Аляксандр Васілевіч Сідарэнка
вучоны, геолаг, міністр геалогіі СССР From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Аляксандр Васілевіч Сідар́энка[1] (укр.: Олександр Васильович Сидоренко; 19 кастрычніка 1917 — 23 сакавіка 1982) — савецкі геолаг, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, доктар геолага-мінералагічных навук (1952), акадэмік Акадэміі навук СССР (1966), віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук СССР (1975—1982).
Remove ads
Біяграфія
Нарадзіўся ў сяле Новамікалаеўка Старабельскага павета Харкаўскай губерні. Скончыў рабфак. Паступіў на геалагічны факультэт Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1940 годзе. Працаваў асістэнтам на кафедры мінералогіі і вучыўся ў аспірантуры[2]. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт. Удзельнік Сталінградскай бітвы. Быў цяжка паранены і пасля лячэння кароткі час выкладаў у 1-м Ленінградскім артылерыйскім вучылішчы імя Чырвонага Кастрычніка[2]. Пасля дэмабілізацыі ў 1943 годзе працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела карысных выкапняў Геалагічнага інстытута Туркменскага аддзялення Акадэміі навук СССР. У 1950 годзе быў прызначаны намеснікам Старшыні Прэзідыума Кольскага філіяла Акадэміі навук СССР у Апатытах, у 1952 годзе стаў старшынёй Прэзідыума[2].
У 1952 годзе А. В. Сідарэнка абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «К минералогии и геохимии континентальных толщ пустыни Каракум», у 1953 годзе быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР[2]. У 1955—1959 гадах займаў пасаду дырэктара Геалагічнага інстытута Кольскага філіяла АН СССР.
З 1961 года А. В. Сідарэнка ў Маскве. У 1961—1963 гадах на пасадзе першага намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў РСФСР па каардынацыі навукова-даследчых работ, у 1962—1963 гадах — Міністр геалогіі і аховы нетраў СССР, у 1963—1965 гадах — старшыня Дзяржаўнага геалагічнага камітэта — міністр СССР, у 1965—1975 гадах — Міністр геалогіі СССР[2]. Адначасова ў 1962—1976 гадах загадваў лабараторыяй літалогіі старажытных асадкава-метаморфізаваных тоўшч Геалагічнага інстытута АН СССР[2].
Remove ads
Навуковая і грамадская дзейнасць
Асноўныя навуковыя працы па працэсах мінералаўтварэння ва ўмовах пустыні і тундры, літалогіі старажытных метамарфічных парод, заканамернасцях працэсаў гіпергенезу, асадкавай геалогіі дакембрыю[1]. Сфармуляваў гісторыка-геалагічны прынцып аналізу прыродных з’яў, які разглядае геалагічную гісторыю Зямлі ад архея да кайнозоя як адзіны бесперапынна-перарывісты працэс[3]. Член Усесаюзнага мінералагічнага таварыства з 1947 года.
Па ініцыятыве А. В. Сідарэнкі былі створаны Усесаюзны навукова-даследчы інстытут эканомікі мінеральнай сыравіны і геолагаразведачных работ (Масква), Усесаюзны інстытут сінтэзу мінеральнай сыравіны (Аляксандраў), Усесаюзны інстытут марской геалогіі і геафізікі (Рыга), Навукова-даследчы інстытут марской геафізікі (Краснадар), навукова-вытворчыя аб’яднанні «Севморгео» (Ленінград) і «Южморгео» (Краснадар), праведзены Усесаюзныя нарады геолагаў па асадкавай геалогіі дакембрыю ў Петразаводску (1963), Апатытах (1964) і Кіеве (1965)[2]. Прымаў удзел у рабоце XX (Мексіка, 1956), XXI (Данія, 1960), XXV (Аўстралія, 1976) сесій Міжнароднага геалагічнага кангрэса[2].
Пад непасрэдным кіраўніцтвам А. В. Сідарэнкі быў ажыццёўлены шэраг мер, накіраваных на развіццё даследаванняў у новых перспектыўных напрамках, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы геалагічных вытворчых арганізацый, эксперыментальнай базы інстытутаў і творчых сувязяў навукі з вытворчасцю. Шмат часу ён удзяляў паляпшэнню каардынацыі даследаванняў ў інстытутах Міністэрства геалогіі, Акадэміі навук СССР і акадэмій навук саюзных рэспублік і ў вышэйшых навучальных установах.
У розны час займаў пасады намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Весткі Карэльскага і Кольскага філіялаў АН СССР» (1957—1959), члена рэдакцыйнай калегіі часопіса «Літалогія і карысныя выкапні» (1963—1967), галоўнага рэдактара выдання «Геалогія СССР», члена рэдакцыйнай калегіі часопіса «Весці Акадэміі навук СССР. Серыя геалагічная», галоўнага рэдактара выдання «Гідрагеалогія СССР», галоўнага рэдактара выдання «Геалагічная будова СССР і заканамернасці размяшчэння карысных выкапняў»[2].
Выбіраўся дэлегатам XXIII, XXIV, XXV, XXVI з’ездаў КПСС, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 7—10 скліканняў.
Remove ads
Узнагароды і званні
- 2 ордэны Леніна (1963, 1971)
- Ленінская прэмія 1966 года
- ордэн Чырвонай Зоркі (1951)
- ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966)
- медаль «За абарону Сталінграда» (1944)
- медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (1945)
- медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (1945)
- юбілейны медаль «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (1965)
- юбілейны медаль «50 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1968)
- Сярэбраны медаль імя Карла Багдановіча за заслугі ў развіцці горнай прамысловасці і ў сувязі з 1000-годдзем Польскай дзяржавы (1966)
- Сярэбраны медал імя С. Бубнова Геалагічнага таварыства ГДР за заслугі ў развіцці геалагічнай навукі
- Залаты медаль са стужкай «За заслугі перад навукай і чалавецтвам» Чэхаславацкага таварыства міжнародных зносін (1970)
- медаль «Дружба» Мангольскай Народнай Рэспублікі (1969)
- юбілейны медаль «30 гадоў сацыялістычнай рэвалюцыі ў Балгарыі» (1975)
- Ганаровы доктар Горна-металургічнай акадэміі ў Кракаве (1969)
Ушанаванне памяці
У гонар А. В. Сідарэнкі названы мінерал сідарэнкіт[4][5] (руск.), від водарасцяў Murmania sidorenkia Lubtsov, 1979, праспект у горадзе Апатыты. У 1983 годзе ў гонар акадэміка А. В. Сідарэнкі Пошта СССР выпусціла марку з яго партрэтам. На будынку Інстытута літасферы і дома, у якім жыў А. В. Сідарэнка ў Маскве, будынку Геалагічнага інстытута КНЦ РАН у Апатытах устаноўлены мемарыяльныя дошкі.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads