Міхал Клеафас Агінскі
(1765—1833) падскарбі вялікі літоўскі, кампазытар, дыплямат From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мі́хал Клеафа́с Агі́нскі (7 кастрычніка 1765, Гузаў Мазавецкага ваяводзтва — 15 кастрычніка 1833, Флярэнцыя) — кампазытар, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[1] і Рэчы Паспалітай[2]. Удзельнік паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі.
Міхал Клеафас Агінскі — аўтар знакамітага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай».
Remove ads
Біяграфія
Раньнія гады
З старэйшай княскай лініі роду Агінскіх, сын Андрэя, ваяводы троцкага, і Паўлы з Шэмбэкаў. Ад бацькі ўспадкаваў тытул графа.
Лічыцца, што Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасьня 1765 году ў польскім Гузаве прыкладна за 50 кілямэтраў ад Варшавы, якім валодаў яго бацька. Пра гэта ў мемуарах піша сам Міхал Клеафас. У лютым 2025 году летувіскія дасьледнікі апублікавалі раней невядомы запіс пра хрышчэньне, які знайшоў у мэтрычных кнігах Саланцкага касьцёла Паўлюс Ванюхінас, старшыня ўправы Інстытуту генеалёгіі, геральдыкі й вексілалёгіі й дырэктар Акадэміі геральдыкі. З мэтрыкі вынікае, што народжаны 25 верасьня 1764 году ў ваколіцах Салантаў у Жамойці (цяпер Клайпедзкі павет на захадзе Летувы) Міхал Клеафас Агінскі, быў ахрышчаны толькі вадой 29 верасьня ў мясцовым касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Дырэктар летувіскага Музэю гісторыі культуры Агінскіх у Рэтаве Вітас Руткаўскас пракамэнтаваў новыя зьвесткі так: «Гэтая інфармацыя неймаверная, нават, сказаў бы, сэнсацыйная — такая гістарычная фігура нарадзілася ў нашым краі»[3]. Як тлумачаць спэцыялісты, прынамсі супярэчнасьцяў у гэтым няма, звычайнай практыкай таго часу было двайное хрышчэньне, спачатку маглі пахрысьціць адной вадой, як у Салантах, а потым з большай урачыстасьцю хрысьцілі алеем, што, відаць, адбылося ў Гузаве. Таксама заўважаюць, што ў запісе аб хрышчэньні ў Гузаве няма зьвестак пра дату й месца нараджэньня хлопчыка[3].
Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасьці да музыкі і замежных моваў. Першыя музычныя ўражаньні атрымаў ад наведваньня Слоніма, дзе ягоны сваяк Міхал Казімер Агінскі ўтрымліваў тэатар эўрапейскага ўзроўню.
Міхалу Клеафасу Агінскаму ігру на фартэпіяна выкладаў Восіп Казлоўскі, прыдворны музыка сямейства. Скрыпцы яго навучаў Джаваньні Манэ Джарнавікі, пазьней удасканальваў свае веды ў Італіі ад Джаваньні Батысты Віёцьці і П’ера Мары Франсуа дэ Саля Баё[4].
Кар’ера
Абіраўся паслом сойму Рэчы Паспалітай (1786 год), быў камісарам Скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага (1788 год), потым займаў пасаду мечніка вялікага літоўскага (1789—1793). У 1790—1791 гадох быў надзвычайным амбасадарам у Галяндыі, выконваў дыпляматычную місію ў Лёндане.
У 1791 годзе мусіў прысягнуць маскоўскай гаспадыні Кацярыне II, каб захаваць свае маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі. Скептычна паставіўся да Канстытуцыі 3 траўня[1].
У 28-гадовым веку (1793 год) займаў пасаду падскарбія вялікага літоўскага, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм. Уваходзіў у склад дэлегацыі на перамовах з расейскім паслом(pl) Якавам Сіверсам[5]. Падпісваў акты пераходу(pl) тэрыторыяў другога падзелу да Расейскай імпэрыі і Прусіі][6]. Гарадзенскі сойм вылучыў яго ў склад Пастаяннае Рады[7].
Па перамозе ў 1793 годзе Таргавіцкай канфэдэрацыі падтрымаў яе і вярнуў сабе канфіскаваныя раней маёнткі.
Паўстаньне
У часе паўстаньня 1794 году далучыўся да віленскіх паўстанцаў, уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Ахвяраваў на патрэбы паўстаньня 188 тысячаў злотых, кіраваў 480 стральцамі.
У чэрвені 1794 году двойчы з аддзелам стралкоў і 200 коньнікамі спрабаваў прабіцца ў колішняе Менскае ваяводзтва, каб узьняць тамака паўстаньне. У жніўні 1794 году зрабіў рэйд да Дынабургу. Змагаўся супраць прускіх войскаў.
Па тым, як расейцы занялі Вільню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.
На радзіме і чужыне

Партрэты М. К. Агінскага
Жыў у Вене, Вэнэцыі, Стамбуле, Парыжы. У Парыжы кантактаваў з Шарлем Марысам дэ Талейранам і францускай Дырэкторыяй з мэтаю аднаўленьня незалежнасьці Рэчы Паспалітай.
Па ўступленьні на маскоўскі сталец Аляксандра I атрымаў магчымасьць вярнуцца на радзіму і працягнуць грамадзка-палітычную і мастацкую дзейнасьць. Па прысязе на вернасьць маскоўскаму гаспадару яму, як і ўсім выгнаньнікам, вярталіся ранейшыя маёнткі. У 1801 годзе ў Горадні ён прысягнуў на вернасьць, а ў лютым 1802 году прыехаў у Пецярбург, адкуль 28 красавіка выехаў у падараваны яму Францішкам Ксавэрам Агінскім даўні родавы маёнтак у Залесьсе Ашмянскага павету.

Жыў тут у 1802—1806 гадох, ажаніўся з італьянскай сьпявачкай Марыяй дэ Нэры, збудаваў новы палац, парк у ангельскім стылі, аранжарэі, зьвярынец, сабраў вялікую бібліятэку. Паводле адных зьвестак, у Залесьсі ён напісаў свой славуты палянэз «Разьвітаньне з Радзімай»[8]. У 1807 годзе сустракаўся з Напалеонам у Італіі.
У 1810 годзе атрымаў пасаду сэнатара і годнасьць тайнага саветніка, ордэны сьв. Уладзімера і Аляксандра Неўскага. Неаднойчы сустракаўся з маскоўскім гаспадаром Аляксандрам I у Пецярбургу, Вільні, Магілёве і Віцебску, распрацаваў і падаў яму плян аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расейскай імпэрыі[1], якое мусіла аб’яднаць восем губэрняў. Аднак маскоўскі гаспадар адхіліў гэты праект.
У чэрвені 1812 году Міхал Клеафас Агінскі зьехаў на ўсход разам з расейскімі войскамі, мешкаў у Пецярбургу. Па вайне з Напалеонам вярнуўся ў Залесьсе, дзе заставаўся да 1822 году, пакрысе адыходзячы ад палітычных справаў.
У 1823 годзе выехаў разам з радзінай у Італію, жыў у Флярэнцыі, займаўся літаратурнай і музычнай дзейнасьцю. Памёр 15 кастрычніка 1833 году, спачыў на кляштарных могілках пры касьцёле Санта Марыя Навэля, пазьней — у пантэоне Санта Крочэ.
Remove ads
Творчасьць
Вядомы як кампазытар, аўтар папулярных палянэзаў для фартэпіяна, якія вызначаюцца лірызмам, мэлядычнасьцю, зьвязаныя з народна-песеннымі традыцыямі[9]. У 1790-я гады напісаў шматлікія баявыя сьпевы, маршы, палянэзы. Найбольш папулярны ягоны палянэз ля-мінор «Разьвітаньне з Радзімай» (польск. Pożegnanie Ojczyzny). Творы Агінскага набылі значную вядомасьць ва ўдзельнікаў паўстаньня Касьцюшкі.
Пісаў таксама маршы (у тым ліку «Марш паўстанцаў 1794»), вальсы, мазуркі, мэнуэты, рамансы. Аўтар аднаактовай опэры «Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры».
У 1826—1827 гадох у Парыжы выдаў 4-томныя «Мэмуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (на францускай мове, у 1870—1873 гадох перакладзеныя на польскую мову), у якіх неаднойчы ўзгадвае пра свае беларуска-літвінскія карані[10]. Напісаў «Лісты пра музыку» (1828 год, выдадзеныя ў 1956 годзе).
Музыка Міхала Клеафаса Агінскага была надзвычай папулярная як пры жыцьці, так і па сьмерці кампазытара. Ягоныя палянэзы пачыналі тагачасныя баляваньні, вялікімі накладамі выдаваліся ў Вене, Міляне, Празе, Бэрліне, Пецярбургу. Высокую адзнаку творчасьці Міхала Клеафаса Агінскага даюць Эрнст Тэадар Амадэй Гофман, Макс Вэбэр, Фэрэнц Ліст.
Меў асабістае знаёмства з Вольфгангам Моцартам й Ёзэфам Гайднам, а таксама быў вучнем П'ерам Баё, Чарльзам Ляфона, Тамазо Кампанэлі.
Remove ads
Сям’я
У 1789 годзе пабраўся шлюбам з Ізабэлай Лясоцкай (1764—1852), зь якой разьвёўся ў 1803 годзе. Другім разам ажаніўся з Марыяй дэ Нэры (1778—1851). У гэтым шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Тамаш Антоні (1798—1844)
- Францішак Ксавэры (1801—1873)
- Амэлія (1803—1858)
- Ірэнеўш Клеафас (1808—1863/1870)
- Эма (1810—1871)
- Іда (1813—1864)
Памяць


Помнікі Міхалу Клефасу Агінскаму стаяць у Маладэчне (Беларусь) і Гузаве (Польшча). У Маладэчне імя Агінскага носіць музычны коледж.
У 1994 годзе Белпошта выдала адмысловую марку, прысьвечаную славутаму кампазытару. У красавіку 1996 году ў Флярэнцыі, на доме, дзе жыў Міхал Клеафас Агінскі, адкрылі мэмарыяльную шыльду (скульптар Валяр’ян Янушкевіч).
Колішняя сядзіба Агінскіх у Залесьсі, «Паўночныя Атэны» (як яе называлі сучасьнікі кампазытара), перайшла ў падпарадкаваньне Міністэрства культуры Беларусі — да Аб’яднаньня літаратурных музэяў, з 1990 году тут сьвяткуюцца ўгодкі яе былога гаспадара. 25 верасьня 2014 году адбылася адкрыцьцё рэстаўраванай сядзібы[11].
Імя Міхала Клеафаса Агінскага атрымалі вуліцы ў Горадні (2011[12]), Ждановічах.
З 2008 году ў польскім Івоніч-Здруі праводзіцца музычны фэст імя Міхала Клеафаса Агінскага[13].
22 жніўня 2011 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэньне памятныя манэты «М. Агінскі» сэрыі «Гісторыя і культура Беларусі». 23 сьнежня 2013 году Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў ухваліў Рашэньне № 386, якім прысвоіў імя Агінскага вуліцы ў мікрараёне Магістар[14]. У 2015 годзе ў Менску на плошчы Свабоды побач з катэдрай Сашэсьця Сьвятога Духу паставілі лаву Агінскага.
Remove ads
Дадатковыя зьвесткі

- У сваёй опэры «Зэліс і Валькур» Міхал Клеафас Агінскі вывеў на сцэну Напалеона і Юзэфа Сулкоўскага; для таго часу зрабіць дзейнымі асобамі яшчэ жывых людзей было ўнікальнай зьявай[15].
- Пры жыцьці кампазытара больш папулярным быў «Палянэз сьмерці» фа мажор, а не «Разьвітаньне з Радзімай» ля мінор.
- Міхал Клеафас Агінскі — аўтар дзьвюх музычных працаў — «Лісты пра музыку» і «Назіраньні над музыкай». Апрача таго, ён маляваў у клясычным стылі.
- Міхал Клеафас Агінскі першым стварыў палянэзы для слуханьня, а не для танцаў. Пазьней ягоную справу працягнуў Фрэдэрык Шапэн[15].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads