Восіп Казлоўскі

беларускі, польскі і расейскі кампазытар, арганіст From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Во́сіп Казло́ўскі[a] (1757, засьценак Казловічы, Амсьціслаўскае ваяводзтва, цяпер Прапойскі раён Магілёўскай вобласьці — 11 сакавіка [ст. ст. 27 лютага] 1831, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя) — беларускі, польскі і расейскі кампазытар, арганіст.

Хуткія факты Дата нараджэньня, Месца нараджэньня ...
Remove ads

Жыцьцяпіс

Нарадзіўся ў беларускай шляхецкай сям’і ў засьценку Казловічах ля Прапойску. Дзядзька Восіпа Васіль Трутоўскі (вядомы ў свой час гусьляр), заўважыўшы музычныя здольнасьці свайго пляменьніка, у 1768 року адвёз яго вучыцца ў варшаўскай капэле пры касьцёле Сьвятога Яна.

У 1773—1778 роках настаўнік музыкі Міхала Клеафаса Агінскага ў Гузаве пад Варшавай, бываў у рэзыдэнцыі гетмана Міхала Казімера Агінскага ў Слоніме. У 1780-я рокі на запрашэньне Р. А. Пацёмкіна пераехаў у Пецярбург, дзе хутка заваяваў усеагульнае прызнаньне і аўтарытэт як кампазытар і арганізатар музычнага жыцьця расейскай сталіцы (з 1799 року «інспэктар музыкі» імпэратарскіх тэатраў, з 1803 року «дырэктар музыкі»). Тут сустракаўся з Міхалам Клеафасам Агінскім, выдаваў яго творы. У пачатку XIX ст. наведваў яго маёнтак Залесьсе на Гарадзеншчыне, напісаў там музыку да спэктаклю «Дажынкі ў Залесьсі». Бываў у Гарадзішчы ў сядзібе Ракіцкіх, дзе браў удзел у канцэртах і даваў урокі музыкі Каралю Ельскаму[b].

Пасьля 1819 року пераехаў у Прапойск, дзе працаваў кіраўніком хору і аркестру графа Мурамцава. У 1824 року вярнуўся ў Пецярбург.

Remove ads

Творчасьць

Папулярнасьць і славу Казлоўскаму як кампазытару прынёс сьвяточны палянэз «Гром победы, раздавайся», напісаны з нагоды ўзяцьця Ізмаіла ў 1791 року, які фактычна стаў дзяржаўным гімнам Расейскай імпэрыі (1791—1816).

Ягоныя творы напісаныя пераважна ў новых для тагачаснага расейскага музычнага мастацтва жанрах: «Рэквіем» (1798 рок, на сьмерць апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага), аркестравыя і фартэпіянныя палянэзы, лірычныя песьні-рамансы, у тым ліку 30 «Расейскіх песень», мелядрамы (музыка да трагедый Ж. Расіна, У. А. Озерава, Я. Б. Княжніна, А. Грузінцава і іншых).

Казлоўскі лічыцца клясыкам расейскай музыкі даглінкаўскай пары, стваральнікам героіка-драматычнага і лірыка-псыхалягічнага кірунку ў сымфанічнай музыцы, зьяўляецца правадніком новых, прынесеных з Захаду жанрава-стылявых плыняў у расейскім мастацтве, якія спрыялі яго «вестэрнізацыі» і якаснаму ўздыму. Галоўныя вобразна-эмацыянальныя сфэры музыкі Казлоўскага — прыўзьнята-сьвяточная, трагедыйная («бэтховенская») і лірыка-сэнтымэнтальная. У творах спалучаюцца рысы клясычнага і рамантычнага сьветаадчуваньняў. Творчасьць Казлоўскага, зьнітаваная з культурамі Беларусі, Польшчы і Расеі, зьяўляецца яркім і дасканалым узорам мастацтва пераходнай пары, што падрыхтавала наступленьне ўласна рамантычнай эпохі.

Remove ads

Заўвагі

  1. Іншая форма імя — Юзэф Казлоўскі
  2. Гэтае меркаваньне В. Дадзіёмавай спрэчнае. У аркестры двара Гарадзішча Людвіка Ракіцкага ігралі бацька і сын Казімер і Антоні Казлоўскія, гл.: НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 77, а таксама: Двор-Гарадзішча альбо Тэльман (Брагінскі раён)

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads