Ігнат Сымонавіч Анацэвіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ігнат Анацэвіч (польск.: Onacewicz; 25 жніўня 1780, в. Малая Бераставіца на Гродзеншчыне, цяпер Бераставіцкі раён — 18 лютага 1845, Санкт-Пецярбург; Псеўданімы: Жэгота) — гісторык і педагог, прафесар Віленскага ўніверсітэта (1818), калежскі асэсар (1827).
Remove ads
Паходжанне
Паходзіў з сям’і Сымона Анацэвіча, уніяцкага святара, настаяцеля Малабераставіцкай царквы. Звестак аб маці няма. Браты — Міхаіл, Антон.
Біяграфія
Скончыў Ваўкавыскае вучылішча (1789—1796). Пасля далучэння паўночнага Падляшша да Прусіі вучыўся ў Гродзенскай акруговай школе (1796—1797)[1], у настаўніцкай семінарыі ў Элку[2] (1801—1802). Атрымаў узнагароду міністра адукацыі і прускую каралеўскую стыпендыю на двухгадовае навучанне ў Кёнігсбергскім універсітэце. Вучыўся там з 1802 года[3], быў высока ацэнены прафесурай, атрымаў падоўжанне каралеўскай стыпендыі яшчэ на два гады, і скончыў універсітэт у 1806 годзе. Выкладаў польскую мову, пачаткі рускай мовы, займаў пасаду афіцыйнага перакладчыка прускага караля; працаваў у Кенігсбергу да 1809 года.
У 1810—1811 гадах вучыўся ў Віленскім універсітэце, атрымаў званне магістра філасофіі. Выкладаў на публічных курсах для дзяржаўных служачых усеагульную гісторыю, права і палітэканомію. З 1813 — настаўнік Беластоцкай гімназіі, з 1817 — памочнік дырэктара. З восені 1818 — намеснік прафесара ў Віленскім універсітэце. У 1818—1821 гадах чытаў курс усеагульнай гісторыі (да вяртання ў Вільню Лялевеля), з 1821 — расійскай статыстыкі і дыпламатыі. Абраны экстраардынарным прафесарам (28 чэрвеня 1827).
Пасля выкрыцця восенню 1827 года арганізацыі «Патрыёты Айчыны» быў палічаны тым, хто сваім уплывам падштурхнуў моладзь да дысідэнцтва. Арыштаваны ў лютым 1828 года, у маі 1828 года высланы з Вільні ў Малую Бераставіцу. Пераехаў у 1834 годзе ў Пецярбург. Працэс Анацэвіча цягнуўся да 21 лютага 1836 года, калі Сенат вызваліў яго ад суда і следства. У 1832 выступіў з праектам стварэння замест зачыненага Віленскага ўніверсітэту Вышэйшай школы адміністрацыі і права, які быў адхілены царскай уладай.
З 1834 года працаваў у Археаграфічнай камісіі з акладам 1500 рублёў асігнацыямі (400 рублёў срэбрам) у год.[4]
Remove ads
Навуковая дзейнасць
Асноўным прадметам навуковых даследаванняў Анацэвіча, яшчэ з часу навучання ў Кенігсбергу (1800-я), была гісторыя Літвы, якою ён называў ВКЛ наогул[5].
Спрабаваў стварыць агульную гісторыю ВКЛ. Распрацаваў і чытаў у Віленскім універсітэце першы спецыяльны ўніверсітэцкі курс, прысвечаны мінуламу беларускага і літоўскага народаў[6]. Прымаў іспыт па прадмеце ў Адама Міцкевіча[7]. Стварыў цэласную арыгінальную навуковую карціну гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да канца XVI ст. Некаторыя элементы гэтай канцэпцыі ляжаць у аснове пазнейшых беларускай і літоўскай гістарыяграфій.
Распрацаваў класіфікацыю крыніц па гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да 1569, выдзеліўшы наступныя іх групы: міжнародныя трактаты, Метрыка ВКЛ і Кароны, судовыя акты і акты капітул, «Хроніка…» Мацея Стрыйкоўскага, «Гісторыя Літвы» Войцеха Каяловіча, трактат Міхалона Літвіна «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў», Галіцка-Валынскі летапіс, тайны архіў Тэўтонскага ордэна. Важнымі лічыў таксама «нямыя помнікі», да якіх адносіў руіны замкаў, пахаванні, рэшткі адзення і зброі, урочышчы (напрыклад, гара Міндоўга пад Навагрудкам), народныя песні. Даў характарыстыку гэтым групам крыніц. Увёў у навуковае абарачэнне вялікую колькасць фактычнага матэрыялу, які стаў хрэстаматыйным.
Склаў перыядызацыю гісторыі Літвы ад першай згадкі гэтай назвы (1009) да 1569 года, падзяліў яе на 5 перыядаў:
- 1009—1183: «міфічная гісторыя», якая пачынаецца ад першай летапіснай згадкі Літвы.
- 1183—1240: «няпэўная гісторыя»: ад нападаў Літвы на «рускія краіны» — Пскоў і Ноўгарад, да панавання Міндоўга.
- 1240—1386: «больш пэўная гісторыя»: спачатку «вялікія клопаты ад крыжакоў», пазней, ад панавання Гедзіміна, нарастанне моцы Літвы. Эпоха доўжыцца да ўвядзення Ягайлам хрысціянства.
- 1386—1447: «вяршыня магутнасці» Літвы пасля пераадолення ёю раздробленасці.
- 1447—1569: «пераход пад уладу Польшчы» і канец, пасля Люблінскага сейма, «асобнай гісторыі Літвы»; «уліццё» гісторыі Літвы ў гісторыю Польшчы.
Ацэнкі
Навуковая дзейнасць Анацэвіча адметная тым, што лягла ў аснову нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі[8]. Паводле Алега Латышонка, Ігнат Анацэвіч — адзін з тых «гістарычна адукаваных спакойных [уніяцкіх] паповічаў», якія, уласна, і стварылі беларускую нацыянальную ідэю на сумежжы XVIII і XIX стст.[9]
З такой фармулёўкай, аднак, згодныя не ўсе гісторыкі. Само групіраванне «ўніяцкіх паповічаў» Падляшша, у асабістай гісторыі якіх было шмат агульнага, у прыватнасці, выкарыстанне імі шанцу на лепшую адукацыю, які дала пруская ўлада ў 1795—1807 гадах, грашыць залішнім схематызмам. І Латышонак, і Ігар Марзалюк схільныя выстаўляць усю гэтую групоўку (да якой таксама залічаюць Даніловіча, Ярашэвіча і іншых) ідэйна адзінай, а яе найбольш яскравым прадстаўніком лічаць Міхала Баброўскага, які пасля 1825 года эвалюцыянаваў у бок падтрымкі царызма, у тым ліку ў справе скасавання царкоўнай уніі. Але Анацэвіч, як і іншыя, апроч Баброўскага, прадстаўнікі ўмоўнай «групоўкі» (А. Латышонак называе яе «Радзінай») да канца заставаліся прыхільнікамі цывілізацыі Рэчы Паспалітай, блізкімі да «літвінскай» культурнай лініі. Анацэвіч быў у прыязных стасунках з першым літоўскамоўным гісторыкам Шымонам Даўкантасам. Лялевель ахарактарызаваў яго так: «Анацэвіч прыехаў ва ўніверсітэт, падрыхтаваны ў нямецкай школе да тонкага тлумачэння гістарычных крыніц, і ніхто ў той час не мог зраўняцца з ім у веданні літоўскай гісторыі» [10].
У лісце да Адама Міцкевіча ў 1842 годзе Анацэвіч так характарызаваў Расійскую імперыю:
Дагэтуль няма годнай працы, якая б выкрывала сакрэтны стан Расіі, маніпуляцыі ўрадам, адміністрацыяй, судовай сістэмай і маральны стан гэтай краіны. Справаздачы міністраў — гэта відавочная хлусня і падман; у іх няма ні кроплі праўды. Варварства і рабаванне — галоўныя прынцыпы ўраду і нацыі. Дэспат грэбуе дабрачыннасцю і святлом, бо гэта падрывае самадзяржаўе, якому патрэбныя не дабрачыннасць і святло, а рэкруты, падаткі і паслухмянасць.[11]
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
