Міжземнае мора
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Міжзе́мнае мо́ра — міжмацерыковае мора, што па паходжанні з’яўляецца глыбакаводнай псеўдаабісальнай унутрышэльфавай дэпрэсіяй[1][2], злучанай на захадзе з Атлантычным акіянам праз Гібралтарскі праліў[3].
Міжземнае мора амаль цалкам замкнёнае сушай: на ўсходзе — Левантам у Заходняй Азіі, на поўначы — Анатоліяй у Заходняй Азіі і Паўднёвай Еўропай, на поўдні — Паўночнай Афрыкай, а на захадзе — амаль цалкам іспанска-мараканскімі землямі. Мора займае плошчу каля 2 500 000 км²[4], што складае 0,7 % паверхні сусветнага акіяна, але ягоная злучэнне з Атлантыкай праз Гібралтарскі праліў — вузкі праліў, які злучае акіян з морам і аддзяляе Пірэнейскі паўвостраў у Еўропе ад Марока ў Паўночна-Заходняй Афрыкі — складае ўсяго 14 км у шырыню. Мора лічыцца часткай Атлантычнага акіяна, хоць яго часцяком атаясамляюць як цалкам асобны вадаём.
Геалагічныя даныя сведчаць, што каля 5,9 мільёна гадоў таму Міжземнае мора было адрэзана ад Атлантыкі і часткова або цалкам высахла на працягу прыкладна 600 000 гадоў падчас Месінскага крызісу салёнасці, перш чым зноў напоўніцца вадой у выніку Занклскай паводкі каля 5,3 мільёна гадоў таму.
Міжземнае мора мае сярэднюю глыбіню 1500 м, а самая глыбокая зафіксаваная кропка складае 5109 ± 1 м ва ўпадзіне Каліпса ў Іанічным моры. Мора размясцілася паміж 30° і 46° пн. ш. і 6° з. д. і 36° у. д.. Працягласць мора з захаду на ўсход, ад Гібралтарскага праліва да Іскендэрунскага заліва на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Турцыі, складае каля 4000 кіламетраў. Працягласць з поўначы на поўдзень значна вар’іруецца ў залежнасці ад розных берагавых ліній і таго, ці ўлічваюцца толькі прамыя маршруты. З улікам змяненняў па даўгаце, найкарацейшы суднаходны шлях паміж шматнацыянальным Трыесцкім залівам і лівійскім узбярэжжам заліва Сідра складае каля 1900 кіламетраў. Тэмпература вады мяккая зімой і цёплая летам, што вылучыла Міжземнамор’е ў асобны міжземнаморскі тып клімату, паколькі пры знаходжанні ў субтрапічнай пояснасці большасць ападкаў выпадае ў халодныя месяцы. Ягоныя паўднёвыя і ўсходнія ўзбярэжжы мяжуюць з гарачымі пустынямі, але непасрэдна ўзбярэжжа з усіх бакоў Міжземнага мора, як правіла, адчувае моцны змякчальны ўплыў мора.
Гісторыя Міжземнамор’я мае вырашальнае значэнне для разумення паходжання і развіцця многіх сучасных грамадстваў, а дзякуючы свайму значэнню рэгіён стаў калыскай цывілізацый. Мора было важным шляхам для купцоў і падарожнікаў старажытнасці, спрыяючы гандлю і культурнаму абмену паміж міжземнаморскіх народамі. Рымская імперыя на працягу стагоддзяў захоўвала марскую гегемонію над морам і з’яўляецца адзінай дзяржавай у гісторыі, якая калі-небудзь кантралявала ўсё яго ўзбярэжжа.
Сучасныя краіны, абмываемыя Міжземным морам і ягонымі ўскраіннымі морамі, у парадку па гадзіннікавай стрэлцы: Іспанія, Францыя, Манака, Італія, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Албанія, Грэцыя, Турцыя, Сірыя, Ліван, Ізраіль, Егіпет, Лівія, Туніс, Алжыр і Марока; Кіпр і Мальта з’яўляюцца астраўнымі дзяржавамі ў моры. Акрамя таго, паўпрызнаныя Паўночны Кіпр і Сектар Газа (Палесціна) і дзве заморскія тэрыторыторыі Вялікабрытаніі (Акратыры і Дэкелія і Гібралтар) таксама маюць берагавыя лініі ўздоўж Міжземнага мора. Вадазборны басейн ахоплівае вялікую колькасць іншых краін, прычым Ніл з’яўляецца найдаўжэйшай ракой, якая ўпадае ў Міжземнае мора. Міжземнае мора змяшчае вялізную колькасць астравоў, некаторыя з іх вулканічнага паходжання. Два найбуйнейшыя астравы, як па плошчы, так і па насельніцтве, — Сіцылія і Сардзінія.
Remove ads
Назвы і этымалогія


Старажытныя егіпцяне называлі Міжземнае мора Ўадж-Ўэр/Ўадж-Ур. Гэтая назва — літаральна «Вялікая Зеляніна» або «Вялікае Зялёнае» — была дадзена старажытнымі егіпцянамі прыбярэжнай вобласці, парослай папіруснымі зараслямі на поўнач ад апрацаванай дэльты Ніла, і, у больш шырокім сэнсе, мору за ім[5].
Старажытныя грэкі называлі Міжземнае мора проста «Мора» (ἡ θάλασσα, hē thálassa) або часам «Вялікае мора» (ἡ μεγάλη θάλασσα, hē megálē thálassa), «Наша мора» (ἡ ἡμετέρα θάλασσα, hē hēmetérā thálassa) і «Мора вакол нас» (ἡ θάλασσα ἡ καθ’ ἡμᾶς, hē thálassa hē kath’hēmâs)[6]. Многія антычныя аўтары, як, напрыклад, Герадот, не ўспрымалі Міжземнае мора за адзінае цэлае, карыстаючыся асобнымі назвамі для розных ягоных частак[6].
Рымляне называлі яго Mare Magnum («Вялікае мора») або Mare Internum («Унутранае мора»)[7] і, пачынаючы з Рымскай імперыі, Mare Nostrum («Наша мора»). Прынята лічыць, што ўпершыню тэрмін Mare Mediterrāneum, «Міжземнае мора», з’яўляецца ў рымскага пісьменніка Гая Юлія Соліна ў працы «De mirabilibus mundi» («Пра цуды свету», III стагоддзе), але найранейшае дакладна захаванае сведчанне ягонага свядомага прымянення адносіцца да VI стагоддзя[6], у архібіскупа Ісідара Севільскага[8]. Лацінскае Mediterrāneum складзена з medius («сярэдні», «пасярэдзіне», «пасярод»), terra («зямля») і -āneus (суфікс прыналежнасці).
Сучасная грэчаская назва Μεσόγειος Θάλασσα (mesógeios; «унутры сушы») з’яўляецца калькай лацінскай назвы, ад μέσος (mésos, «пасярэдзіне») і γήινος (gḗinos, «зямны»), ад γῆ (gê, «зямля»). Першапачатковае значэнне магло быць «мора пасярод зямлі», а не «мора, акружанае сушай»[9][10].
Старажытныя іранцы называлі яго «Рымскім морам», а ў класічных персідскіх тэкстах яно называлася Daryāy-e Rōm (دریای روم), што, магчыма, паходзіць ад сярэднеперсідскай формы Zrēh ī Hrōm (𐭦𐭫𐭩𐭤 𐭩 𐭤𐭫𐭥𐭬)[11]. У класічнай армянскай мове, калі армяне яшчэ шматлікова насялялі Анатолію, мора было вядома як «Грэчаскае» (Յունաց ծով Yunats’ tsov).
Карфагеняне называлі яго «Сірыйскім морам». У старажытных сірыйскіх тэкстах, фінікійскіх эпасах і ў яўрэйскай Старым Запавеце яно было пераважна вядома як «Вялікае мора» (הים הגדול HaYam HaGadol; (Лічбы 34:6,7; Ісус Навін 1:4, 9:1, 15:47; Езекііль 47:10,15,20) або проста як «Мора» (1 Цароў). Аднак яго таксама называлі «Задняе мора» праз ягонае размяшчэнне на заходнім узбярэжжы старажытнай Сірыі і, такім чынам, ззаду чалавека, які стаіць тварам на ўсход, — да Святой Зямлі; таму ж яго звалі таксама «Заходнім морам». Іншай назвай было «Мора філістымлян» (Зыход 23:31), ад назвы народа, які насяляў значную частку міжземнаморскага ўзбярэжжа побач з ізраэлітамі. На сучасным іўрыце яно называецца «Сярэднім морам» (הַיָּם הַתִּיכוֹן ha-yam ha-tikhón)[12]. У класічных персідскіх тэкстах таксама сустракаюцца назвы «Сірыйскае мора» (دریای شام Daryāy-e Šām) і «Заходняе»[13].
На арабскай літаратурнай мове яно вядома як «Белае Сярэдняе мора» (البَحْرُ الأَبْيَضُ الْمُتَوَسِّط al-baḥru l-ʔabyaḍu l-mutawassiṭ). У ісламскай і больш старажытнай арабскай літаратуры сустракаецца «Мора рымлян» або «Рымскае мора» (بَحْرُ الرُّوم baḥru r-rūm(ī)). Спачатку гэтая назва адносілася толькі да ўсходняй часткі Міжземнага мора, але пазней тэрмін распаўсюдзіўся на ўсё Міжземнае мора. Іншымі арабскімі назвамі былі «Мора Сірыі» (بَحْرُ الشَّام baḥru š-šām(ī)) і «Мора Захаду» (بحرالمغرب baḥr al-maghrib)[14][6].
На сучаснай турэцкай мора завецца як Akdeniz — літаральна «Белае мора»; хоць раней, на асманскай турэцкай, гэта ж назва — ﺁق دڭيز (запісаная арабіцай) — часта значыла толькі Эгейскае мора[15]. Паходжанне назвы незразумелае, паколькі яна невядомая ў больш ранніх грэчаскіх, візантыйскіх або ісламскіх крыніцах. Магчыма, назва ўзнікла ў супрацьпастаўленне Чорнаму мору на поўначы[14][12][16]. На персідскую мову назва была перакладзена як Baḥr-i Safīd, якая таксама выкарыстоўвалася ў пазнейшай асманскай мове[14]. Падобным чынам, у XIX стагоддзі і ў грэчаскай мове, імаверна, пад асманскім уплывам, бытавала назва Άσπρη Θάλασσα (áspri thálassa) — «Белае мора»[17][18].
Паводле Іагана Кноблаха, у антычнасці культуры Леванта выкарыстоўвалі колеры для абазначэння бакоў свету: чорны колер адносіўся да поўначы (што тлумачыць назву Чорнага мора), жоўты або сіні — да ўсходу, чырвоны — да поўдня (напрыклад, Чырвонае мора), а белы — да захаду. Гэта магло б растлумачыць балгарскую назву Бяло море, турэцкую Akdeniz і апісаную вышэй арабскую наменклатуру[19].
У стараанглійскіх аўтараў Міжземнае мора называлася Wendelsǣ, што можна перавесці як «Мора вандалаў» або «Вандальскае мора». Гэта звязана з дзейнасцю германскага племя вандалаў у V стагоддзі — іхняе перасяленне ў Паўночную Афрыку і захоп Карфагена ў 439 году, ключавога порта Рымскай імперыі ў рэгіёне, дзякуючы чаму флот вандалаў доўга панаваў у Заходнім Міжземнамор’і[20].
- Англійскай: Mediterranean Sea
- Лацінскай: Mare Mediterrāneum
- Іспанскай: Mar Mediterráneo
- Каталанскай: Mar Mediterrània
- Французскай: Mer Méditerranée
- Італьянскай: Mare Mediterraneo
- Сардзінскай: Mare Mediterràneu
- Нямецкай: Mittelmeer
- Славенскай: Sredozemsko morje
- Харвацкай: Sredozemno more
- Албанскай: Deti Mesdhe
- Балгарскай: Средиземно море
- Грэчаскай: Μεσόγειος Θάλασσα (/meˈso.ʝi.os ˈθa.la.sa/, Мэсо́іёс та́ласа)
- Турэцкай: Akdeniz
- Армянскай: Միջերկրական ծով (/mit͡ʃʰeɾkɾɑˈkɑn t͡sov/, Мічэркрака́н цов)
- Курдскай: Deryaya Navîn
- Іўрыт: הַיָּם הַתִּיכוֹן (ha-yam ha-tikhón, ха-ям ха-тыхон)
- Арабскай: البَحْرُ الأَبْيَضُ المُتَوَسِّطُ (albahr al’abyad almutawasit)
- Мальтыйскай: il-Baħar Mediterran
- Кабільскай: Ilel Agrakal
Remove ads
Гісторыя
Старажытныя цывілізацыі


Асноўныя старажытныя цывілізацыі Заходняй Еўразіі размяшчаліся вакол Міжземнага мора. Мора забяспечвала шляхі для гандлю, каланізацыі і войнаў, а таксама ежу (рыбалоўства і збор іншых морапрадуктаў) для шматлікіх супольнасцей на працягу стагоддзяў[21]. Найранейшымі развітымі цывілізацыямі ў Міжземнамор’і былі егіпцяне і мінойцы, якія актыўна гандлявалі паміж сабой. Іншымі значнымі цывілізацыямі, якія з’явіліся крыху пазней, былі хеты і іншыя анаталійскія народы, фінікійцы і мікенскія грэкі. Каля 1200 г. да н. э. Усходняе Міжземнамор’е моцна пацярпела ад катастрофы бронзавага веку, што прывяло да разбурэння многіх гарадоў і гандлёвых шляхоў глыбокай антычнасці.
Найбольш значнымі міжземнаморскімі цывілізацыямі класічнай антычнасці былі старажытныя эліны (грэкі) з іхнімі гарадамі-дзяржавамі і фінікійцы. Абедзве гэтыя цывілізацыі актыўна каланізавалі ўзбярэжжы Міжземнага мора.
Дарый I, ахеменідскі цар, які заваяваў Старажытны Егіпет, пабудаваў канал, што злучаў Чырвонае мора з Нілам, а значыць, і з Міжземным морам. Канал Дарыя быў дастаткова шырокі, каб дзве баявыя трыеры маглі ў ім размінуцца, не складаючы вёслаў, а на ягонае перасячэнне патрабавалася чатыры дні[22].
Пасля Пунічных войнаў (III—II стагоддзі да н. э.) Рымская рэспубліка перамагла карфагенян і амаль на тысячагоддзе стала пануючай дзяржавай у Міжземнамор’і. Калі Актавіян Аўгуст заснаваў Рымскую імперыю, рымляне празвалі мора Mare Nostrum («Наша мора»). На працягу наступных чатырохсот гадоў Рым аднаасобна кантраляваў Міжземнае мора ад аднаго краю да другога — ад Гібралтара да Леванта. Рымская імперыя стала адзінай дзяржавай у гісторыі, якая калі-небудзь цалкам валодала ўсім міжземнаморскім узбярэжжам, за што мора празвалі «Рымскім возерам».
Сярэднявечча і імперыі
Заходняя Рымская імперыя распалася каля 476 г. н.э. Усход зноў стаў дамінаваць, паколькі рымская ўлада працягвала існаваць у Візантыйскай імперыі, якая ўтварылася ў IV стагоддзі з усходняй паловы Рымскай імперыі. Хоць Усходняя Рымская імперыя працягвала ўтрымліваць амаль усё Міжземнамор’е, у VII стагоддзі ўзнікла іншая сіла на прасторах Аравіі, а разам з ёй і рэлігія іслам, якая неўзабаве стала імкліва распаўсюджвацца з усходу; у перыяд найбольшага росквіту арабы пад уладай Амеядаў кантралявалі ўсё левантыйскае, паўночнаафрыканскае і нават іберыйскае ўзбярэжжы Міжземнамор’я, карэнным чынам паўплываўшы на напрамак развіцця мясцовых культур.

Падчас арабскага панавання праз гандлёвыя сеткі ісламскага свету ў Іспанію і на Сіцылію (Заходняе Міжземнамор’е) трапілі розныя прадукты харчавання, спецыі і сельскагаспадарчыя культуры. Сярод іх цукровы трыснёг[23], рыс[24], бавоўна, люцэрна, апельсіны[25], лімоны[26], абрыкосы[27], шпінат[28], баклажаны[29], морква[30], шафран[31] і бананы[32]. Арабы таксама працягвалі шырокае вырошчваць масліны і вырабляць аліўкавы алей (іспанскія словы «алей» і «аліўка» — aceite і aceituna адпаведна — паходзяць ад арабскага الزَّيْت (аз-зайт, «алей»)[33], а таксама гранаты, вядомыя яшчэ з часоў класічнай грэка-рымскай эпохі.
Раннія мусульманскія заваяванні парушылі гандлёвыя адносіны паміж Заходняй і Усходняй Еўропай, а таксама гандлёвыя шляхі з усходнеазіяцкімі імперыямі. Гэта, аднак, ускосна спрыяла развіццю гандлю праз Каспійскае мора. Экспарт збожжа з Егіпта быў перанакіраваны на Усход. Тавары з усходнеазіяцкіх імперый, такія як шоўк і спецыі, дастаўляліся маракамі і яўрэйскімі купцамі з Егіпта ў такія парты, як Венецыя і Канстанцінопаль. Набегі вікінгаў яшчэ больш падарвалі гандаль у Заходняй Еўропе і прывялі да ягонага спынення. Разам з тым старажытныя скандынавы развілі гандаль ад Нарвегіі да Белага мора, дзе таксама гандлявалі прадметамі раскошы з мусульманскай Іспаніі і Міжземнамор’я. Візантыйцы ў сярэдзіне VIII стагоддзя аднавілі кантроль над паўночна-ўсходняй часткай Міжземнамор’я. Венецыянскія караблі з IX стагоддзя ўзбройваліся, каб супрацьстаяць нападам арабаў, адначасова засяроджваючы гандаль азіяцкімі таварамі ў Венецыі[34].

Фаціміды падтрымлівалі гандлёвыя адносіны з італьянскімі гарадамі-дзяржавамі, такімі як Амальфі і Генуя, яшчэ да Крыжовых паходаў, паводле дакументаў Каірскай генізы. Так, у дакуменце ад 996 года згадваюцца амальфійскія купцы, якія жылі ў Каіры. У іншым лісце гаворыцца, што генуэзцы гандлявалі з Александрыяй. Халіф аль-Мустансір каля 1060 года дазволіў амальфійскім купцам жыць у Іерусаліме замест лацінскага хоспіса[35].
Крыжовыя паходы прывялі да росквіту гандлю паміж Еўропай і Усходам праз утвораныя дзяржавы крыжакоў[36]. Рэспублікі Генуя, Венецыя і Піза таксама ўтварылі калоніі ва Усходнім Міжземнамор’і, у асноўным на астравах, і нават у Прычарнамор’і і Прыазоўі. Хоць канчатковае падзенне дзяржаў крыжакоў і спробы рымскіх папаў забараніць гандаль з мусульманскімі краінамі часова і парушалі гандлёвыя плыні з Усходам, сам гандаль тым не менш працягваўся[37].
Аднак раздробненая Еўропа пачала адраджацца па меры таго, як у позняе Сярэднявечча, пасля эпохі Адраджэння XII стагоддзя, сталі ўтварацца больш арганізаваныя і цэнтралізаваныя дзяржавы.

Няўхільна расла і мацнела магутнасць асманскай дзяржавы, якая сыходзіла каранямі да цюркскіх плямёнаў сельджукаў, што з’явіліся ў Анатоліі ў XI стагоддзі і з тых часоў адымалі ў Візантыі ўсё больш уладанняў. Гэтая экспансія дасягнула свайго апагею ў 1453 годзе, калі пад націскам асманаў упаў найвялікшы горад той эпохі, Канстанцінопаль. З захопам імперскай сталіцы спыніла сваё існаванне і тысячагадовая Візантыйская імперыя. У XVI стагоддзі асманы ўсталявалі кантроль над большай часткай Усходняга Міжземнамор’я, а таксама ўтрымлівалі ваенна-марскія базы на поўдні Францыі (1543—1544), у Алжыры і Тунісе. Барбароса, асманскі капітан, з’яўляецца сімвалам гэтага панавання праз перамогу ў бітве пры Прэвезе (1538). Бітва пры Джэрбе (1560) адзначыла вяршыню асманскага ваенна-марскога панавання ва Ўсходнім Міжземнамор’і. Па меры таго, як ваенна-марская моц еўрапейскіх дзяржаў расла, яны супрацьстаялі асманскай экспансіі ў рэгіёне, а бітва пры Лепанта (1571) стала пераломнай вяхой супраць асманскага флота. Гэта была апошняя буйная марская бітва, якая вялася пераважна паміж галерамі.
Берберскія карсары Паўночна-Заходняй Афрыкі рабавалі хрысціянскія караблі і ўзбярэжжы ў заходняй частцы Міжземнага мора[38]. Паводле Роберта Дэвіса, з XVI па XIX стагоддзе піраты захапілі ў рабства ад 1 да 1,25 мільёна еўрапейцаў[39].
Развіццё акіянскага суднаходства пачало ўплываць на ўсё Міжземнамор’е. Раней большая частка гандлю паміж Заходняй Еўропай і Усходам праходзіла праз гэты рэгіён і Блізкі Усход сухапутна, але пасля 1490-х гадоў развіццё марскога шляху ў Індыйскі акіян праз абгінанне Афрыкі дазволіла імпартаваць спецыі з далёкай Азіі і іншыя тавары праз атлантычныя парты Заходняй Еўропы[40][41][42].

Мора ва ўсе часы заставалася стратэгічна важным. Брытанскае валоданне Гібралтарам на крайнім поўдні Іспаніі забяспечвала Брытанскай Кароне ўплыў у Афрыцы і Паўднёва-Заходняй Азіі. Асабліва пасля марской бітвы пры Абукіры (1799) ў берагоў Егіпта і Трафальгарскай бітвы (1805) супраць іспана-французскага флота брытанцы на доўгі час умацавалі сваё панаванне ў Міжземным моры[43]. Сярод іншых буйных баявых дзеянняў на Міжземным моры былі марскія аперацыі Першай сусветнай вайны і тэатр ваенна-марскіх дзеянняў Другой сусветнай вайны.
З адкрыццём бесшлюзавага Суэцкага канала ў 1869 годзе тавараабарот паміж Еўропай і Азіяй карэнным чынам змяніўся. Найхутчэйшы шлях цяпер пралягаў праз Міжземнае мора ў напрамку Усходняй Афрыкі і Азіі, здымаючы неабходнасць абплываць усю Афрыку. Гэта прывяло да таго, што міжземнаморскія краіны і іхнія парты, такія як Трыест, якія мелі прамыя сувязі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай, перажылі хуткі эканамічны ўздым. У XX стагоддзі Першая і Другая сусветныя войны, а таксама Суэцкі крызіс (1956) і Халодная вайна (2-я палова XX ст.) прывялі да зруху гандлёвых шляхоў да паўночных партоў Еўропы, што зноў змянілася ў бок паўднёвых партоў дзякуючы еўрапейскай інтэграцыі, актывізацыі «Новага шаўковага шляху» і свабоднаму сусветнаму гандлю[44].
XXI стагоддзе і міграцыі
- Падрабязны разгляд тэмы: Еўрапейскі міграцыйны крызіс (2015), Спіс інцыдэнтаў з суднамі мігрантаў у Міжземным моры, і Храналогія еўрапейскага міграцыйнага крызісу 2015 года
Спадарожнікавы фотаздымак Міжземнага мора ўначы
У 2013 годзе прэзідэнт Мальты назваў Міжземнае мора «могілкамі» праз вялікую колькасць мігрантаў, якія патанулі там пасля таго, як іхнія лодкі перакуліліся[45]. Старшыня Еўрапейскага парламента Марцін Шульц у 2014 годзе заявіў, што міграцыйная палітыка Еўропы «ператварыла Міжземнае мора ў могілкі», маючы на ўвазе колькасць загінулых у рэгіёне бежанцаў як прамы вынік гэтай палітыкі[46]. Азербайджанскі чыноўнік Наўруз Мамедаў назваў мора «месцам пахавання <…> дзе гінуць людзі»[47].
Пасля караблекрушэння з мігрантамі ля Лампедузы ў 2013 годзе італьянскі ўрад Энрыка Леты вырашыў узмацніць нацыянальную сістэму патрулявання Міжземнага мора, санкцыянаваўшы аперацыю «Mare Nostrum» — ваенную і гуманітарную місію з мэтай выратавання мігрантаў і арышту кантрабандыстаў, якія перавозяць імігрантаў. У 2015 годзе больш за мільён мігрантаў перасеклі Міжземнае мора на шляху ў Еўропу[48].
Італія асабліва пацярпела ад Еўрапейскага міграцыйнага крызісу. З 2013 года ў Італію прыбыло больш за 700 000 мігрантаў[49], у асноўным выхадцаў з краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары[50].
Remove ads
Геаграфія
Спадарожнікавы здымак Міжземнага мора. Гібралтарскі праліў бачны ў левай ніжняй (паўночна-заходняй) чвэрці здымка; злева ад яго — Пірэнейскі паўвостраў у Еўропе, а справа — Магрыб у Афрыцы.
Міжземнае мора злучаецца:
- з Атлантычным акіянам праз Гібралтарскі праліў (вядомы ў творах Гамера як «Геркулесавы слупы») на захадзе;
- з Мармуровым морам і Чорным морам праз пралівы Дарданэлы і Басфор адпаведна, на ўсходзе.
Штучны Суэцкі канал даўжынёй 163 км на паўднёвым усходзе злучае Міжземнае мора з Чырвоным морам без шлюзаў, паколькі ўзровень вады ў іх практычна аднолькавы[12][51].
Крайні заходні пункт Міжземнага мора знаходзіцца на пераходзе ад мора Альбаран да Гібралтарскага праліва, крайні ўсходні пункт — на ўзбярэжжы Іскендэрунскага заліва на паўднёвым усходзе Турцыі. Крайні паўночны пункт Міжземнага мора — на ўзбярэжжы Трыесцкага заліва каля Манфальконэ на поўначы Італіі, а крайні паўднёвы пункт — на ўзбярэжжы заліва Сідра каля лівійскага горада Эль-Агейла.
Буйныя астравы Міжземнага мора ўключаюць (па меры змяншэння памеру):
- Кіпр, Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас, Хіяс, Кефалінія, Керкіра, Лемнас, Самас, Наксас і Андрас ва Усходнім Міжземнамор’і;
- Сіцылія, Црэс, Крк, Брач, Хвар, Паг, Корчула і Мальта ў цэнтральнай частцы Міжземнага мора;
- Сардзінія, Корсіка і Балеарскія астравы: Івіса, Мальёрка і Менорка ў Заходнім Міжземнамор’і.
Альпійская горная дуга, якая таксама аказвае значны метэаралагічны ўплыў на Міжземнаморскі рэгіён, на захадзе дасягае Міжземнага мора ў ваколіцах Ніцы, усходнім краем ідзе ў мацярык.
Тыповы міжземнаморскі клімат характарызуецца гарачым, сухім летам і мяккай, дажджлівай зімой. Сельскагаспадарчыя культуры рэгіёна ўключаюць масліны, вінаградзіну, апельсіны, мандарыны, ражковае дрэва, корак і іншыя.
Ускраінныя моры


Міжземнае мора ўключае 15 ускраінных мораў[52]:
Заўвага 1: Міжнародная гідраграфічная арганізацыя не прызнае Сардзінскае мора і вызначае гэту акваторыю як агульную частку Міжземнага мора ў Заходнім басейне[54].
Заўвага 2: Фракійскае мора і Міртойскае мора з’яўляюцца морамі, якія ўваходзяць у склад Эгейскага мора.
- Гл. таксама
- Спіс мораў
- Катэгорыя:Ускраінныя моры Міжземнага мора
- Катэгорыя:Залівы Міжземнага мора
- Катэгорыя:Пралівы Міжземнага мора
- Катэгорыя:Каналы Міжземнага мора
Межы
Міжнародная гідраграфічная арганізацыя вызначае межы Міжземнага мора наступным чынам[54]: Працягваючыся ад Гібралтарскага праліва на захадзе да ўваходаў у Дарданэлы і Суэцкі канал на ўсходзе, Міжземнае мора абмежавана ўзбярэжжамі Еўропы, Афрыкі і Азіі і падзяляецца на два глыбакаводныя басейны.
- Заходні басейн:
- На захадзе: Лінія, якая злучае іспанскі мыс Трафальгар (36°11′ пн. ш. 6°02′ з. д.HGЯO) і мараканскі мыс Спартэль (35°48′02″ пн. ш. 05°54′22″ з. д.HGЯO).
- На паўночным усходзе: Заходняе ўзбярэжжа Італіі. У Месінскім праліве — лінія, якая злучае паўночны ўскраек мыса Пачы (38°15′ пн. ш. 15°43′ у. д.HGЯO) з мысам Пелора (38°15′58″ пн. ш. 15°39′11″ у. д.HGЯO), усходнім ускрайкам вострава Сіцылія. Паўночнае ўзбярэжжа Сіцыліі.
- На ўсходзе: Лінія, якая злучае мыс Лілібеа — заходні пункт Сіцыліі (37°47′ пн. ш. 12°22′ у. д.HGЯO), — праз банку Аджэнчэр да туніскага мыса Бон (36°45′ пн. ш. 10°45′ у. д.HGЯO).
- Усходні басейн:
- На захадзе: Паўночна-ўсходнія і ўсходнія межы Заходняга басейна.
- На паўночным усходзе: Лінія, якая злучае мысы Кумкале (39°58′ пн. ш. 26°11′ у. д.HGЯO) і Гелес (40°02′35″ пн. ш. 26°10′31″ у. д.HGЯO), заходні ўваход у Дарданэлы.
- На паўднёвым усходзе: Уваход у Суэцкі канал.
- На ўсходзе: Узбярэжжы Лівана, Сірыі і Ізраіля.
Найбуйнейшыя астравы


Міжземнае мора налічвае каля 10 000 астравоў і скал, з якіх каля 250 маюць пастаяннае насельніцтва[55]. У табліцы ніжэй пералічаны найбуйнейшыя астравы паводле плошчы.
Гідраграфія

Вадазборны басейн Міжземнага мора асабліва неаднародны і распасціраецца значна далей, чым Міжземнаморскі рэгіён[56]. Ягоны памер ацэньваецца ад 4 000 000 да 5 500 000 км²[заўв 1] у залежнасці ад таго, ці ўключаюцца бязводныя часткі пустынь[57][58][59]. Найпрацяглейшая рака, што ўпадае ў Міжземнае мора, — Ніл, што бярэ пачатак у экватарыяльнай Афрыцы. Басейн Ніла складае каля дзвюх трацін вадазборнага басейна Міжземнага мора[58] і ахоплівае тэрыторыі аж да высакагорных раёнаў Рувензоры глыбока ў Афрыканскім мацерыку[60]. Сярод іншых важных рэк Афрыкі — Мулуя і Шэліф, абедзве на паўночным схіле Атласкіх гор. У Азіі — Джэйхан і Сейхан, абедзве на паўднёвым схіле Таўрскіх гор[61]. У Еўропе найбуйнейшыя вадазборы маюць Рона, Эбра, По і Марыца[62]. Вадазбор Роны з’яўляецца найбуйнейшым і распасціраецца на поўнач аж да гор Юра, ахопліваючы нават раёны на паўночным схіле Альпаў[63]. Вадазборы Эбра, По і Марыцы адпаведна знаходзяцца на поўдзень ад Пірэнеяў, Альпаў і Балканскіх гор — асноўных горных хрыбтоў, што абмяжоўваюць Паўднёвую Еўропу.
Агульная гадавая колькасць ападкаў значна вышэйшая ў еўрапейскай частцы міжземнаморскага басейна, асабліва каля Альпаў («воданапорнай вежы Еўропы») і іншых высокіх горных хрыбтоў. У выніку рачны сцёк Роны і По параўнальны са сцёкам Ніла, нягледзячы на тое, што басейн апошняга значна большы[61]. Гэта адзіныя тры ракі з сярэднім расходам вады больш за 1 000 м³/с[58]. Сярод буйных прыродных прэсных вадаёмаў — возера Вікторыя (вадазбор Ніла), Жэнеўскае возера (Рона) і Вялікія перадальпійскія азёры (По). У той час як вадазбор Міжземнага мора ў Еўропе мяжуе з іншымі рачнымі басейнамі, у іншых месцах ён у асноўным мяжуе з бяссцёкавымі басейнамі або пустынямі.
Наступныя краіны знаходзяцца ў вадазборным басейне Міжземнага мора, але не маюць выхаду да ягонага ўзбярэжжа:
- У Еўропе, праз розныя рэкі[62]: Андора (праз Эбра), Балгарыя (праз Струму, Марыцу і Месту), Косава (праз Дрын), Паўночная Македонія (праз Дрын і Вардар), Сан-Марына (праз Марэк’ю[64]), Сербія (праз Струму) і Швейцарыя (праз Рону, По і Адыджэ).
- У Афрыцы, праз Ніл[65]: ДР Конга, Бурундзі, Эрытрэя, Эфіопія, Кенія, Руанда, Паўднёвы Судан, Судан, Танзанія і Уганда.
Клімат
Клімат Міжземнага мора вызначаецца ягоным становішчам у субтрапічным поясе і адрозніваецца вялікай спецыфікай, якая вылучае яго ў самастойны міжземнаморскі тып клімату, якому ўласцівыя мяккая зіма і гарачае засушлівае лета. Узімку над морам устанаўліваецца фронт паніжанага ціску атмасферы, што вызначае няўстойлівае надвор’е з частымі штармамі і шчодрымі ападкамі; халодныя паўночныя вятры зніжаюць тэмпературу паветра. Развіваюцца мясцовыя вятры: халодны паўночна-заходні містраль ў Ліёнскім заліве, парывісты халодны бара на ўсходзе Адрыятычнага мора і моцны сухі мельтэмі ў акваторыі Эгейскага мора. Улетку большую частку Міжземнага мора ахоплівае грэбень Азорскага антыцыклону, які вызначае перавагу яснага надвор’я з невялікім воблачнасцю і малой колькасцю ападкаў. У летнія месяцы назіраюцца сухія туманы і пыльная імгла, якая прыносіцца з Афрыкі паўднёвым ветрам сірока. Ва Усходнім басейне развіваюцца ўстойлівыя паўночныя вятры — этэзіі.
Сярэдняя тэмпература паветра ў студзені змяняецца ад 14-16 °C ля паўднёвых берагоў да 7-10 °C на поўначы, у жніўні — ад 22-24 °C на поўначы да 25-30 °C у паўднёвых раёнах мора. Выпарэнне з паверхні Міжземнага мора дасягае 1250 мм у год (3130 км³). Адносная вільготнасць паветра змяняецца ад 50-65 % летам да 65-80 % зімой. Воблачнасць летам 0-3 балы, зімой каля 6 балаў. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў 400 мм (каля 1000 км³), яна змяняецца ад 1100—1300 мм на паўночным захадзе да 50-100 мм на паўднёвым усходзе, мінімум — у ліпені-жніўні, максімум — у снежні. Характэрныя міражы, якія часта назіраюцца, напрыклад, ў Месінскім праліве (з’ява фата-марганы).
Сярэдняя тэмпература вады на паверхні ў лютым ад 8—12 °C да 17 °C, у жніўні ад 19 °C ў Ліёнскім заліве да 27-30 °C на ўсходзе. Салёнасць ад 36 ‰ на захадзе да 39,5 ‰ на ўсходзе. Прылівы сутачныя і змяшаныя, іх велічыня ў большасці раёнаў складае 0,1-0,5 м.
Прыбярэжныя краіны

Наступныя краіны маюць выхад да Міжземнага мора:
- Паўночнае ўзбярэжжа (з захаду на ўсход): Іспанія, Францыя, Манака, Італія, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Албанія, Грэцыя, Турцыя.
- Усходняе ўзбярэжжа (з поўначы на поўдзень): Турцыя, Сірыя, Ліван, Ізраіль, Егіпет.
- Паўднёвае ўзбярэжжа (з захаду на ўсход): Марока, Алжыр, Туніс, Лівія, Егіпет.
- Астраўныя дзяржавы: Мальта, Кіпр.
Некаторыя іншыя тэрыторыі (аўтаноміі і напаўпрызнаныя дзяржавы) таксама мяжуюць з Міжземным морам (з захаду на ўсход):
- брытанская заморская тэрыторыя Гібралтар;
- іспанскія аўтаномныя гарады Сеўта і Мелілья і бліжэйшыя астравы;
- Паўночны Кіпр
- суверэнныя ваенныя базы Акратыры і Дэкелія на Кіпры;
- палесцінскі Сектар Газа.
Выключныя эканамічныя зоны
Выключныя эканамічныя зоны ў Міжземным моры[66][67]:
Remove ads
Марское дно

Міжземнае мора мае шматлікія падводныя геалагічныя ўтварэнні, якія сфарміраваліся ў выніку субдукцыі Афрыканскай пліты пад Еўразійскую пліту[68][69]. Мора натуральным чынам падзяляецца на заходнюю і ўсходнюю часткі падводным Мальтыйскім уступам, які цягнецца ад вострава Сіцылія да афрыканскага ўзбярэжжа[70][71][72][73].
У Заходнім Міжземнамор’і вылучаюць тры асноўныя падводныя басейны[74]:
- Альбаранскі басейн, размешчаны паміж узбярэжжамі Марока і Іспаніі (на ўсход ад Гібралтара, на захад ад Сардзініі і Корсікі), служыць праходам паміж Атлантычным акіянам і Міжземным морам і з’яўляецца ачагом біяразнастайнасці[75];
- Алжырскі басейн, што распасціраецца ад алжырскага да французскага ўзбярэжжа, мае глыбіню да 2 800 м[76]. Тут вялася і вядзецца значная разведка вуглевадародаў, асабліва ля ўзбярэжжаў Алжыра, Лівіі і Туніса[77]. На паўднёва-ўсходнім краі, у Сіцылійскім (Туніскім) праліве, знаходзяцца Флегрэйскія палі — група падводных вулканаў прыкладна за 40 км на паўднёвы захад ад Сіцыліі. Размешчаныя вельмі блізка да ўзроўню мора, яны часам часова ўздымаюцца над вадой падчас значных вывяржэнняў. Сярод самых прыкметных — Фердынандэя (таксама вядомы як востраў Грэм) і Эмпедокл[78];
- Тырэнскі басейн ляжыць паміж Італіяй і астравамі Сардзінія і Корсіка[70][71]. У басейне размешчаны Марсілі — буйны падводны вулкан (прыкладна за 175 км на поўдзень ад Неапаля), і падводная гара Палінура, адна з найбуйнейшых у Тырэнскім моры (ляжыць прыкладна за 30 км на паўночны ўсход ад Марсілі). Марсілі, даўжынёй 70 км і шырынёй 30 км, з’яўляецца адным з найбуйнейшых вулканаў Еўропы, пераўзыходзячы памерамі надводную Этну, і ўваходзіць у склад Ліпарскай вулканічнай дугі[79].
Усходняе Міжземнамор’е таксама можна падзяліць на наступныя падводныя басейны:

- Іанічны басейн — глыбокі і вузкі акіянічны басейн, што распасціраецца на поўдзень ад Італіі, Албаніі і Грэцыі. Ён уключае ўпадзіну Каліпса (таксама вядомую як упадзіна Інусес або Вавілава) — найглыбейшае месца Міжземнага мора. Гэтая ўпадзіна знаходзіцца ў Элінскім жолабе, за 62,6 км на паўднёвы захад ад Піласа (Грэцыя), і яе максімальная глыбіня складае каля 4 900 м[70];
- Левантыйскі басейн знаходзіцца на поўдзень ад Анатоліі. Яго аддзяляе ад Іанічнага басейна Міжземнаморскі хрыбет даўжынёй 1 300 км, які цягнецца ад Калабрыі, уздоўж поўдня Крыта, да паўднёва-заходняга ўскрайку Турцыі. Гэты падводны хрыбет — выгнутае ўтварэнне шырынёй 150—300 км, вядомае таксама сваімі гразевымі вулканамі і купалападобнымі структурамі. Ён быў аб’ектам даследаванняў Месінскага крызісу салёнасці[72]. У Левантыйскім басейне, прыкладна за 100 км на поўдзень ад заходняга Кіпра, знаходзіцца Эратасфена — карбанатная падводная гара;
- Востраў Крыт аддзяляе Левантыйскі басейн ад Эгейскага мора. Эгейскае мора — гэта частка Міжземнага мора на поўнач ад Крыта, якая на ўсходзе мяжуе з узбярэжжам Турцыі, а на захадзе і поўначы — з узбярэжжам Грэцыі. У Эгейскім моры знаходзяцца шматлікія грэчаскія астравы і падводныя горы[70][80];
- Адрыятычнае мора цягнецца на паўночны захад ад асноўнай часткі Усходняга Міжземнамор’я і заціснута паміж Апенінскім і Балканскім паўвостравамі. На ўсходзе абмывае Славенію, Харватыю, Боснію і Герцагавіну, Чарнагорыю і Албанію, а на захадзе і поўначы — Італію[70][71].
Да 1960-х гадоў Міжземнае мора лічылася асноўнай захаванай часткай больш старажытнага (узростам 200 мільёнаў гадоў) мезазойскага акіяна Тэціс, які некалі атачаў Усходняе паўшар’е. Аднак з канца XX стагоддзя даследаванні, праведзеныя з выкарыстаннем тэорыі рассоўвання марскога дна, паказалі, што большая частка сучаснага дна Міжземнага мора не з’яўляецца часткай дна акіяна Тэціс[70]. Некаторыя даследчыкі лічаць Іанічны басейн, на ўсход ад Мальтыйскага ўступа, рэшткам акіяна Тэціс[81]. Цягам апошніх 44 мільёнаў гадоў кантынентальныя пліты Афрыкі і Еўразіі сыходзіліся і разыходзіліся, што прывяло да ўтварэння сучаснага тэктанічна актыўнага басейна і навакольных горных хрыбтоў. Паводле інтэрпрэтацыі геалагічных даных, цяпер існуе некалькі асноўных зон сутыкнення Афрыкі і Еўразіі, якія выклікаюць апусканне сушы, гораўтварэнне і вулканізм[70].
Керны асадкавых парод, здабытыя ў 1970 і 1975 гадах, ляглі ў аснову тэорый, паводле якіх каля 6 мільёнаў гадоў таму Міжземнае мора знаходзілася прыкладна на 3 000 м ніжэй за сучасны ўзровень і ўяўляла сабой засушлівыя пустыні, пакрытыя эвапарытавымі солямі. Лічылася, што высокія хрыбты Гібралтара перашкаджалі пранікненню атлантычных вод прыкладна да 5,5 мільёнаў гадоў таму, калі яны прарваліся і затапілі Міжземнамор’е. Паводле больш позніх сейсмічных і мікрапалеанталагічных даследаванняў, марское дно ніколі не было цалкам сухім. Хутчэй, каля 5 мільёнаў гадоў таму марское дно складалася з мноства басейнаў рознай тапаграфіі і памераў, з глыбінямі ад 200 да 1 520 метраў. Солі, верагодна, назапашваліся на дне моцна салёных вод самай рознай глыбіні. Нявызначанасць адносна часу і прыроды ўтварэння солей на марскім дне, а таксама даныя пазнейшых сейсмічных даследаванняў і ўзораў керна, сталі прадметам інтэнсіўных навуковых дыскусій[70].
Мальтыйскі ўступ
Мальтыйскі ўступ — гэта падводны вапняковы геалагічны ўступ даўжынёй 250 км, які цягнецца на поўдзень ад усходняга ўзбярэжжа Сіцыліі, мінаючы ўсходняе ўзбярэжжа Мальтыйскіх астравоў, і далей. Утвораны пераважна ў выніку тэктанічнай актыўнасці[70]. На ўсёй працягласці Мальтыйскага ўступа выяўлена звыш 500 падводных каньёнаў. Гэта глыбокія даліны, перапад вышынь у якіх месцамі дасягае 3,5 км. Іхняя асаблівасць у тым, што яны не былі прарэзаны паверхневымі рэкамі. Каньёны служаць асяроддзем для багатых біялагічных супольнасцей і адначасова з’яўляюцца каналамі для пераносу забруджвальных рэчываў і пажыўных элементаў падводнымі плынямі. Сярод прыродных небяспек, характэрных для гэтага раёна, — падводныя апоўзні.
Нядаўна Мальтыйскі ўступ стаў аб’ектам даследавання, прафінансаванага Еўрапейскім Саюзам. Праект рэалізоўваўся сумеснымі намаганнямі Мальтыйскага ўніверсітэта, Нацыянальнага акеанаграфічнага цэнтра Вялікабрытаніі, Нацыянальнага інстытута водных і атмасферных даследаванняў Новай Зеландыі, Дублінскага ўніверсітэцкага каледжа і Італьянскага нацыянальнага інстытута акеанаграфіі і прыкладной геафізікі[71][82].
Remove ads
Акіянаграфія
Амаль замкнёнае становішча Міжземнага мора ўплывае на ўмовы ў ім: напрыклад, прылівы і адлівы вельмі абмежаваныя праз вузкае злучэнне з Атлантычным акіянам. Міжземнае мора вылучаецца сваім насычаным сінім колеры.
Выпарэнне значна перавышае колькасць ападкаў і рачны сцёк у Міжземным моры, і гэты чыннік з’яўляецца ключавым для цыркуляцыі вады ў басейне[83]. Выпарэнне асабліва высокае ў ягонай усходняй палове, што выклікае зніжэнне ўзроўню вады і павышэнне салёнасці на ўсходзе[84]. Сярэдняя салёнасць у басейне складае 38 практычных адзінак салёнасці (ПАС) на глыбіні 5 м[85]. Тэмпература вады ў найглыбейшай частцы Міжземнага мора складае 13,2 °C[85].
Чысты прыток вады з Атлантычнага акіяна складае каля 70 000 м³/с або 2,2×1012 м³/а[86]. Без гэтай атлантычнай вады ўзровень Міжземнага мора зніжаўся б прыкладна на 1 м у год[87].
У акіянаграфічных працах, пераважна англамоўных, мора часам называюць «Еўраафрыканскім Міжземным морам», «Еўрапейскім Міжземным морам» або «Афрыканскім Міжземным морам», каб адрозніць ад іншых «міжземных» мораў[88], больш вядомыя ў беларускай мове як унутраныя моры.
Агульная цыркуляцыя
Цыркуляцыю вады ў Міжземным моры можна звязаць з паверхневымі водамі, якія паступаюць з Атлантыкі праз Гібралтарскі праліў (а таксама з нізкасалёнай вадой, якая паступае ў Міжземнае мора з Чорнага мора праз Басфор). Халодная і адносна нізкасалёная атлантычная вада цыркулюе на ўсход уздоўж паўночнаафрыканскіх узбярэжжаў. Частка паверхневых вод не праходзіць праз Сіцылійскі праліў, а заварочвае ў бок Корсікі, перш чым пакінуць Міжземнае мора. Паверхневыя воды, якія паступаюць ва ўсходні басейн Міжземнага мора, цыркулююць уздоўж лівійскага і ізраільскага ўзбярэжжаў. Дасягнуўшы Левантыйскага мора, паверхневыя воды, якія нагрэліся і павялічылі сваю салёнасць у параўнанні з першапачатковым атлантычным станам, становяцца больш шчыльнымі і апускаюцца, утвараючы Левантыйскія прамежкавыя воды (ЛПВ). Большая частка вады, якая знаходзіцца на глыбіні 50−600 м у Міжземным моры, паходзіць з ЛПВ[89]. ЛПВ утвараюцца ўздоўж паўднёвых узбярэжжаў Турцыі і цыркулююць на захад уздоўж грэчаскіх і паўднёваітальянскіх узбярэжжаў. ЛПВ — адзіныя воды, якія праходзяць праз Сіцылійскі праліў у заходнім кірунку. Пасля Сіцылійскага праліва воды ЛПВ цыркулююць уздоўж заходнеітальянскага, паўднёвафранцузскага і усходнеіспанскага ўзбярэжжаў, перш чым пакінуць Міжземнае мора праз глыбіні Гібралтарскага праліва. Глыбінныя воды ў Міжземным моры ўтвараюцца ў трох асноўных раёнах: Адрыятычным моры, адкуль паходзіць большая частка глыбінных вод усходняга Міжземнамор’я, Эгейскім моры і Ліёнскім заліве. Утварэнне глыбінных вод у Міжземным моры выклікаецца моцнай зімовай канвекцыяй, якую падсілкоўваюць інтэнсіўныя халодныя вятры, такія як бара. Калі ўтвараюцца новыя глыбінныя воды, старыя воды змешваюцца з прамежкавымі водамі, што ляжаць вышэй, і ў канчатковым выніку выходзяць з Міжземнага мора. Сярэдні час поўнага абнаўлення вод ў Міжземным моры складае прыкладна 100 гадоў, што робіць Міжземнае мора асабліва адчувальным да змянення клімату[90].
Іншыя падзеі, якія ўплываюць на цыркуляцыю вод
Будучы напаўзамкнёным басейнам, Міжземнае мора зазнае часовыя з’явы, якія могуць уплываць на цыркуляцыю вады ў кароткія перыяды часу. У сярэдзіне 1990-х гадоў Эгейскае мора стала асноўным раёнам утварэння глыбінных вод ва ўсходнім Міжземнамор’і пасля асабліва халодных зімовых умоў. Гэта часовае змяненне ў паходжанні глыбінных вод ва ўсходнім Міжземнамор’і атрымала назву «Усходне-Міжземнаморскі пераходны перыяд» (УМПП) і мела значныя наступствы для цыркуляцыі вод Міжземнага мора[91][92][93].
Іншым прыкладам часовай з’явы, якая ўплывае на міжземнаморскую цыркуляцыю, з’яўляецца перыядычная інверсія Паўночна-Іанічнага віру — антыцыкланічнага акіянічнага віру, што назіраецца ў паўночнай частцы Іанічнага мора, ля ўзбярэжжа Грэцыі. Пераход гэтага віру ад антыцыкланічнага да цыкланічнага кручэння змяняе паходжанне вод, якія яго падсілкоўваюць; калі цыркуляцыя антыцыкланічная (найбольш распаўсюджаная), воды віру паступаюць з Адрыятычнага мора. Калі цыркуляцыя цыкланічная, воды паступаюць з Левантыйскага мора. Гэтыя воды маюць розныя фізічныя і хімічныя ўласцівасці, і перыядычная інверсія Паўночна-Іанічнага віру (якую называюць Двухрэжымнай калыхальнай сістэмай, або BiOS, англ.: Bimodal Oscillating System) змяняе міжземнаморскую цыркуляцыю і біягеахімію вакол Адрыятычнага і Левантыйскага рэгіёнаў[94].
Уплыў змянення клімату
Праз кароткі час абнаўлення вод Міжземнае мора лічыцца «гарачай кропкай» для фіксацыі змяненняў клімату[95], дзе сапраўды рэгіструюцца прыкметныя павышэнні тэмпературы па ўсёй тоўшчы вады з 1950-х гадоў[96][97]. Паводле кліматычных прагнозаў, змяншэнне колькасці ападкаў у рэгіёне прывядзе да большага выпарэння, што ў канчатковым выніку павялічыць салёнасць марской вады[98]. У выніку павышэння тэмпературы і салёнасці Міжземнае мора, верагодна, стане больш стратыфікаваным да канца XXI стагоддзя, што будзе мець прыкметныя наступствы для цыркуляцыі вады і біягеахіміі. Стратыфікацыя і пацяпленне ўжо прывялі да таго, што ўсходняя частка Міжземнага мора стала чыстай крыніцай CO2 для атмасферы, асабліва ўлетку[99][100].
Антрапагеннае змяненне клімату, відаць, іграе ўсё большую ролю ва ўзнікненні марскіх цеплавых хваль, якія ў апошнія гады сталі прыкметным аб’ектам даследаванняў, асабліва ў Міжземным моры, дзе шэраг раёнаў як у заходнім, так і ва ўсходнім суббасейнах цяпер адчуваюць пікі тэмператур, а таксама больш частыя, інтэнсіўныя і працяглыя перыяды пацяплення, чым калі-небудзь зафіксавана. Гэтыя з’явы, у асноўным абумоўленыя спалучэннем акіянічных і атмасферных чыннікаў, часта выклікаюцца сістэмамі высокага ціску, якія змяншаюць воблачнасць і павялічваюць паглынанне сонечнай радыяцыі паверхняй мора. Іхняе ўздзеянне на марскія экасістэмы, такое як масавая гібель у бентасных супольнасцях, абескаляроўванне каралаў, парушэнні ўловаў рыбы і змены ў распаўсюджанні відаў, можа быць разбуральным[101]. Экстрэмальнае пацяпленне можа прывесці да страты біяразнастайнасці[102] і ўяўляе пагрозу існаванню некаторых месцаў пражывання[103], адначасова робячы ўмовы больш спрыяльнымі для інвазіўных трапічных відаў[104].
Remove ads
Біягеахімія

Нягледзячы на вялікую біяразнастайнасць, канцэнтрацыі хларафілу і пажыўных рэчываў у Міжземным моры вельмі нізкія, што робіць яго адным з самых алігатрофных акіянічных рэгіёнаў у свеце. Міжземнае мора звычайна адносяць да зон з нізкім зместам пажыўных рэчываў і хларафіла. Міжземнае мора адпавядае вызначэнню пустыні, у якой змест пажыўных рэчываў нізкі, што ўскладняе развіццё раслін і жывёл.
У Міжземным моры назіраюцца рэзкія градыенты канцэнтрацый пажыўных рэчываў, хларафілу і першаснай прадуктыўнасці. Канцэнтрацыі пажыўных рэчываў у заходняй частцы басейна прыкладна ўдвая вышэйшыя, чым ва ўсходняй. Альбаранскае мора, блізка да Гібралтарскага праліва, мае сутачную першасную прадуктыўнасць каля 0,25 г C (грамаў вугляроду) м−2 сут−1, у той час як усходні басейн мае сярэднюю сутачную прадуктыўнасць 0,16 г C м−2 сут−1[105]. Па гэтай прычыне ўсходнюю частку Міжземнага мора называюць «ультраалігатрофнай». Прадуктыўных раёнаў у Міжземным моры мала, і яны невялікія. Высокая (г.зн. больш за 0,5 грама хларафілу a на кубічны метр) прадуктыўнасць назіраецца на ўзбярэжжах, паблізу вусцяў рэк, якія з’яўляюцца асноўнымі пастаўшчыкамі раствораных пажыўных рэчываў. Ліёнскі заліў мае адносна высокую прадуктыўнасць, таму што гэта зона актыўнага вертыкальнага перамешвання, якое выносіць пажыўныя рэчывы ў паверхневыя воды, дзе фітапланктон можа выкарыстоўваць іх для ўтварэння хларафілу a[106].
Першасная прадуктыўнасць у Міжземным моры таксама адзначаецца інтэнсіўнай сезоннай зменлівасцю. Узімку моцныя вятры і ападкі над басейнам выклікаюць канвектыўнае перамешванне, выносячы пажыўныя рэчывы з глыбінных вод на паверхню, дзе фітапланктон можа ператвараць іх у біямасу[107]. Аднак узімку святло можа быць абмежавальным чыннікам для першаснай прадуктыўнасці. У перыяд з сакавіка па красавік вясна забяспечвае дасканалы баланс паміж інтэнсіўнасцю святла і насычанасцю пажыўных рэчываў на паверхні для ўзнікнення вясновага «красавання» вады. Улетку высокія тэмпературы атмасферы прыводзяць да награвання паверхневых вод. Узнікаючая розніца ў шчыльнасці практычна ізалюе паверхневыя воды ад астатняй тоўшчы вады, і абмен пажыўнымі рэчывамі абмяжоўваецца. У выніку першасная прадуктыўнасць вельмі нізкая ў перыяд з чэрвеня па кастрычнік[108][106].
Акіянаграфічныя экспедыцыі выявілі ўласцівую рысу біягеахіміі Міжземнага мора: большая частка хларафілу ўтвараецца не на паверхні, а ў падпаверхневых водах на глыбіні ад 80 да 200 метраў[109]. Яшчэ адной ключавой асаблівасцю Міжземнага мора з’яўляюцца высокія суадносіны азоту да фосфару (N:P). Альфрэд Рэдфілд паказаў, што большасць акіянаў свету маюць сярэднія суадносіны N:P каля 16. Аднак у Міжземным моры сярэднія суадносіны N:P складаюць ад 24 да 29, што сведчыць пра шырока распаўсюджанае абмежаванне па фосфары[110][111][112][113].
Праз нізкую прадуктыўнасць ў планктонных супольнасцях Міжземнага мора дамінуюць дробныя арганізмы, такія як пікафітапланктон і бактэрыі[114][105].
Remove ads
Галоўныя порты
Гл. таксама
Заўвагі
- Без уліку плошчы самога Міжземнага мора.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads