From Wikipedia, the free encyclopedia
Тудаўля́не — этнаграфічная група беларусаў[1] на захадзе былога Ржэўскага павету Цьвярской губэрні.
Тудаўляне | |
Агульная колькасьць | ~45 000 (па стане на 1903 год) |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Ржэўскі і часткова Зубцоўскі паветы |
Мовы | Тудаўлянскія гаворкі, расейская мова |
Рэлігія | праваслаўе |
Блізкія этнасы | беларусы |
У вузкім сэнсе — жыхары старажытных воласьцяў Стары Туд, Малады Туд і Туд-Скаваратынь паабапал ракі Туд, правага прытока Волгі. У шырокім сэнсе назва «тудаўляне» ўжывалася этнографамі XIX стагодзьдзя для абазначэньня ўсяго беларускамоўнага насельніцтва правабярэжжа Верхняй Волгі.
У VII—IX стагодзьдзях гэты рэгіён, вядомы паводле «Аповесьці мінулых часоў» як Акоўскі лес, быў заселены смаленскімі крывічамі, у XIII—XIV стагодзьдзях уваходзіў у склад Таропецкага і Ржэўскага княстваў. Зь першай трэці XIV стагодзьдзя тут праходзіла мяжа ВКЛ з Маскоўскім і Цьвярскім княствамі, былі пабудаваныя «гради литовстии: Селук, Осечен, Горышин, Рясна, Сижка, Туд», якія часта пераходзілі з рук у рукі. Тудаўляне канчаткова засталіся па-за межамі ВКЛ пасьля ўдакладненьня мяжы паводле Палянаўскага міра 1634 году, але з прычыны адноснай ізаляванасьці краю (лясістасьць складала каля 3/4 тэрыторыі) доўгі час захоўвалі адметна беларускія рысы: мову, абрады («бабіна каша» ды іншыя), гульні («каралі», «проса»). Адрозьніваліся ад суседняга вялікарускага насельніцтва і насовамі — верхнім расхінным адзеньнем зь белага даматканага палатна, адкуль паходзіла іх мянушка «белакафтаншчына». Ужываліся і іншыя мянушкі — «Польшча», «шаплякі» (паколькі беларускія гукі «дз», «ц», мяккі «с» падаваліся вялікарускаму насельніцтву шапялявымі). У тудаўлянаў не існавала якой-небудзь саманазвы, хаця яны і ўсьведамлялі сваё адрозьненьне ад уласна расейцаў. У 1903 годзе тудаўлянаў дасьледаваў этнограф Яўхім Карскі, які вызначаў іх колькасьць у 45 тыс., у 1925—1926 гадох яны падрабязна вывучаліся Н. Грынковай. У XX стагодзьдзі адрозьненьні тудаўлянаў ад суседняга расейскага насельніцтва практычна сьцёрліся, хаця асобныя моўныя і іншыя рысы, уласьцівыя беларусам, адзначаліся ржэўскім краязнаўцам І. Вішняковым яшчэ ў сярэдзіне 1960-х гадоў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.