 1995 годзе скончыў факультэт эканомікі і кіраваньня гандлем Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. У 1995—2003 гадах працаваў у інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (МПЗ Беларусі) па Бабруйску (Магілёўская вобласьць). У 2003—2005 гадах быў намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйска[1]. У 2005 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. З 2005 па 2010 год — начальнік інспэкцыі МПЗ Беларусі па Кастрычніцкім раёне Магілёва. З 8 чэрвеня 2010 году — 1-ы намесьнік міністра па падатках і зборах Беларусі[2].
Міністар па падатках і зборах
З 27 сьнежня 2014 году заняў пасаду міністра па падатках і зборах Беларусі. 18 сакавіка 2015 году беларускі міністар Сяргей Налівайка і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб паляпшэньні выкананьня міжнародных падатковых правілаў і рэалізацыі Закону ЗША аб падатковым кантролі рахункаў у замежных фінансавых установах»[3]. 15 кастрычніка 2015 году ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі міністар Сяргей Налівайка выступіў за павелічэньне долі безнаяўных плацяжоў дзеля зьмяншэньня магчымасьці ўтойваньня даходаў. Сяргей Налівайка дадаў, што пры наяўнасьці звыш 100 000 плацежных тэрміналаў у крамах і страўнях Беларусі «ў агульнай лічбе ўдзельнай вагі безнаяўныя плацяжы дасягаюць каля 25%, у той час як мэтавы парамэтар Нацбанка па выніках 2015 году абазначаны на ўзроўні 50%». У якасьці перашкодаў міністар Налівайка назваў «значную цану гэтых тэрміналаў» і «значную цану за эквайрынг, які бяруць банкі». У той дзень Палата прадстаўнікоў Беларусі ўхваліла ў 1-м чытаньні папраўкі ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, што ўводзілі спагнаньне за плацеж наяўнымі грашыма ў памеры звыш 1000 базавых велічыняў (180 000 рублёў), у падтрымку чаго выступаў міністар[4]. Па выніках 2015 году МПЗ Беларусі ўтварыла звыш 70% даходнай часткі каштарысу Рэспублікі Беларусь[5]. Пагатоў індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) забясьпечылі 2% падатковых паступленьняў[6].
27 студзеня 2016 году беларускі міністар Сяргей Налівайка і амбасадар Эквадору ў Беларусі Карляс Лярэа-Давіля падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня і прадухіленьні ўхіленьня ад выплаты ў дачыненьні падаткаў на даходы і маёмасьць»[7]. 1 ліпеня 2016 году Міністэрства па падатках і зборах Беларусі ўкараніла электронныя рахункі-фактуры для плацежнікаў падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ), што павысіла яго зьбіральнасьць і зьнізіла лік падатковых праверак[8]. 8 лютага 2017 году міністар Налівайка заявіў, што лік плянавых і пазаплянавых праверак прадпрымальнікаў скараціўся ў 2016 годзе параўнальна з 2015-м на 10,9%, а лік камэральных (бяз выезду) праверак вырас на 38,7%. Па выніках праверак гаспадаркам і фізычным асобам налічылі да выплаты 167,4 млн рублёў. Пагатоў за 2016 год правялі каля 60 000 праверак падаткаплатнікаў, зь іх каля 37 000 прадпрымальнікаў і 21 500 фізычных асобаў[9]. Таксама 8 лютага 2017 году Налівайка нагадаў, што «са студзеня электронныя рахункі-фактуры зьяўляюцца адзіным дакумэнтам, на падставе якога ажыцьцяўляюцца падатковыя вылікі». Міністар Налівайка дадаў, што «з гэтага году … падатковыя органы самастойна без заявы дэбітора (даўжніка) вяртаюць пераплату, пагатоў тэрмін вяртаньня скарочаны з 5 да 2 працоўных дзён»[10].
8 лютага 2017 году міністар Налівайка абвясьціў, што цягам году МПЗ Беларусі распрацуе праграму пад АС «Андроід» для асабістага кабінэту падаткаплатніка на сайце ведамства. На 1 студзеня 2017 году такія кабінэты мелі звыш 260 000 суб’ектаў гаспадараньня (76,2% падаткаплатнікаў). Сярод іх налічвалася звыш 115 000 юрыдычных асобаў (94,9%) і звыш 145 000 ІП (66%). Таксама такія кабінэты на сайце мелі каля 73 000 фізычных асобаў. Асабісты кабінэт плацежніка дазваляў: 1) даведацца пра суму налічаных і выплачаных падаткаў, пераплату і запазычанасьць па падатках; 2) атрымаць паведамленьне на выплату падатку на нерухомую маёмасьць, зямельнага і падаходнага падатку; 3) зрабіць падатковы плацеж празь Сеціва ў «Альфа-Банку», «Беларусбанку», «Белгазпрамбанку» і «Белінвэстбанку»; 4) запісацца на асабісты прыём у інспэкцыю па месцы пастаноўкі на ўлік; 5) атрымаць тлумачэньне ад падатковага органа[11]. 26 верасьня 2017 году беларускі міністар Сяргей Налівайка і дзяржаўны міністар Вялікабрытаніі па справах Эўропы і Амэрыкі Алан Дункан падпісалі ў Менску міжурадавае Пагадненьне «Аб прадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня адносна падаткаў на даходы і капітал і папярэджаньні ўхіленьня ад выплаты падаткаў»[12]. 16 кастрычніка 2017 году міністар Сяргей Налівайка адзначыў, што за час яго кіраўніцтва ведамствам лік відаў гаспадарчай дзейнасьці, якой дазволілі займацца без уліку ў якасьці ІП, вырас з 10 да 30[13].
18 студзеня 2018 году міністар Налівайка паведаміў, што на падатковы ўлік у Беларусі для аплаты ПДВ на электронныя паслугі сталі 6 замежных пастаўнікоў, сярод якіх 4 найбольшыя з ЗША — «Амазон» (Сіетл, штат Вашынгтон), «Гугл» (Маўнтын-Вію, штат Каліфорнія), «Лінкдын» (Санівейл, штат Каліфорнія) і «Нэтфлікс» (Лос-Гатас, штат Каліфорнія). Пастаноўку на ўлік пачалі пасьля 1 студзеня 2018 году, калі набылі моц зьмяненьні ў Падатковы кодэкс Беларусі, што ўвялі падаткаабкладаньне замежных электронных паслугаў па стаўцы 20%. Пагатоў пастаўнікі мелі стаць на ўлік да канца квартала, у якім аказалі паслугу[14]. 5 ліпеня 2018 году міністар Сяргей Налівайка падкрэсьліў зьніжэньне падатковай нагрузкі ў выніку паправак у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь: «прынята рашэньне аб індэксацыі крытэраў выручкі для прымяненьня ССП (спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня), павелічэньні памеру інвэстыцыйнага выліку па падатку на прыбытак, увядзеньні паніжанага падаткаабкладаньня маёмаснымі падаткамі арганізацыяў, якія ўзводзяць новыя аб’екты»[15]. 14 верасьня 2018 году міністар Налівайка прапанаваў «у праекце зьменаў у Падатковы кодэкс, што пені не павінныя перавышаць суму падаткаў, якія даналічваюцца. Гэта таксама адзін з прынцыпаў разумнасьці і адпаведнасьці пакараньня». Пагатоў спагнаньні ў выніку праверак прынесьлі за 2017 год каля 15% падаткаў[16].
Памочнік прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
2 сьнежня 2024 году вызвалены ад міністэрскай пасады і прызначаны памочнікам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — інспэктарам па Магілёўскай вобласьці[17].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads