Кракаў
места ў Польшчы From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Кра́каў (па-польску: Kraków, па-нямецку: Krakau; поўная афіцыйная назва Сталічны Каралеўскі горад Кракаў, па-польску: Stołeczne Królewskie Miasto Kraków) — горад на поўдні Польшчы, на левым беразе Віслы, якая становіцца адгэтуль суднаходнай і ў якую ўпадае ў гэтым месцы Рудава. Насельніцтва 767 348 чалавек (на 31 сьнежня 2017 году)[1], у аглямэрацыі 1,2 мільёны чалавек — другі паводле колькасьці насельніцтва горад краіны. Адміністрацыйны цэнтар Малапольскага ваяводзтва. Да 1795 году зьяўляўся сталіцай Польшчы, а таксама месцам каранацыі шэрагу польскіх каралёў. Адлегласьць па прамой да Менску — 657 км, да Варшавы — 252 км[2].
Remove ads
Назва
Верагодна, назва паходзіць ад кельцкіх плямёнаў, якія раней засялялі тутэйшы рэгіён[3]. Існуе шэраг легендаў пра заснаваньне і наданьне імені гораду, напрыклад большасьць польскіх і чэскіх паданьняў кажуць пра існаваньне гераічнага князя Крака, які заснаваў горад і даў яму сваё імя[4].
Геаграфія
Адміністрацыйны падзел

У XIV стагодзьдзі ў Кракаве было 22 вуліцы, у 1866 годзе ў горадзе і прыгарадах — 113, у 1880 г. — 135, у 1909 г. — 161, у 1926 г. — 457 вуліцаў. Самая старая вуліца ў Кракаве — гэта вуліца Канонікаў, якая вядзе да замкавай гары.
З 27 сакавіка 1991 году Кракаў падзелены на 18 муніцыпальных раёнаў. Да гэтага выкарыстоўваўся падзел 1951-1973 гадоў, які падзяляў горад на 6 адміністрацыйных раёнаў: Стары горад, Зьвежынец, Клепаж, Грэгужкі, Падгор'е, Новая Гута.
Назвы раёнаў паходзяць ад назваў фальваркаў і вёсак, якія сёньня ўвайшлі ў склад гораду.
Клімат
Remove ads
Гісторыя
У складзе Польшчы

Гарадзішча на Вавэльскім узвышшы вядома з Х стагодзьдзя. Недзе паміж 955 і 965 гадамі Кракаў трапляе ў залежнасьць ад чэскай дынастыі Пшэмыслаў. У 965 годзе згадваецца арабскім падарожнікам Ібрагімам ібн Якубам, што зьяўляецца першай згадкай Кракава ў гістарычных крыніцах. У 987-989 гадоў увайшоў у склад дзяржавы Пястаў. У 1000 годзе тут засядае япіскап. Падчас панаваньня Казімера I, горад стаў галоўнай княскай рэзыдэнцыяй. У 1241 г. амаль цалкам разбураны татарскім нашэсьцем, але выгаднае геаграфічнае становішча дапамагло гораду хутка аднавіцца, і ўжо ў 1257 годзе горад атрымаў Магдэбургскае права.
У 1320 г. у вавэльскай базіліцы адбылася каранацыя Ўладыслава Лакетыка. Такім чынам да 1734 году Кракаў стаў месцам каранацыі ўсіх польскіх каралёў. У якасьці сталіцы адной з наймацнейшых эўрапейскіх дзяржаваў горад разбудоўваўся ў розных кірунках. У XV стагодзьдзі горад прывабліваў і замежнікаў, у прыватнасьці, немцаў з Франконіі: тут жылі і працавалі друкары Каспар Штраўбэ і Ёган Галер, гуманіст Конрад Цэльтыс, скульптар Файт Штос. У гэты час у горадзе было пабудавана шмат гатычных і рэнэсансных будынкаў, у тым ліку замкавы комплекс на гары Вавэль. Гэта таксама быў час росквіту Кракаўскага ўнівэрсытэту. У канцы XV стагодзьдзя ў ім навучаўся і Мікалай Капэрнік.
Пасьля заключэньня Люблінскай уніі і ўтварэньня Рэчы Паспалітай на некаторы час горад страціў сталічны статус. Пераемніццай стала Варшава, якая знаходзілася прыкладна ў геаграфічным цэнтры новаўтворанай краіны.
З заняпадам Рэчы Паспалітай пачаўся заняпад і Кракава. З-за недахопу грошаў моцна цярпелі абарончыя фартыфікацыі, што дазволіла зь лёгкасьцю захапіць і зруйнаваць горад швэдам, падчас «швэдзкага патопу». Цалкам у XVIII стагодзьдзі горад захоплівалі швэды, аўстрыйцы, прусакі і расейцы. У 1778 годзе насельніцтва гораду складала 8 894 чалавекі[5].
Аўстрыйская імпэрыя
У 1794 годзе горад стаў цэнтрам вызваленчага паўстаньня Т. Касьцюшкі, параза якога прывяла да Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Такім чынам горад апынуўся ў складзе Аўстрыі і ўваходзіў у склад Варшаўскага княства, як цэнтар дэпартамэнту.
У 1815—1846 гадой Кракаў быў маленькай, але фармальна незалежнай дзяржавай, апошнім месцам прытулку польскай дзяржаўнасьці. Менавіта тады пачынаецца маштабная перабудова гораду, якая моцна паўплывала на яго сучасны выгляд. Узброенае паўстаньне ў 1846 годзе прывяло да ўводу ў горад аўстрыйскіх войскаў і ўсталяваньня тут аўстрыйскай улады да 1918 году.
Польская Рэспубліка

Пасьля здабыцьця палякамі незалежнасьці і ўтварэньня Польскай Рэспублікі ў 1918 г. Кракаў стаў адным з галоўных гарадоў краіны. Тут у Вавэльскім замку разьмясьцілася рэзыдэнцыя прэзыдэнта. З пачаткам Другой Сусьветнай вайны, горадам авалодалі нямецкія акупанты, якія вывезьлі за час акупацыі (1939—1945 гг.) вялікае мноства помнікаў мастацтва, якія захоўваліся ў горадзе на працягу многіх стагодзьдзяў. Частка зь іх, пасьля вайны так і не вярнулася ў горад. За час вайны, габрэйскае насельніцтва было амаль поўнасьцю зьнішчана, але Кракаў заставаўся адным зь нямногіх гарадоў, насельніцтва якога істотна ня зьменшылася з адыходам немцаў.
Пасьля вайны Кракаў пачаў хутка адбудоўваца і рэканструявацца. Вялікая колькасьць помнікаў архітэктуры дазволіла гораду звацца адным з найпрыгажэйшых местаў сьвету. У 2000 годзе гораду наданы тытул «Культурная сталіца Эўропы», у 2007 годзе — «Наймоднейшы горад сьвету» і г.д.
Remove ads
Насельніцтва
Колькасьць насельніцтва гораду на працягу апошніх трох стагодзьдзяў.

Максымальная колькасьць насельніцтва была дасягнута ў 2017 годзе і склала 767 348 жыхароў.
Культура

Тэатры
- Кракаўскі тэатар сцэны STU
- Кракаўскі тэатар ляляк
- Стары тэатар імя Мадзяеўскай
- Кракаўскі тэатар імя Славацкага
- Народны кракаўскі тэатар
Музэі
- Нацыянальны музэй
- Музэй Чартарыйскіх
- Музэй польскай авіяцыі
- Дом Яна Матэйкі
- Цэнтар японскага мастацтва і тэхнікі «Manggha»
- Каралеўскі замак Вавэль
- Архэалягічны музэй у Кракаве
- Гістарычны музэй у Кракаве
- Музэй Ягелонскага ўнівэрсытэту
- Этнаграфічны музэй у Кракаве
- Музэй гісторыі фатаграфіі ў Кракаве
Гістарычны цэнтар
Гістарычны цэнтар Кракава (Стары горад, Вавэль і Казімеж) быў уключаны ў 1978 у першы Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Разьмешчаны ля падножжа каралеўскага замку Вавэль. Амаль адразу тут знаходзяцца самы вялікі ў Эўропе рынкавы пляц і мноства гістарычных жылых дамоў, палацаў і касьцёлаў з пышнымі інтэр’ерамі. Дадатковым сьведчаньнем цікавай гісторыі гораду зьяўляюцца рэшткі ўмацаваньняў XIV стагодзьдзя, сярэднявечнае селішча Казімеж са старажытнымі сынагогамі ў паўднёвай частцы гораду, Ягелонскі ўнівэрсытэт і гатычная катэдра з магільным склепам польскіх каралёў.
Асноўныя культурна-гістарычныя помнікі:
- Галоўны Рынак
- Каралеўскі замак і Катэдра
- Касьцёл Сьв. Марыі (XIII стагодзьдзе)
- Касьцёл Сьв. Ганны (з магілай Капэрніка)
- Каралеўскі шлях
- Базыліка Божага Цела
- Базыліка Сьвятога арханёла Міхаіла
- Дом Ляндаў
Remove ads
Паркі і ахова навакольнага асяродзьдзя
У Кракаве налічваецца каля 40 паркаў, агульнай плошчай 318,5 га (па стане на 2002 год), 5 прыродаахоўных зонаў, агульнай плошчай 48,6 га. Да Ягелонскага ўнівэрсытэту належыць батанічны сад. У 1889 годзе быў заснаваны Парк імя Ёрдана, названы так пазьней у гонар польскага лекара Гэнрыка Ёрдана, які ладзіў тут адукацыйныя праграмы па гісторыі для дзяцей і падлеткаў.
Нягледзячы на вялікую колькасьць паркаў, Кракаў зьяўляецца найбольш забруджаным горадам Польшчы, сярод гарадоў з насельніцтвам больш за 100 тысячаў чалавек. З гэтай прычыны штогод памірае каля 1 400 жыхароў гораду. Паводле дасьледваньняў Мэдычнага факультэту Ягелонскага ўнівэрсытэту, сярэдні паказчык IQ кракаўскіх дзетак ніжэйшы за IQ дзетак з экалягічна чыстых гарадоў на 3,8%[6]. Каб палепшыць экалягічную сытуацыю ў горадзе, сэймік Малапольскага ваяводзтва прыняў наступныя меры: з 2014 году ў новабудоўлях больш не ўсталёўваецца вугальнае ацяпленьне; у іншых 13 350 жылых будынках вырашана замяніць вугальныя печы. Акрамя таго, цяпер горад абслугоўваюць электрааўтобусы і аўтобусы на звадкаваным газе, мадэрнізуецца чыгунка, будуюцца новыя лініі трамваю і роварныя дарожкі[7].
Remove ads
Транспарт

Аўтадарогі
Аўтамагістраль А4 злучае Кракаў з Заходняй Эўропай і з украінскай граніцай. З поўначы на поўдзень Польшчы праз Кракаў праходзіць хуткасная дарога S7, а дарога DK7 злучае горад з курортам Закапанэ.
Чыгунка
З вакзалу Кракаў-Галоўны чыгункай можна трапіць у Гданьск, Варшаву, Познань, Уроцлаў, Прагу, Будапэшт, Вену, Браціславу і праз Пшэмысьль — на Ўкраіну.
Аэрапорт
Аэрапорт Кракаў-Баліцэ зьяўляецца другім паводле велічыні аэрапортам Польшчы і злучае Кракаў з Чыкага, Франкфуртам-на-Майне, Лёнданам, Венай, Бэрлінам, Стакгольмам, Капэнгагенам, Осьлё, Парыжам, Брусэлем, Мілянам, Гамбургам, Мюнхэнам, Штутгартам, Дусэльдорфам, Базэлем і іншымі гарадамі[8].
Грамадзкі транспарт
У Кракаве добра разьвіты грамадзкі траспарт, які складаецца з аўтобусных і трамвайных лініяў. Са сьнежня 2008 году дзейнічае хуткасны трамвай.
Сыстэма супольнага выкарыстаньня ровараў
З восені 2016 году найстарэйшая ў Польшчы сыстэма супольнага выкарыстаньня ровараў была мадэрнізавана і цяпер, пад назвай Wavelo налічвае 1 500 ровараў і 150 станцыяў пракату ровараў.
Remove ads
Адукацыя

На працягу стагодзьдзяў Кракаў зьяўляецца важным адукацыйным цэнтрам Польшчы. У горадзе налічваецца 11 Вышэйшых навучальных установаў, у якіх працуе 10 тысячаў супрацоўнікаў і навучаецца 51 тысяча студэнтаў, а разам з астатнімі навучальнымі ўстановамі гораду, колькасьць студэнтаў складае 210 тысячаў[9]. Сярод найбольш значных навучальных установаў Кракава ёсьць наступныя:
- Ягелонскі ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1364 годзе
- Кракаўскі палітэхнічны ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1945 годзе
- Кракаўская акадэмія мастацтваў, заснаваная ў 1818 годзе
- Кракаўская музычная акадэмія
- Кракаўскі сельскагаспадарчы ўнівэрсытэт
- Кракаўскі эканамічны ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1882 годзе
- Кракаўская акадэмія фізычнага выхаваньня
- Кракаўскі пэдагагічны ўнівэрсытэт
- Дзяржаўная вышэйшая тэатральная школа
- Папскі ўнівэрсытэт Яна Паўла II
Remove ads
Эканоміка
Кракаў належыць да найбольш разьвітых у эканамічным пляне гарадоў Польшчы. 60% жыхароў гораду маладзейшыя за 45 гадоў, тады як па ўсёй краіне гэты паказчык — 46%. На 2005 год колькасьць беспрацоўных у Кракаве складала 6,9%, тады як у сярэднім па ўсёй Польшчы на 10% больш[10]. У 2015 годзе адсотак беспрацоўных стаў яшчэ ніжэйшым: 4,8%[11].
У эканоміку гораду інвэстуюць і замежныя прадпрыемствы, такія як HVB, Deutsche Bank, Allianz SE, Volvo, Motorola. У горадзе ёсьць таксама крамы такіх замежных гандлёвых гігантаў як Metro, Tesco, Carrefour, IKEA.
Важную ролю ў эканоміцы Кракава грае таксама турызм. У 2012 годзе горад наведала амаль 9 мільёнаў турыстаў[12].
Асобы

- Тадэвуш Ісаковіч-Залескі — гісторык каталіцтва, ксёндз
- Ян Павал II — рымскі папа, першы пантыфік-славянін
- Стэфан Банах
- Тадэвуш Голуй, польскі пісьменьнік
- Марцін Залескі
- Тадэвуш Касьцюшка (1746—1817), палітычны і ваенны дзеяч, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1794 году
- Ян Матэйка
- Анджэй Мунк
- Ежы Штур, актор тэатру і кіно
- Віслава Шымборска (1923 — 2012) — паэтка, эсэістка, літаратурны крытык, перакладніца. Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1996 г.)
- Казімер Гадлоўскі (1934 — 1995) — польскі архэоляг-славіст.
Remove ads
Гарады-сябры
Remove ads
Галерэя
- Выгляд на Кракаў у паўночным кірунку. На пярэднім пляне: Вавэль з замкам і катэдрай.
- Пляц Яна Матэйкі
- Сукеньніца
- Старая Ратуша
- Катэдра
- У двары Вавэльскага замку
Глядзіце таксама
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads