Севастопальская меская рада
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Севастопальская ме́ская ра́да (укр. Севастопольська міська рада) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Ўкраіны, разьмешчаная на поўдні краіны, на крайнім паўднёвым захадзе паўвостраву Крым. Мяжуе толькі з адзінай іншай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай дзяржавы — Аўтаномнай Рэспублікай Крым, адміністрацыйная мяжа зь якой пралягае на поўначы, усходзе й паўднёвым усходзе рады; на захадзе й поўдні абмываецца Чорным морам. Севастопальская меская рада мае статус асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Ўкраіны першага ўзроўню, не ўваходзячы ў склад Аўтаномнай Рэспублікі Крым і падпарадкоўваючыся непасрэдна органам цэнтральнае ўлады Ўкраіны.
Гэтым жа тэрмінам (укр. Севастопольська міська рада або скарочана Севастопольська міськрада) акрэсьліваецца орган мясцовага самакіраваньня адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
Remove ads
Геаграфія
Разьмешчаная на поўдні Ўкраіны, знаходзячыся на крайнім паўднёвым захадзе паўвостраву Крым, на поўначы, усходзе й паўднёвым усходзе праходзіць адміністрацыйная мяжа з Аўтаномнай Рэспублікай Крым, на захадзе й поўдні — узьбярэжжа Чорнага мора. Такім чынам, Аўтаномная Рэспубліка Крым уяўляе сабою адзіную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку Ўкраіну першага ўзроўню, зь якою мяжуе Севастопальская меская рада. Агульная даўжыня берагавой лініі — 143 км, адміністрацыйнае мяжы з АРК — 106 км. Плошча тэрыторыі рады — 864 км², што робіць раду найменшай паводле плошчы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Украіны першага ўзроўню[1].
На ўсходзе тэрыторыі, падпарадкаванай радзе, праходзяць узвышшы, што адносяцца да Крымскіх гораў. Па ўсёй тэрыторыі рады распасьцёртыя параўнальна невялікія рэкі Байдар, Бяльбек, Кача, Узунджа й Чорная, якія ўпадаюць у Чорнае мора, працякаючы з усходу на захад. На захадзе ўнутар тэрыторыі ўразаецца акваторыя Севастопальскае бухты, якая адначасова адразае паўночную частку Севастопалю, г. зв. Паўночны бок (укр. Північна сторона).
Remove ads
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

У адміністрацыйным дачыненьні Севастопальская меская рада падзеленая на чатыры раёны, пры гэтым уласна тэрыторыя гораду Севастопаль не зьяўляецца тоеснай панятку Севастопальская меская рада і не ўтварае ў ейным складзе асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі другога ўзроўню. Уся тэрыторыя рады ўключае акрамя ўласна гораду Севастопаль самастойнае места Інкерман, а таксама пасёлак мескага тыпу Кача і 29 паселішчаў сельскага тыпу (28 сёлаў і 1 пасёлак)[1].
Тэрыторыя ўласна гораду Севастопалю займае параўнальна невялікую прыбярэжную тэрыторыю на паўднёвым захадзе тэрыторыі рады й не складае асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў яе складзе. Адносна рады тэрыторыя места Севастопаль падзеленая між трыма з чатырох раёнаў, пры гэтым адзін з гэтых трох раёнаў — Нахімаўскі, уключае ня толькі кварталы гораду Севастопаль, але й некаторыя прадмескія тэрыторыі. Астатнія з трох раёнаў, Ленінскі ды Гагарынскі, уключаюць толькі мескія тэрыторыі Севастопалю. Балаклаўскі раён гарадзкія тэрыторыі Севастопалю не ўключае.
Гагарынскі раён займае крайні захад Севастопальскае мескае рады — Гераклейскі паўвостраў, і ўключае толькі тэрыторыі ўласна гораду Севастопаль. На ўсход ад раёну месьціцца Ленінскі раён, які таксама ўключае выключна мескія севастопальскія тэрыторыі. На ўсход і поўнач Ленінскага раёну, пабаапал Севастопальскае бухты знаходзіцца Нахімаўскі раён, які займае практычна ўвесь поўнач Севастопальскае рады і з гэтае прычыны ўключае ня толькі тэрыторыі ўласна места Севастопаль, але й пэўныя прадмескія тэрыторыі й паселішчы (Качынская пасялковая, Андрэеўская сельская, Верхнесадоўская сельская рады). На паўднёвы ўсход ад Нахімаўскага й на ўсход ад астатніх раёнаў разьмешчаны Балаклаўскі раён, які займае абсалютную большасьць ад тэрыторыі Севастопальскае мескае рады. Дадзены раён не ўключае тэрыторыі ўласна гораду Севастопаль, аднак у ягоны склад уваходзяць горад Інкерман (Інкерманская меская рада), населены пункт Балаклава, які фармальна ня мае статусу места, і вялікая колькасьць сельскіх паселішчаў (аб’яднаныя пад юрысдыкцыяй Арлінаўскай і Цярноўскай сельскіх радаў).
Remove ads
Насельніцтва
Паводле зьвестак на 1 красавіка 2014 году насельніцтва, якое пражывала ў межах Севастопальскае мескае рады, складала 385 998 чал., у тым ліку[2]:
Гісторыя
У 1992 годзе на аснове закону Ўкраіны «Аб прадстаўніку прэзыдэнта Ўкраіны» й Указу прэзыдэнта краіны ад 14 красавіка 1992 году «Аб становішчы мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі» і распараджэньні прэзыдэнта №9 ад 24 красавіка гэтага ж году была спыненая дзейнасьць Севастопальскага выканкаму Севастопальскага гарсавету, замест якога была зацьверджаная Севастопальская меская дзяржаўная адміністрацыя. У чэрвені 1994 году былі праведзеныя першыя прамыя выбары старшыні Севастопальскае мескае рады. 2 жніўня наступнага году ў адпаведнасьці з пунктам 1 указу прэзыдэнта Ўкраіны «Аб абласных, Кіеўскай і Севастопальскай мескіх, раённых у гарадох Кіеў і Севастопаль дзяржаўных адміністрацыях» была сфармаваная меская дзяржаўная адміністрацыя рады[4]. У верасьні 1998 году Канстытуцыйны Суд Украіны адмовіў у прамым абраньні старшыні рады ў сувязі з адсутнасьцю закону аб статусе Севастопалю, з прычыны чаго старшыня Севастопальскае мескае рады абіраецца дэпутатамі на сэсіі мескае рады.
З 2012 году ў сувязі з ратыфікацыяй Украінай Эўрапейскае Хартыі рэгіянальных моваў і моваў меншасьцяў і прыняцьцем закону «Аб захадах дзяржаўнае моўнае палітыкі» расейская мова, будучы роднаю мовай больш чым 10% ад насельніцтва рады, атрымала мажлівасьць набыць рэгіянальны статус, які й быў ёй нададзены мясцовымі дэпутатамі 16 верасьня 2012 году[5].
Анэксія Расеяй
У лютым — сакавіку 2014 году праз уцёкі адпраўленага ў адстаўку прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча й прызначэньнем в. а. прэзыдэнта Аляксандра Турчынава ў Севастопалі атрымалі разьвіцьцё пратэсты прарасейскіх сілаў, накіраваныя супраць новых уладаў краіны, у ходзе чаго легітымныя мясцовыя ўлады былі адхіленыя самаабвешчанымі палітычнымі сіламі прарасейскай арыентацыі. У сярэдзіне сакавіка самаабвешчаныя ўлады Севастопальскае мескае рады аб’явілі пра правядзеньне незаконнага паводле заканадаўства Ўкраіны рэфэрэндуму аб статусе тэрыторыі, у выніку якога паводле сьцьвярджэньняў самаабвешчаных палітычных структураў атрымаў перавагу варыянт «за ўзьяднаньне з Расеяй». Празь невялікі час самаабвешчаныя ўлады рады аб’явілі пра ўваходжаньне ў склад АРК (самаабвешчаныя ўлады якой пераназвалі аўтаномію ў Рэспубліку Крым), якая 16 сакавіка году фармальна аб’явіла незалежнасьць і адразу ж падала прашэньне аб уваходжаньні ў склад Расеі, кіраўніцтва якой ухваліла гэтую просьбу й абвясьціла ўключэньне самаабвешчанай Рэспублікі Крым у склад Расейскае Фэдэрацыі на правох двух асобных суб’ектаў фэдэрацыі (адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак) — уласна Рэспублікі Крым, тэрытарыяльна адпаведнай АРК Украіны, і места фэдэральнага значэньня Севастопаль, тэрытарыяльна адпаведнага Севастопальскай мескай радзе.
Працэс прыходу прарасейскіх сілаў, а таксама рэфэрэндум аб зьмене статусу рады зьяўялецца незаконным паводле заканадаўства Ўкраіны й не прызнаецца цэнтральнымі органамі ўлады краіны, што робіць расейскі кантроль над тэрыторыяй рады толькі фактычным (дэ-факта). Ужо да фактычнага ўсталяваньня кантролю Расеі над Севастопальскай мескай радай самаабвешчаныя ўлады рэгіёну скасавалі афіцыйны статус украінскае мовы, што таксама супярэчыць існаму заканадаўству.
Remove ads
Заўвагі
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads