From Wikipedia, the free encyclopedia
Пры́маж Тру́бар (па-славенску: Primož Trubar ; 9 чэрвеня 1508, Рашыца(sl) — 28 чэрвеня 1586, Тубінген) — славенскі першадрукар і дзяяч Рэфармацыі, перакладнік на славенскую мову Бібліі, заснавальнік і першы супэрінтэндант пратэстанцкай царквы ў Славеніі. Яго называюць «славенскім Лютэрам»[2].
Прымаж Трубар | |
Primož Trubar | |
Партрэт Прымажа Трубара з вокладкі ягонага Новага Запавету (XVI стагодзьдзе) | |
Дата нараджэньня | 9 чэрвеня 1508 |
---|---|
Месца нараджэньня | Рашыца, Крайна, Габсбурская манархія |
Дата сьмерці | 28 чэрвеня 1586 (78 гадоў) |
Месца сьмерці | Тубінген |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | перакладнік, перакладнік Бібліі, каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, protestant theologian, пратэстанцкі рэфарматар, пастар |
Дзеці | Felicijan Trubar[d][1] і Primus Truber[d][1] |
Прымаж Трубар нарадзіўся ў Рашыцы[2] (цяпер у грамадзе Вяліке Ляшчэ) ў сям’і заможнага млынара і цесьляра. Навучаўся ў Рыецы, пасьля ў Зальцбургу. Стаў сьвятаром. У 1524 року пазнаёміўся зь біскупам трыесцкім Пятром Банома, вядомым на той час гуманістам. У Трыесьце Прымаж прабыў па 1527 року, пасьля вярнуўся ў Крайну (тагачасная назва Славеніі), дзе атрымаў першы досьвед прапаведніцтва.
У 1528 паступіў у Венскі ўнівэрсытэт; аднак у наступным року навучаньне было перарванае з-за наступу туркаў. У 1530 Прымаж Трубар вярнуўся на радзіму, парафіяльным сьвятаром у мястэчка Ляшка(sl). У 1535 року Трубар прызначаны сьвятаром катэдры ў Любляне. Тут ён усё болей схіляецца да пратэстанцтва. Пэўны час яго не чапаюць дзякуючы падтрымцы біскупа Банома. У 1542 Трубара нават прызначаюць канонікам і прапаведнікам. Аднак люблянскі біскуп з падазрэньнем ставіўся да ягонага вучэньня, таму Прымаж Трубар быў вымушаны пакінуць парафію Сьв. Барталямэя, якою ён загадваў з 1546 року.
У 1547 року за распаўсюд пратэстанцкіх ідэяў Трубар быў высланы з краіны і пераехаў у Нямеччыну. На новым месцы Прымаж Трубар стаў прапаведнікам у Ратэнбургу-над-Таўбэрам, а пасьля парафіяльным сьвятаром Кэмптэна й Ураху каля Тубінгену. Ва Ўраху Трубар адчыніў славенскую друкарню. Тут ён выдаў першую друкаваную славенскую кнігу «Абэцэдар»(en) (1550) і першую перакладную кнігу на славенскую мову — «Катэхізіс»(en) (1551, зь нямецкай).
Тым часам Рэфармацыя моцна ўкаранілася ў Крайне, і ў 1560 року скупшчына(uk) герцагства запрасіла Трубара заняцца кіраваньнем і парадкаваньнем пратэстанцкай царквы сярод славенцаў. Прымаж склаў новы малітоўнік на аснове Вюртэмбэрскага, Нюрнбэрскага ды Мэкленбурскага царкоўных рэглямантаў. Не зважаючы на перашкоды з боку каталіцкай улады, Трубар з двума перапынкамі быў настаяцелем пратэстанцкай царквы ў Крайне да 1565 року, калі эрцгерцаг Карл Габсбург навечна выслаў яго па-за межы сваёй дзяржавы.
Трубар вярнуўся ў Нямеччыну і ў 1566 року пераклаў і надрукаваў славенскаю моваю Псалтыр. Увесь далейшы час прысьвяціў перакладу Новага Запавету. Пераклад быў скончаны ў 1581 року, у 1586 скончыў пераклад «Postilla» Марціна Лютэра. Выдаў таксама славенскія пераклады Аўгсбурскага, Вюртэмбэрскага і Саксонскага вызнаньняў пад назваю «Articuli», гімны і царкоўныя сьпевы.
Памёр сьвятаром у мястэчку Дэрэндынген пад Тубінгенам, дзе й пахаваны.
У 1986 року Славенскае тэлебачаньне паказала тэлесэрыял, зрэжысаваны Андрэем Строянам паводле сцэнару Драга Янчара, у якім у галоўнай ролі Прымажа Трубара зьняўся Польдэ Бібіч.
Трубар выяўлены на 10-толяравай банкноце[3] ўзору 1992 року, на 1-эўравай славенскай манэце (2007) і на 2-эўравай памятнай манэце (2008)[4][5], выбітай у год сьвяткаваньня 500-й гадавіны нараджэньня Прымажа Трубара[6]. Таксама ў гонар сьвяткаваньня была выдадзеная паштовая марка зь ягонай выявай[7].
У 2009 року высілкамі дабраахвотнікаў быў перавыдадзены Катэхізіс Трубара ў адаптацыі на сучасную славенскую мову з паралельным арыгінальным тэкстам[8].
З 2010 року 8 чэрвеня ў Славеніі адзначаюць як Дзень Прымажа Трубара[9].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.