Юнг Вільне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Юнг Вільне (з ідыш יונג ווילנע — Маладая Вільня) — яўрэйскае літаратурна-мастацкае згуртаванне, якое дзейнічала ў Вільні ў 1927—1939 гадах. Але і пазней яе сябры ўплывалі на яўрэйскую культуру ў розных краінах свету.

У групы не было адзінай мастацкай канцэпцыі. У яе ўваходзілі таленавітыя літаратары левых палітычных поглядаў і розных мастацкіх кірункаў — авангардызму, неарамантызму, экспрэсіянізму[1][2].
Да згуртавання належалі пісьменнікі Эльханон Воглер, Дейзер Вольф, Мойша Левін (Бэр Сарын), Самсон Каган, Шмерке Качэргінскі, Перэц Міранскі, а таксама два найвыбітнейшыя яўрэйскія пісьменнікі пасляваеннага часу Хаім Градэ і Аўром Суцкевер. З «Юнг Вільне» супрацоўнічалі мастакі Бенцыён Міхтом, Рахіль Суцкевер, Шэйга Эфрон, Лейб Замэчак, Рафал Хволес.
«Група "Юнг Вільне" была не падобная да ўсіх іншых літаратурных груповак у літаратуры на ідышы да таго часу, — пісаў Мейлех Равіч. — Яна была натуральным нашчадкам ідышызму ў цэлым і віленскага ідышызму ў прыватнасці. Яна была свецкай, але глыбока ўкаранёнай у яўрэйскую традыцыю і фундаментальныя яўрэйскія веды»[3].
Удзельнікі згуртавання стаялі на пазіцыях ідышызму (лічылі нацыянальнай мовай яўрэяў ідыш, у адрозненне ад сіяністаў, якія абапіраліся на іўрыт).
Штуршком да ўтварэння групоўкі была не літаратурная, а мастацкая акцыя. У 1927 годзе віленскія мастакі арганізавалі выстаўку «Ад спадчыны сінагогі да Шкляной вуліцы». Выстаўка была паспяховай, зрабіла ўражанне на мастацкі асяродак Вільні.
11 кастрычніка 1929 года ў газеце «Вільнер Тог» быў апублікаваны маніфест аб’яднання Der arajnmarsz fun Jung Wilne in der jidiszer literatur («Юнг Вільне» на маршы ў ідышамоўную літаратуру) і надрукаваныя творы Лейзэра Вольфа, Самсона Кагана, Шлойме Беліса, Эльханона Воглера, Мойшы Левіна[4]. Маніфест склаў Залман Рэйзен, рэдактар газеты. Адным з лідараў «Юнг Вільне» быў Аўром Суцкевер (ад 1932 года). У 1934—1936 гадах сурэдактарам віленскіх выданняў «Юнг Вільне» быў Лейзэр Вольф.
Згуртаванне выдавала часопіс «Yung Vilne» — цягам 1934—1936 гадоў выйшлі тры выпускі. Выйшлі зборнікі «Naye bleter» (1939), «Untervegs» (1940), «Bleter» (1940) з творамі сяброў «Юнг Вільне». Таксама літаратары друкаваліся ў анталогіях і часопісах на ідыш («Tsukunft», «Inzikh»).
Мастак Бенцыён Міхтом стварыў эмблему «Юнг Вільне», афармляў газету, маляваў партрэты сяброў згуртавання. Вялікі ўплыў на маладых творцаў зрабіў таксама харызматычны Мойшэ Кульбак, настаўнік літаратуры і паэт, які, праўда, у 1928 годзе перасяліўся ў Мінск.
З прыходам у Вільню савецкай улады ў 1939 годзе дзейнасць «Юнг Вільне» спынілася. У часы Халакосту частка ўдзельнікаў групоўкі загінула, рэшта здолела перабрацца ў ЗША, Ізраіль, Аргенціну, Францыю, Польшчу.
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
