поўны кавалер Ордэна Славы From Wikipedia, the free encyclopedia
Аляксей Фадзеевіч Сямёнаў[2] (6 красавіка 1921, Бабруйск — 8 мая 1951, Бабруйск) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, сапёр, камандзір аддзялення 590-га асобнага сапёрнага батальёна 32-й арміі (Карэльскі фронт). Поўны кавалер ордэна Славы[3].
Нарадзіўся 6 красавіка 1921 года ў горадзе Бабруйск Магілёўскай вобласці. Скончыў 5 класаў сярэдняй школы, працаваў на мясцовым суднарамонтным заводзе.
У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года на фронце. Член ВКП(б) з 1942 года. Ваяваў на Карэльскім і Волхаўскім франтах.
Сапёр 590-га асобнага сапёрнага батальёна яфрэйтар Аляксей Сямёнаў 21 чэрвеня 1944 года, знаходзячыся ў групе разгараджэння пры галаўным атрадзе 289-й стралковай дывізіі, каля возера Старанняе, размешчанага ў 30 кіламетрах на поўнач ад населенага пункта Мядзведжая Гара, абясшкодзіў вялікую колькасць супрацьтанкавых і супрацьпяхотных мін.
22 чэрвеня 1944 года пры атацы ўмацаванай абароны праціўніка каля чыгуначнай станцыі Пендушы-Масельская, будучы параненым, зняў 13 супрацьтанкавых мін.
Загадам па 289-й стралковай дывізіі № 0132 ад 5 ліпеня 1944 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, яфрэйтар Сямёнаў Аляксей Фадзеевіч узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені[3].
У перыяд з 6 ліпеня па 1 жніўня 1944 года каля населенага пункта Коціё-возера пад агнём праціўніка абясшкодзіў больш за 200 мін.
4 жніўня 1944 года пры адбіцці контратакі ворага ў раёне населенага пункта Луцікавара знішчыў некалькіх пехацінцаў праціўніка і афіцэра ў рукапашнай схватцы.
Загадам па 32-й арміі № 0430 ад 25 жніўня 1944 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, яфрэйтар Сямёнаў Аляксей Фадзеевіч узнагароджаны Ордэнам Славы 2-й ступені[3].
18 жніўня 1944 года правёў разведку пераправы праз раку Варыа-Йокі ў мястэчку Ліус Вара і ў кароткі тэрмін разам са сваім аддзяленнем аднавіў мост. У перыяд з 25 верасня па 6 кастрычніка 1944 года аддзяленне яфрэйтара Сямёнава абясшкодзіла больш за 500 мін. 6 кастрычніка 1944 года А. Ф. Сямёнаў быў паранены, але не пакінуў поле бою.
Прадстаўленне да ўзнагароды — ордэна Славы 1-й ступені — падпісаў Маршал Савецкага Саюза К. А. Мерацкоў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў баях з нямецка-варожымі захопнікамі яфрэйтар Сямёнаў Аляксандр Фадзеевіч узнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені, стаўшы поўным кавалерам ордэна Славы[3].
Дэмабілізаваны ў 1944 годзе ў званні старшыны. Жыў у Бабруйску, працаваў на цагельным заводзе. Памёр 8 мая 1951 года.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.