Дні гэтага тыдня з панядзелка да суботы ўключна прыпадаюць на Вялікі пост перад Вялікаднем[2]. Пачынаецца ў Вербную нядзелю. Асноўныя набажэнствы прыпадаюць на: Вялікі чацьвер — успамін Таемнай вячэры, Вялікую пятніцу — ушанаваньне Пакутаў Хрыстовых на Жыватворным Крыжы, а таксама Сьвятую ноч — Велікоднае набажэнства[3]. Іншыя назвы: Белы[4], Вялікі, Страсны, Сьветлы[5], Сьвяты[6] і Чысты тыдзень[7].
Вялікі панядзелак. Іншая назва: Блакітны і Чысты панядзелак[8]. Успамін пра патрэбу ў духоўным плёне празь веру і добрыя справы, малітву і пакаяньне. У хрысьціянскіх храмах распавядаюць пра ўсушэньне Ісусам Хрыстом бясплоднай смакоўніцы з пышнай лістотай, якая стала вобразам крывадушных кніжнікаў і фарысэяў у вонкавай набожнасьці, але бяз добрых пладоў веры. Падрыхтоўка міраварэньня ў царкве.
Вялікі аўторак. Іншая назва: Чысты аўторак. Успамін прытчаў Ісуса Хрыста ў Ерусалімскім храме пра даніну кесару, уваскрасеньне мёртвых, Страшны суд, 10 дзеваў і адоранасьці.
Вялікая серада. Іншая назва: Драўляная страсьць. Успамін пра грэшную жонку, якая абмыла сьлязьмі і памазала мірам ногі Ісуса Збаўцы на вечары ў Віфаніі ў доме пракажонага Сымона. Таксама згадваюць 30 срэбранікаў, за якія Юда Іскарыёт прадаў Ісуса юдэйскім старэйшынам.
Вялікі чацьвер. Іншая назва: Чысты чацьвер. Успамін Таемнай вячэры, падчас якой Ісус Збаўца ўсталяваў новазапаветнае таінства прычасьця і абмыў ногі сваім 12 вучням у знак любові да іх. Таксама згадваюць малітву Ісуса ў Гэфсіманскім садзе і здраду Юды. Асьвячэньне міра.
Вялікая пятніца. Іншыя назвы: Велікодная і Чырвоная пятніца. Успамін асуджэньня на сьмерць і збаўных пакутаў Ісуса Збаўцы, а таксама яго сьмерці. Чытаюць 12 Эвангельляў Запавету Сьвятых Страсьцей. У канцы вячэрні выносяць плашчаніцу Хрыста ў труне. У храме прычашчаюцца і прыносяць адтуль дадому запаленыя сьвечкі. Таксама рыхтуюць рошчыну для велікоднай бабкі, куліча і паскі.
Вялікая субота. Іншая назва: Чырвоная субота. Успамін пахаваньня Ісуса Хрыста, знаходжаньня яго цела ў магіле і спасланьня душою ў пекла для абвяшчэньня перамогі над сьмерцю і збавеньня душаў, якія чакалі прышэсьця Збаўцы. У ерусалімскім храме Ўваскрасеньня Хрыстова сыходзіць жыватворны агонь[9].