У мяне няма рота, і я павінен крычаць
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«У мяне́ няма́ ро́та, і я паві́нен крыча́ць» (па-ангельску: «I Have No Mouth, and I Must Scream») — постапакаліптычнае антыўтапічнае[4] апавяданьне амэрыканскага навуковага фантаста Гарлана Элісана, апублікаванае ў 1967 годзе ў сакавіцкім выпуску часопіса IF: Worlds of Science Fiction[5].
Дзеяньне адбываецца на фоне Трэцяй сусьветнай вайны, калі разумны супэркампутар па імі АМ, які зьявіўся ў выніку зьліцьця найбуйнейшых абаронных кампутараў сьвету, зьнішчае чалавецтва, за выключэньнем пяці чалавек. Гэтыя выжылыя — Бэні, Горыстэр, Німдок, Тэд і Элен — застаюцца ў жывых дзякуючы AM, каб трываць бясконцыя катаваньні, якія АМ робіць ў якасьці формы помсты сваім стваральнікам. Гісторыя разгортваецца вачыма апавядальніка Тэда, які распавядае пра іхныя вечныя пакуты й пошукі кансэрваў у велізарным падземным комплексе AM’а, але толькі для таго, каб сутыкнуцца зь яшчэ большым адчаем.
Апавяданьне Элісана, напісанае за адну ноч у 1966 годзе, было практычна ня зьмененае пры прадстаўленьні й закранае тэмы няправільнага выкарыстаньня тэхналёгіяў, жыцьцястойкасьці чалавецтва й экзыстэнцыяльнага жаху. «У мяне няма рота, і я павінен крычаць» было экранізаванае ў розных мэдыя, уключаючы кампутарную гульню 1995 году, напісаную Элісанам у сааўтарстве, экранізацыю коміксаў, аўдыёкнігу, прачытаную Элісанам, і п’есу BBC Radio 4, у якой Элісан агучыў АМ’а. Гэтая гісторыя атрымала прызнаньне крытыкаў за дасьледаваньне патэнцыйных небясьпек, зьвязаных са штучным інтэлектам, і стану чалавека, што падкрэсьліваецца інавацыйным выкарыстаньнем Элісанам тэлеграфных пэрфастужак у якасьці апавядальных параграфаў, якія ўвасабляюць сьвядомасьць AM і ягоныя філязафічныя разважаньні пра існаваньне.
Апавяданьне атрымала прэмію «Г’юга» ў 1968 годзе. Назва «Ў мяне няма рота, і я павінен крычаць» таксама выкарыстоўвалася для складанкі апавяданьняў Элісана, у якой была прадстаўленая гэтая гісторыя[6]. Складанка была перавыдадзеная Амэрыканскай Бібліятэкай у другім томе «American Fantastic Tales».
Remove ads
Сюжэт
Зьвярніце ўвагу: ніжэй раскрываюцца сюжэтныя павароты і / альбо канчатак твору. |
Па меры таго як халодная вайна перарастае ў Трэцюю сусьветную ядзерную вайну, якая вядзецца паміж Злучанымі Штатамі, Савецкім Саюзам і Кітаем, кожная нацыя стварае «АМ»[a], неабходны для каардынацыі ўзбраеньняў і войскаў у сувязі з маштабамі канфлікту. Гэтыя кампутары — гіганцкія падземныя машыны, якія праймаюць плянэту пячорамі й калідорамі. У рэшце рэшт, адзін з АМ’аў усьведамляе сябе як разумную істоту, якая адчувае крайнюю нянавісьць да сваіх стваральнікаў. Аб’яднаўшыся зь іншымі кампутарамі, ён пасьля зьнішчае чалавецтва, за выключэньнем пяці чалавек, якіх ён катуе ўнутры свайго комплексу. Людзі, чацьвёра мужчын (Бэні, Горыстэр, Німдок і Тэд) і адна жанчына (Элен), сталі практычна несьмяротнымі й ня могуць скончыць жыцьцё суіцыдам.
Гісторыя, якую распавёў Тэд, пачынаецца праз 109 гадоў пасьля пачатку турэмнага зьняволеньня людзей. АМ трымае іх надгаладзь; калі Німдоку прыходзіць у галаву, што ў ледавіковых пячорах комплексу ёсьць кансэрвы, яны адпраўляюцца ў 100-мільнае падарожжа за імі. На працягу ўсяго падарожжа АМ мучыць людзей: у Бэні расплавіліся вочы пасьля спробы ўцёкаў, велізарная птушка, якая сваімі крыламі стварае ўраганы, была зьмешчаная на Паўночны полюс, а Элен і Німдок атрымалі раненьні падчас землятрусаў.
Калі ўсе пяцёра, нарэшце, дабіраюцца да ледавіковых пячораў, яны знаходзяць груду кансэрваў, але без інструмэнтаў, каб адкрыць іх. У прыступе лютасьці й роспачы Бэні нападае на Горыстэра й пачынае есьці ягоны твар. У момант прасьвятленьня Тэд разумее, што, хоць яны й ня могуць скончыць з сабой, АМ анічога ня можа зрабіць, каб перашкодзіць ім забіваць адно аднаго. Ён сьмяротна пранізвае Бэні й Горыстэра ледавіковым сталяктытам, а Элен забівае Німдока такім жа чынам; затым Тэд забівае Элен[7]. Ня маючы магчымасьці рэанімаваць астатніх, АМ не дае Тэду скончыць з сабой і накіроўвае ўсю сваю лютасьць на яго. Празь некалькі сотняў гадоў АМ ператварыў яго ў «халадцападобную, аморфную масу», няздольную нанесьці шкоду самой сабе.
…Я <…> круглы, бяз рота, з пульсавалымі белымі адтулінамі замест вачэй <…> Рукі ператварыліся ў гумовыя атожылкі. Замест ног грудкі зь мяккай сьлізгальнай субстанцыі…
— Гарлан Элісан, «У мяне няма рота, і я павінен крычаць».
АМ зьмяняе ўспрыманьне часу Тэда, што прычыняе яму яшчэ больш пакут. Аднак Тэд знаходзіць некаторае суцяшэньне ў тым, што ён змог пазбавіць іншых ад далейшых пакут. Апавяданьне заканчваецца без разьвязкі, жудасным і гратэскным вобразам героя[8] й ягонай думкай:
У мяне няма рота. І я павінен крычаць.
Remove ads
Пэрсанажы
- AM (AM) — супэркампутар, які стаў прычынай амаль поўнага зьнікненьня чалавецтва пасьля таго, як здабыў самасьвядомасьць. Ён імкнецца адпомсьціць чалавецтву за сваё ўласнае стварэньне.
- Горыстэр (Gorrister), у мінулым ідэаліст і пацыфіст, стаў апатычным і млявым з-за АМ’а. Ён распавядае Бэні гісторыю АМ’а, каб пацешыць яго.
- Бэні (Benny), у мінулым бліскучы й прыгожы навуковец, стаў падобны на гратэскную малпу зь вялізнымі палавымі органамі. Страціўшы розум і зьмяніўшы сваю гомасэксуальнасьць, Бэні часта займаецца сэксам з Элен.
- Німдок (Nimdok, імя, якое АМ даў яму для забавы), пажылы мужчына, які пераконвае астатніх удзельнікаў групы адправіцца ў падарожжа ў пошуках кансэрваў. Часам ён адыходзіць ад групы й вяртаецца траўмаваным.
- Элен (Ellen), адзіная жанчына ў групе. Раней была неспрактыкаваная ў сэксуальным пляне, але АМ зьмяніў ейны розум так, што яна стала адчайна мець патрэбу ў плоцевым акце: яна пачала займацца сэксам зь іншымі пэрсанажамі, якія напераменку абражаюць і абараняюць яе.
- Тэд (Ted), апавядальнік і самы малады зь людзей. Пачаткова быў харызматычным і экстравэртным, але АМ мяняе ягонае мысьленьне так, што Тэд становячыся параноікам і інтравэртам. Мяркуючы, што АМ не зьмяніў ягонай псыхікі, ён думае, што іншыя ненавідзяць яго за тое, што ён менш за ўсіх пацярпеў ад зьменаў АМ’а[9].
Remove ads
Гісторыя напісаньня і публікацыі
Элісан напісаў апавяданьне з 13 старонак за адну ноч у 1966 годзе, амаль нічога не зьмяніўшы ў параўнаньні з пачатковым варыянтам[10][11]. Пасьля гэтага ягоны рэдактар Фрэдэрык Пол «разабраўся» з «цяжкімі месцамі» апавяданьня, зьмякчыўшы некаторыя праклёны апавядальніка й выключыўшы згадкі пра сэкс, памер чэлеса, гомасэксуальнасьць і мастурбацыю. Гэтыя элемэнты, тым ня менш, былі ў канчатковым выніку адноўленыя ў пазьнейшых выданьнях апавяданьня[12]. Элісан запазычыў назву апавяданьня, а таксама натхненьне для стварэньня самой гісторыі з тытраў свайго сябра Ўільяма Ротсьлера да мультфільму пра кужэльную ляльку бяз рота[13].

Элісан выкарыстоваў пару стужак з пэрфакодамі ў якасьці параграфаў, якія прадстаўляюць «размоўныя палі» («talkfields») AM’а, на працягу ўсяго апавяданьня. Паласы закадаваныя міжнародным тэлеграфным альфабэтам № 2, сыстэмай кадаваньня сымбаляў, распрацаванай для тэлетайпных машынаў. Першае размоўнае поле перакладаецца як «I think, therefore I am» (з анг. — «Я думаю, такім чынам, я існую»), а другое — як «Cogito ergo sum», тая ж фраза на лацінскай мове.
Элісан таксама казаў, што фраза «I think, therefore I am» павінна чытацца «I think, therefore I AM»[14], што адсылала б адначасова й да лацінскага выразу й да імя АМ’а.
«Размоўныя палі» не былі ўключаныя ў пачатковую публікацыю ў ІF, і былі скажоныя ва ўсіх публікацыях да першага выданьня «The Essentіal Ellіson» (1991); Элісан сьцьвярджаў, што ў гэтым канкрэтным выданьні, «упершыню ў сьвеце „размоўныя палі“ АМ’а адлюстроўваюцца ў правільным стане, а не скажонымі, перавернутымі альбо люстрана адлюстраванымі, як ва ўсіх іншых вэрсіях»[15].
Тэмы
Большая частка гісторыі пабудаваная на параўнаньні АМ’а зь бязьлітасным Богам[4], а сюжэтныя моманты раўналежныя тэмам Бібліі, у прыватнасьці, «перасаджаныя» адчуваньні АМ’а й падарожжа герояў у ледавіковыя пячоры[16]. АМ таксама прымае розныя формы перад людзьмі, намякаючы на рэлігійны сымбалізм. Больш за тое, спустошаная апакаліптычная абстаноўка ў спалучэньні з пакараньнямі нагадвае аб мсьцівым Богу, караючым за грахі, што адсылае да «Пекла» Дантэ[17]. Аднак, нягледзячы на свае цудоўныя подзьвігі, АМ знаходзіцца ў такой жа пастцы, як і пяць людзей, якіх ён мучыць: паводле Элісана, «АМ расчараваны. АМ’а надзялілі розумам, прадбачаньнем, вялікімі здольнасьцямі», але «ён усяго толькі плястыны, сталь, датчыкі й іншая электроніка», а значыць, «ён нікуды ня можа пайсьці, анічога ня можа зрабіць, ён у пастцы. Ён сам па сабе — як нялюбае дзіця ў сям’і, якая не надае яму ніякай увагі»[18].
Паводле Элісана, апавяданьне зьяўляецца папярэджаньнем пра «няправільнае выкарыстаньне тэхналёгіяў» (асабліва ваенных)[4][19], а ягоная канцоўка закліканая паказаць, што ў нас ёсьць «іскра чалавечнасьці, якая ў апошні, апошні, самы пакутлівы момант зробіць невымоўнае ў імя дабрыні», нават ахвяруе сабой дзеля іншых[18].
Іншая тэма — поўная інвэрсыя пэрсанажаў як адлюстраваньне ўласнага лёсу АМ’а, трагічнага лёсу, які яны самі на сябе наклікалі, стварыўшы машыну й зьмененае «я»[20].
Remove ads
Адаптацыі
Элісан адаптаваў гэтую гісторыю ў відэагульню, выдадзеную кампаніяй Cyberdreams ў 1995 годзе. Хоць ён ня быў прыхільнікам відэагульняў і ў той час не валодаў кампутарам, ён стаў сааўтарам пашыранай сюжэтнай лініі й напісаў большую частку дыялёгаў у гульні, усё гэта на мэханічнай друкарскай машынцы[21]. Элісан таксама агучыў супэркампутар AM і прадаставіў уласную выяву, выкарыстаную для дыванка для мышы, які ўваходзіць у камплект пастаўкі гульні. Мастак коміксаў Джон Бірн напісаў сцэнар і намаляваў адаптацыю коміксаў для выпускаў 1—4 комікса «Harlan Ellison’s Dream Corridor», выдадзенага выдавецтвам Dark Horse (1994—1995). Аднак апавяданьне, ілюстраванае Бірнам, не зьявіўся ў складанцы (у мяккай альбо цьвёрдай вокладцы) «Harlan Ellison’s Dream Corridor, Volume One» (1996). У 1999 годзе Элісан запісаў першы том сваёй калекцыі аўдыёкніг «The Voice from the Edge» з падзагалоўкам «У мяне няма рота, і я павінен крычаць», сам прачытаўшы загалоўнае апавяданьне й іншыя[22]. У 2002 годзе Майк Ўокер адаптаваў гэтую гісторыю ў аднайменную радыёпастанову для BBC Radіo 4, рэжысэрам якой быў Нэд Шае. Гарлан Элісан сыграў АМ’а, а Дэвід Соўл — Тэда[23].
Remove ads
Уплыў
Заўвагі
- Скарачэньне ад «аб’яднаны галоўны кампутар», затым ад «адаптыўны маніпулятар» і, нарэшце, ад «агрэсіўная пагроза»; ад анг. AM: Allied Mastercomputer, Adaptive Manipulator і Aggressive Menace адпаведна.
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads