From Wikipedia, the free encyclopedia
Абвальванне плацін у Дэрне — трагедыя ў лівійскім горадзе Дэрна, якая адбылася на фоне шторму «Даніэль», калі ў ноч з 10 на 11 верасня 2023 года разбурыліся адразу дзве плаціны. На вуліцы горада хлынула прыкладна 30 мільёнаў куб. метраў вады[1]. ААН станам на 13 кастрычніка колькасць загінулых і прапаўшых ацаніла ў 12,7 тысяч[2][3].
Будаўніцтва дэрнскіх плацін ажыццяўляла югаслаўская кампанія «Hydrotenica-Hydronergetica»[4] з 1973 па 1977 год. Яны прызначаліся для барацьбы з паводкамі, арашэння сельскагаспадарчых угоддзяў і забеспячэння вадой бліжэйшых населеных пунктаў[5]. Вышыня адной (плаціна Мансура) — 75 метраў, другой (плаціна Дэрна або Білад) — 45 метраў. Ёмістасць вады ў плаціне Дэрна складала 1,5 мільёна кубічных метраў, а ёмістасць у плаціне Мансур — 22,5[6].
З 1998 года на дамбах фіксаваліся расколіны[7]. Намеснік мэра заяўляў, што аб’екты не абслугоўваліся з 2002-га[8]. Хоць на рамонт плацін у 2012—2013 гадах вылучаліся вялікія грошы, але фактычна ніякага тэхнічнага абслугоўвання не праводзілася[9]. Чыноўнікаў неадразова папяраджалі, што дамбы патрэбна тэрмінова адрамантаваць, каб пазбегнуць катастрофы ў выніку буйной паводкі[10].
Прычынай абвальвання сталі ападкі з-за ўздзеяння цыклону «Даніэль». Паміж 4 і 10 верасня 2023 года стыхія выклікала моцныя дажджы ў Грэцыі і Балгарыі. 10 верасня шторм абрынуўся на Лівію каля горада Бенгазі[11]. На паўночным усходзе краіны было зафіксавана 150-240 мм ападкаў за дваццаць чатыры гадзіны.
10 верасня гарадскія ўлады ўвялі каменданцкі час, а жыхарам забаранілі пакідаць свае дамы[12].
Як мяркуецца, першапачаткова разбурылася плаціна Дэрна[13]. Вада панеслася на 12 кіламетраў у бок мора і затапіла дамбу Мансур, якая таксама знаходзілася пад ціскам высокага ўзроўню вады[1]. Жыхары паведамілі, што калі прарываліся плаціны, то пачуліся два выбухі[14]. Незадоўга да 3:00 раніцы 11 верасня вада абрынулася на Дэрну. Жылыя кварталы былі знесены. Усяго 25% горада фактычна знішчана[15], прычым значная частка зацягнута ў Міжземнае мора[12].
Бальніцы ў горадзе спынілі працу. Моргі былі цалкам запоўнены, таму частку загінулых пакінулі на тратуарах і галоўнай плошчы. Больш за 300 цел адправілі ў морг Табрука. Больш за 1000 чалавек пазней пахаваны ў брацкіх магілах[16]. На пошук цел, знесеных у мора, улады накіравалі атрады марской пяхоты[13]. На працягу наступных дзён па меншай меры 200 загінулых былі знойдзены ў межах 20 кіламетраў ад Дэрны[17]. Іншыя былі знойдзены больш чым за 100 кіламетраў ад горада[16]. Таксама ў моры атрымалася знайсці аднаго жывога[18].
Ацэнкі колькасці ахвяр катастрофы моцна адрозніваюцца. Упраўленне ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў ацаніла колькасць загінулых у 11 300, але пазней адклікала гэтую лічбу[19]. Асман Абдэль Джаліл, міністр аховы здароўя лівійскага ўрада нацыянальнай стабільнасці заявіў, што ў Дэрне 6000 чалавек прапалі без вестак[20]. Мэр Абдэль Манэйм аль-Гаіці паведаміў пра 18 000—20 000 ахвяр, што складала 1/5 насельніцтва[21][22]. Толькі тры з дзесяці раёнаў перажылі паводкі[23]. Пяць з сямі дарог у Дэрну былі недаступныя[24]. Абвал чатырох мастоў уздоўж даліны падзяліў горад на дзве часткі[25]. Паводле ацэнак ААН, больш за 2200 будынкаў у горадзе затоплены[26].
Станам на 15 верасня ў ліку загінулых былі 145 егіпцян, з якіх 74 паходзілі з вёскі Назлет аль-Шарыф[27].
На 13 кастрычніка Упраўленнем ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў агулам пацверджана гібель 4300 чалавек, яшчэ 8540 прапалі без вестак. 42 тысячы чалавек вымушана пакінулі свае дамы[2][3][28]
У гістарычнай дэрнскай мячэці Аль-Сахаба хутка пачаліся пратэсты. Дэманстранты заклікалі звольніць чыноўнікаў урада ўсходняй Лівіі за тое, што яны не падтрымлівалі плаціну ў належным стане[29].
Трагедыя ў Дэрне павысіла дасведчанасць аб небяспецы абвалу плацін ва ўсім свеце. Асаблівая ўвага нададзена плаціне Мулаперыяр у Індыі, якая знаходзіцца пад пагрозай абвальвання[30].
Прэзідэнцкі савет Лівіі ў Трыпалі абвясціў Дэрну, а таксама Шахат і Аль-Байду, зонамі бедства[31]. Палата прадстаўнікоў, якая базуецца ў Бенгазі і кантралюе большасць пацярпелых раёнаў, абвясціла нацыянальную жалобу на тры дні, як і яе супернік — урад нацыянальнага адзінства на чале з прэм’ер-міністрам Абдэлям Хамідам Дбэйбе[32]. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый адзначыла, што два канкуруючыя ўрады каардынавалі адзін з адным намаганні па аказанні дапамогі[33].
14 верасня порт Дэрны стаў адкрыты для судоў з асадкай не больш за 6,5 метраў, але толькі для дастаўкі гуманітарнай дапамогі[34]. У заходняй частцы горада адноўлена электрычнасць[35]. У той жа дзень служба хуткай дапамогі Лівіі абвясціла, што астатнія жыхары Дэрны будуць эвакуіраваны, а горад будзе зачынены для ўсіх, акрамя пошукава-выратавальных груп[36].
15 верасня абвешчана, што распачнецца расследаванне катастрофы[37]. Праз 10 дзён мэр і яшчэ некалькі чыноўнікаў былі затрыманы па падазрэнні ў халатнасці[38].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.