Януш Астроскі
(пам. 1620) кашталян кракаўскі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Януш Астроскі (каля 1554 — 12 або 13 верасьня 1620, места Тарнаў) — дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай. Ваявода валынскі (1584—1593), кашталян кракаўскі (з 1593); староста багуслаўскі (з 1591), белацаркоўскі (з 1592), чаркаскі і канеўскі (з 1594), пераяслаўскі (з 1604; увайшло ў трыманьне ў 1618). Валодаў местам Дубнам і іншымі маёнткамі ўва Ўкраіне, местам Тарнавам у Польшчы і інш.
Януш Астроскі — адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай, апошні прадстаўнік мужчынскай лініі роду і першы, што прыняў Берасьцейскую унію. Па ягонай сьмерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх[1].
Remove ads
Біяграфія

З княскага роду Астроскіх гербу ўласнага, сын Канстантына-Васіля, ваяводы кіеўскага, і Соф’і з Тарноўскіх. Меў братоў Аляксандра, ваяводу валынскага, і Канстантына, старосту ўладзімерскага, а таксама сясьцёр Кацярыну і Лізавету.
Сьпярша выхоўваўся ў Дубне, потым пры двары імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі. У сярэдзіне 1570-х рокаў перайшоў у каталіцтва.

У 1577 року бараніў Дубна ад татараў. У Інфлянцкую вайну (1558—1582) у 1579 року ўдзельнічаў у выправе на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі. 2 лютага 1593 року супольна з Аляксандрам Вішнявецкім перамог у бітве пад Пяткай казацкае войска пад камандай К. Касінскага. Дзеля абароны межаў дзяржавы і ўласных уладаньняў у 1609 року заснаваў Астроскую ардынацыю, сталіцай якой зь цягам часу стала Дубна.
Займаў высокія дзяржаўныя пасады: у 1584 року стаў ваяводам валынскім, у 1593 року — кашталянам кракаўскі. Выступаў супраць падтрымкі Дзьмітрыя-Самазванца I і вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618)[2].
Умацаваў Дубенскі замак бастыёнамі, глыбокім ровам і падвесным мостам, а ў самім месьце заснаваў касьцёл бэрнардынаў і касьцёл Яна Непамука. Апроч таго, фундаваў касьцёлы ў Межырэччы, Палонным і Астроўцы. Праваслаўю ў сваіх валоданьнях не перашкаджаў.
Беражліва захоўваў скарбы продкаў, асабліва шанаваў залаты мэдаль з выявай свайго бацькі, князя Канстантына-Васіля, які як абярог браў з сабой у выправы. Гэты мэдаль цяпер знаходзіцца ў Эрмітажы.
Тройчы браў шлюб. У 1582 року ажаніўся з вугорскай графіняй Сузаннай Сэрэды (1566—1596). У першым шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Элеанора (1582—1618), 1-ы муж — ваявода падольскі Геранім Язлавецкі (1570—1607), 2-гі муж з 1609 року — кашталян троцкі Ян Юры Радзівіл (1588—1625);
- Эўфрасіньня (пам. 1628), жонка з 1605 року ваяводы брацлаўскага і кіеўскага князя Аляксандра Заслаўскага (пам. 1629).
Па сьмерці першай жонкі ў 1597 годзе ажаніўся з Кацярынай (пам. 1611), дачкой кашталяна войніцкага Сэбастыяна Любамірскага (1546—1613) і Ганны Браніцкай (1567—1639). Другі шлюб быў бязьдзетным. У 1612 годзе ажаніўся з Тэафіліяй (1595—1635), дачкой кашталяна садэцкага Зыгмунда Тарлы. У трэцім шлюбе нарадзіўся сын Ян Уладзімер Астроскі (1617—1618), які памёр у маленстве.
Remove ads
Галерэя
- Партрэты Януша Астроскага
- Невядомы мастак, пачатак XVII ст.
- Копія XIX ст. (?) з партрэта пачатку XVII ст.
- Копія XIX ст. з партрэта пачатку XVII ст.
- Невядомы мастак, XVII ст.
- Паводле партрэта XVII ст., 1866 р.
- Невядомы мастак, XVIII ст.
- Копія XIX ст. з партрэта XVIII ст. (?)
- Копія XIX ст. зь невядомага партрэта XVII ст.
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads