Чазенія (аповесьць)
аповесьць Уладзімера Караткевіча, выдадзеная ў 1967 року From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Чазе́нія» — рамантычная аповесьць беларускага пісьменьніка Уладзімера Караткевіча, упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосьць» у 1967 годзе. Таксама вядомая як «паэма ў прозе(d)», аб чым гавораць і песенныя назвы разьдзелаў. У цэнтры аповесьці ляжыць каханьне маладых навукоўцаў: фізыка Севярына Будрыса і натураліста Гражыны Арсайлы — абое родам з паўночна-заходняй Беларусі. Падзеі адбываюцца ў далёкім Прыморскім краі РСФСР, першыя тры разьдзелы ва Ўладзівастоку, далей героі перамяшчаюцца ў запаведнік «Тыгравая падзь», сканчваецца кніга ў Маскве. Назву аповесьці дала далёкаўсходняя вярба чазенія (Chosenia arbutifolia) — гонкае, прыгожае, сьвятлолюбівае дрэва, што расьце на бясплодных галечніках уздоўж горных рэк, там, дзе нішто болей не расьце.
Remove ads
Remove ads
Задума
Задума напісаць твор пра мужных людзей, пра першабытную прыроду зьявілася ў Караткевіча падчас наведваньня ў 1965 року Далёкага Ўсходу і Прыморскага краю. Пісьменьнік адзначаў, што штуршком для напісаньня аповесьці сталі ўражаньні, атрыманыя падчас паездкі, а героі ягонай аповесьці маюць рэальных прататыпаў. Не апошнюю ролю ў задуме гэтага твору адыграла і трагедыя ў Хірасіме[1].
Сюжэт
Севярын Будрыс — малады фізык, удзельнік нейкага таямнічага, але вельмі значнага праекту. Цяжкая, магчыма, занадта бесчалавечная для ягонай узьнёслай натуры праца, сьмерць блізкага сябра — усё гэта разладжвае ягоную нэрвовую сыстэму. І начальства адпраўляе Будрыса ў бестэрміновы адпачынак у самае далёкае, якое толькі можна ўявіць, савецкае места — Уладзівасток. Але і тут жахлівыя атамныя сны перасьледуюць Севярына. Аднойчы ён знаёміцца з Васілём Паўлавым — выбітным майстрам ветразёвага спорту зь вялікай душой наросхрыст. Гэтае знаёмства крыху дапамагае яму акрыяць. Падчас салюту ў гонар перамогі над Японіяй у Амурскай затоцы вір натоўпу выштурхоўвае да парапета, дзе стаіць Будрыс, маладую дзяўчыну. Яны знаёмяцца, а пасьля Севярын праводзіць дзяўчыну да катэра, што меў забраць яе ў запаведнік Тыгравую падзь. За гэтыя некалькі гадзінаў Будрыс высьветліў, што дзяўчыну завуць Гражынай, што яна натураліст, і што ейныя продкі ўдзельнічалі ў паўстаньні 1863 року, і паабяцаў прыехаць да яе ў запаведнік першым жа катэрам.

Але катэра праз шторм не было, і нецярпліваму Севярыну прыйшлося дабірацца бурлівым морам спачатку з аватнурным Паўлавым на ягонай шкарлупінцы, пасьля па паспакайнелым моры на сэйнэры. Далей яго вяла таёжная сьцежка, везла дрызіна, падстаўляў плячо перавал — і ў рэшце рэшт Севярын аказаўся ў «штаб-кватэры» запаведніка, дзе яго гасцінна сустрэў начальнік Захар Іракліевіч Дзянісаў. На наступны дзень Будрыс у суправаджэньні белай лайкі Амура выправіўся ўверх па цячэньні ракі Тыгравай і без асаблівых прыгодаў, але зь мехам флярыстычных уражаньняў, дайшоў да паляўнічай хаткі, побач зь якой сустрэў Гражыну і яшчэ двух навукоўцаў — мужа і жонку, — што дапамагалі ёй у вывучэньні матылёў і неўзабаве тактоўна сышлі на іншую стаянку.
Севярын і Гражына размаўлялі, лавілі рыбу, гатавалі вячэру, і ва ўсіх гэтых няхітрых справах дзяўчына станавілася ўсё болей роднай, зразумелай і жаданай. Тым ня менш, за спрэчкаю паміж фізыкам і лірыкам паміж імі прабегла прафэсійна-сьветапоглядная шчыліна, якая да ночы чамусьці ператварылася ў прорву. Гражына пакінула Севярына каля вогнішча і пайшла ў хатку. І тут на дапамогу ледзь ня згасламу каханьню прыйшоў крыху неадэкватны леапард, які напужаў Амура і, хоць і сам спужаўся Севярына, стаў хадзіць коламі і пакрыўджана выць. Севярын перабраўся ў хату і лёг побач з Гражынай, але толькі пасьля сну з сынхрафазатронам дзяўчына (нарэшце!) убачыла ягоную душу, і вось тут ужо полымя каханьня асьвятліла ўсю паляўнічую хатку. Новы дзень адзначыўся паходам у джунглі, дзе каханьне запалала яшчэ мацней; а новая ноч — канчатковай перамогай Будрыса і Амура над леапардам, які, захвастаны абвугленымі доўбнямі, прызнаў паразу і сышоў назаўжды.
Далей было расстаньне і абяцаньне Гражыны прыехаць ва Ўладзівасток зь першым (або з другім) катэрам, але Будрыс і Амур чакалі дарэмна. Гражына вырашыла, што такое моцнае каханьне ня зможа палаць усё жыцьцё і абавязкова згасьне, а гэтага яна не перажыве, і пасьпешліва ўцякла ад Севярына. Аб гэтым ён даведаўся зь ліста, які атрымаў ад цяжарнай Гражыны праз два з паловай месяцы ўжо ў Маскве, на ранейшай працы. І, хоць дзяўчына просіць не шукаць яе, Севярын ведае, што абавязкова яе знойдзе.
Remove ads
Крытыка
Аляксей Русецкі гаворыць, што ў творы «б’ецца неспакойная, трывожная думка нашага сучасьніка пра будучыню чалавецтва, пра адказнасьць за асобу, за кожнага чалавека, за грамадзтва і цывілізацыю». Польскі дасьледчык Флярыян Няўважны лічыць, што аповесьць «Чазенія» — гэта твор «пра сілу жыцьця, трываласьць дружбы, пра сілу каханьня і спачуваньня, магутнасьць дабра, чалавечнасьці і праўды, што выяўлена ня толькі ў вобразах галоўных герояў, іхніх сяброў, але таксама ў зьявах прыроды, якая выступае тут, хто ведае, ці не галоўным героем і паказчыкам прагрэсу». Дасьледчык Галіна Гарадко адзначае, што Ўладзімер Караткевіч вырашае ўзьнятыя праблемы «ня проста на аснове асабістых узаемаадносін герояў, а галоўным чынам праз адносіны пэрсанажаў твора да гэтых праблемаў». Адам Мальдзіс сьцьвярджае: «„Чазенія“ — гэта ўзьнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе, Усурыйскай тайзе».
Асобныя дасьледчыкі вызначаюць жанр «Чазеніі» як «аповесьці рамантызаванай, паэтычнай і дынамічнай» (Сэрафім Андраюк). Іншыя лічаць яе «паэмай у прозе, дзе спалучаны лірыка-рамантычны пачатак з эпічным дзеяньнем» (Аляксей Русецкі, Флярыян Няўважны).
Аўдыёспэктакль
У 2018 року акторы Купалаўскага тэатру запісалі аўдыёспэктакль паводле «Чазеніі». Усяго ў запісе прынялі ўдзел каля паўсотні актораў, уключаючы тых, чыімі галасамі яшчэ ў 1986 загаварылі героі кнігі «Каласы пад сярпом тваім» — Віктар Манаеў, Валянцін Салаўёў[2], Аляксандар Малчанаў[3].
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads