Фёдар Коршунаў
беларускі фізык паўправаднікоў From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Фёдар Паўлавіч Коршунаў (нар. 1934, Траўна, Краснапольскі раён, цяпер Магілёўская вобласьць, Беларусь) — беларускі фізык паўправаднікоў.
У 1970 годзе распрацаваў радыяцыйны спосаб стварэньня з дапамогай хуткіх электронаў і гама-квантаў паўправадніковых прыбораў і інтэгральных схемаў з радыяцыйнай трываласьцю для касьмічных прыладаў і ўзбраеньня[1], што дазволіла панізіць кошт вытворчасьці праз адмову ад выкарыстаньня каштоўных мэталаў. Доктар тэхнічных навук (1975) і ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980) за распрацоўку вытворчасьці паўправадніковых прыбораў. Прафэсар (1981) і сябар-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984)[2]. Кавалер ордэну «Знак Пашаны» (1986) і 3-х мэдалёў[3].
Remove ads
Жыцьцяпіс
У 5—10 клясаў вучыўся ў школе Краснапольля, куды хадзіў пешшу 6 км. У 1957 годзе скончыў электратэхнічны факультэт Рыскай найвышэйшай інжынэрна-авіяцыйнай вайсковай вучэльні (Латвійская ССР) Вайскова-паветраных сілаў СССР. Пазьней працаваў інжынэрам-выпрабавальнікам у Навукова-дасьледчым інстытуце Міністэрства абароны СССР і браў удзел у выпрабаваньні ядзернай зброі на востраве Новая Зямля (цар-бомба ў 1961 годзе). У 1962 годзе працаўладкаваўся ў толькі заснаваны Інстытут фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук Беларускай ССР (АН БССР). Адначасна пачаў працаваць у Менскім радыётэхнічным інстытуце (МРТІ)[2].
У 1966 годзе абараніў дысэртацыю ў Інстытуце фізыкі АН БССР і стаў кандыдатам фізыка-матэматычных навук. У 1968 годзе стаў загаднікам лябараторыі радыяцыйных узьдзеяньняў Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў. У 1978 годзе выпусьціў сумесную манаграфію «Радыяцыйныя эфэкты ў паўправадніковых прыборах». У 1979 годзе заняў пасаду прафэсара МРТІ, дзе да 1995 году працягваў выкладаць на катэдры мікраэлектронікі. У 1985—1994 гадох адначасна займаў пасаду намесьніка кіраўніка па навуковай працы Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў. У 1986 годзе выдаў супольную манаграфію «Узьдзеяньне радыяцыі на інтэгральныя мікрасхемы»[3]. У 2011 годзе перайшоў на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка ў Навукова-практычным цэнтры матэрыялазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[4].
Да 2014 году напісаў звыш 460 навуковых працаў у галіне радыяцыйнай фізыкі цьвёрдага цела, фізыкі паўправаднікоў, мікраэлектронікі і радыяцыйнай тэхналёгіі паўправадніковых прыбораў[2]. Стварыў 3 манаграфіі і 69 вынаходак. Устанавіў прычыны дэградацыі ўласьцівасьцяў паўправадніковых р-n-структураў пад узьдзеяньнем іянізавальнага выпраменьваньня. Выявіў радыяцыйны ўплыў на пашырэньне і зрушэньне р-n-пераходу, тэрмастабілізацыі напругі лавіннага прабою р-n-пераходу, уплыў малых дозаў апраменьваньня ў высокаомным крэмні, эпітаксіяльных плёнках і МДП-структурах, якія прыводзяць да ўпарадкаваньня нераўнаважнасьці структуры. Досьледна запісаў рэнтгенаўскае выпраменьваньне ў крышталях крэмну пры каналяваньні электронаў з энэргіяй 4—5 МэВ[3]. Да 2014 году падрыхтаваў 20 кандыдатаў навук, адзін зь якіх стаў доктарам навук.
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads