Беларускі нацыянальны цэнтр (справа)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Беларускі нацыянальны цэнтр» (БНЦ) — сфабрыкаваная ў 1933 годзе ДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай, паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі», частка сталінскіх рэпрэсій у БССР.
Перадумовы
З 1929 года ў БССР прайшло некалькі хваляў рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. У 1930 г. чэкісты сфальсіфікавалі справу «Саюза вызвалення Беларусі», у рамках якой было арыштавана больш за сотню дзеячаў навукі і культуры[1].
У 1931—1932 гг. пракацілася хваля арыштаў сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі, а таксама ўстаноў, якія займаліся распрацоўкай яе розных пытанняў. Узніклі справы «Беларускага філіяла працоўнай сялянскай партыі», «Белтрактарацэнтра», «Ветэрынарных дактароў». Толькі па іх было арыштавана і асуджана звыш 800 чалавек[1].
Вясной-летам 1933 г. пачалася новая хваля рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі. АДПУ БССР «выкрыла» падпольную контррэвалюцыйную арганізацыю «Беларуская народная грамада». Па справе праходзіла 68 чалавек, пераважна пісьменнікі, а таксама настаўнікі, студэнты[1].
У 1932 годзе былыя кіраўнікі Беларускай сялянска-работніцкай грамады і «Змагання» ў адпаведнасці з польска-савецкім пагадненнем аб абмене палітзняволенымі прыехалі ў СССР[1]. БСРГ была найбуйнейшай палітычнай сілай беларусаў у Польскай Рэспубліцы. За яе галасавалі многія раёны Заходняй Беларусі. Польскія ўлады зрэагавалі досыць хутка, ужо ў сакавіку забараніўшы БСРГ, а больш за 4000 яе кіраўнікоў і актывістаў былі аддадзены пад суд[1].
У 1930-я гады СССР поўнасцю адмовіўся ад ролі абаронцы правоў беларусаў на тэрыторыі Польшчы, перастаў пратэставаць у сувязі з парушэннямі там правоў нацыянальных меншасцей. Летам 1933 г. ад імя Сталіна палякам было прапанавана «ўзаемна адмовіцца ад раздзьмухвання нацыянальных праблем у абедзвюх краінах»[1].
Адпаведна, знікла патрэба ў тых, хто мог ствараць пагрозу польскаму рэжыму, як у «грамадоўцах», так і ў членах КПЗБ, якія знаходзіліся на тэрыторыі БССР. Да таго ж гэтыя беларускія дзеячы, які мелі досвед парламенцкай дзейнасці і валодалі навыкамі падпольнай барацьбы, успрымаліся савецкімі ўладамі як патэнцыйная пагроза ўжо свайму рэжыму[1].
У пачатку 1930-х гадоў у Крамлі былі спланаваныя шырокамаштабных рэпрэсій супраць эліт нацыянальных рэспублік СССР. У Савецкай Украіне ў 1933 г. былі сфабрыкаваныя справы «Украінскай вайсковай арганізацыі», «Польскай арганізацыі вайсковай», а таксама «Блока ўкраінскіх нацыяналістычных партый»[1]. Раней, у 1930—1931 гадах украінскім прадстаўніцтвам АДПУ СССР была сфабрыкавана аналагічная справа пад назвай «Український національний центр» . Маштаб украінскай справы быў меншым, чым у Беларусі: 50 асоб былі прыгавораны да зняволення на тэрмін ад 3-х да 6-ці гадоў. Аднак у 1934—1941 гадах 33 асобы з іх былі зноў арыштаваныя, у тым ліку 21 — прыгавораны да расстрэлу, 12 — атрымалі новыя срокі зняволення і потым загінулі ў ГУЛАГу. Асноўную ролю ў фабрыкацыі справы УНЦ адыграў тагачасны кіраўнік сакрэтна-аператыўнага аддзела ДПУ УССР, будучы наркам НКВД БССР І. Ляплеўскі.
Remove ads
Справа БНЦ
У 1933 годзе чэкісты пачалі распрацоўку агентурнай справы з характэрнай назвай «Закардоннікі». Яна была распачатая супраць заходнебеларускіх нацыянальных дзеячаў, якія знайшлі прытулак ад рэпрэсій з боку Польшчы ў БССР, то-бок вярнуліся з-за кардону. Дзеля выкрыцця іх «варожай» дзейнасці АДПУ сфабрыкавала справу «Беларускага нацыянальнага цэнтра» (БНЦ)[1], якая стала часткай спланаваныя шырокамаштабных рэпрэсій супраць эліт нацыянальных рэспублік СССР[1].
Справа БНЦ фабрыкавался ва ўмовах падрыхтоўкі да XVII з’езда УКП(б), скліканне якога было прызначана на канец студзеня 1934 г. У бравурных рапартах, якія прымаліся напярэдадні з’езда, гучала агрэсіўная рыторыка барацьбы з нацыяналізмам. У снежні 1933 г. пленум ЦК КП (б) Беларусі пастанавіў, што «ў бягучы момант галоўную небяспеку ўяўляе мясцовы нацыяналізм, які змыкаецца з імперыялістычнымі інтэрвентамі»[1].
Аўтарамі гэтай справы былі начальнік сакрэтна-палітычнага аддзела АДПУ БССР Герман Лупекін і начальнік 1-га аддзялення сакрэтна-палітычнага аддзела Якаў Гозін. Агульны нагляд за расследаваннем справы ажыццяўлялі начальнік АДПУ БССР Леанід Закоўскі і яго намеснік Анс Залпетэр[1].
Першыя арышты па справе пачаліся яшчэ ўлетку 1933 г. У жніўні-верасні былі арыштаваны дзеячы, якім пасля прыпішуць кіраўніцтва БНЦ. Адначасова арышты па справе адбываліся на перыферыі[1].
Чэкісты сцвярджалі, што арыштаваныя праніклі ў Савецкую Беларусь па заданні польскай выведкі. Мэтай іх дзейнасці было звяржэнне савецкай улады ў БССР шляхам узброенага паўстання і стварэння Беларускай буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы[1].
«Практычная контррэвалюцыйная работа», якая прыпісвалася БНЦ, нібыта ахоплівала Беларускую акадэмію навук, Дзяржаўную бібліятэку, Саюз савецкіх пісьменнікаў, Навукова-тэхнічнае выдавецтва, БелТА, Радыёцэнтр, рэдакцыю газеты «Звязда», Белдзяржуніверсітэт, Горацкую сельгасакадэмію, Энергаінстытут, Садова-агародніцкі інстытут, НДІ рыбнай гаспадаркі, Дзяржплан, Наркамат аховы здароўя, Наркамасветы, Наркамсувязі, Наркамат камунальнай гаспадаркі, Саюзбавоўнагандаль, ЦК Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі, Гістпарт пры ЦК КП(б)Б, прадстаўніцтва КПЗБ, выведупраўленне Штаба БВА, гарнізон горада Барысава, 34-ы полк (Старыя Дарогі), 192-гі полк (Орша). Яна быццам бы вялася ў 9 вялікіх гарадах і 25 раёнах БССР[1].
Чэкісты заявілі пра выяўленне ажно 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыстычных груповак, 20 шпіёнскіх рэзідэнтур БНЦ і яго моладзевай арганізацыі ў складзе 47 чалавек. Філіі цэнтра нібыта былі «ліквідаваныя» ў Горках, Беразіне, Гомелі, а таксама Слуцку. Меліся яны нібыта таксама ў Маскве і Ленінградзе[1].
Арыштаваным быў інкрымінаваны ўдзел у «шырока разгалінаванай контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Яны быццам бы займаліся падрыхтоўкай паўстання, шпіянажам на карысць Польшчы, арганізацыяй дыверсійна-тэрарыстычных груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай працы ў БССР[1].
Фінансаваў і кіраваў цэнтрам нібыта II аддзел польскага Генштаба, які адказваў за контрразведку, праз польскую амбасаду ў Маскве і генеральнае консульства Польшчы ў Менску. Кіраўніцтва БНЦ нібыта атрымала ад палякаў 65 тысяч савецкіх рублёў і 3 тысячы долараў і распрацавала план паўстання ў БССР, якое павінна было пачацца з буйной правакацыі на мяжы і наступнага савецка-польскага ўзброенага канфлікту восенню 1933 г. ці вясной 1934 г[1].
Каардынатарамі дзейнасці «Беларускага нацыянальнага цэнтра» былі «прызначаныя» дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Сымон Рак-Міхайлоўскі, намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства БАН Ігнат Дварчанін і старшыня камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі БАН Пётр Мятла[1].

З былога сакратара БСРГ Максіма Бурсевіча былі выбіты паказанні, што кіраўніцтвам БНЦ быў сфармаваны склад будучага буржуазнага ўрада на чале з Антонам Луцкевічам. Пасаду міністра прамысловасці мусіў заняць Фабіян Акінчыц, поштаў і тэлеграфа — Павел Валошын, транспарту — Флягонт Валынец, асветы — Язэп Гаўрылік, земляробства — Ігнат Дварчанін, унутраных спраў — Пятро Мятла, юстыцыі — Радаслаў Астроўскі, абароны — Сымон Рак-Міхайлоўскі, замежных спраў — Браніслаў Тарашкевіч, а сам Бурсевіч мусіў атрымаць пасаду міністра фінансаў[1].
Справа вялася дзвюма групамі следчых, якія на чэкісцкім жаргоне называліся «літаратарамі» і «забойшчыкамі». «Літаратары» складалі разам з дапытанымі тэксты пратаколаў, а «забойшчыкі» выбівалі подпісы пад імі[1].
Справа аблягчалася тым, што за палітуцекачамі з Польшчы адпачатку вёўся аператыўны нагляд. Праз шматлікіх інфарматараў вяліся іх агентурныя распрацоўкі, праводзілася перлюстрацыя карэспандэнцыі беларускіх дзеячаў, якія працягвалі перапіску са сваякамі і сябрамі ў Заходняй Беларусі[1]. Таксама ў арыштаваных канфіскоўваліся асабістыя рэчы, у тым ліку рукапісы, нататнікі, фотаальбомы, з якіх у справу пераносіліся імёны і адрасы ўяўных саўдзельнікаў[1].

Журналіст газеты «Звязда» Сцяпан Жабінскі, фігурант справы БНЦ, быў сведкам наступнай сцэны[1]:
«Аднойчы, падчас праходкі ў двары, чую крык (пазней даведаўся, што крычаў дэпутат Гаўрылік) „Што вы робіце? Вы з глузду з’ехалі! Вы выконваеце заданне польскай дэфензівы! Тыя не змаглі нас знішчыць, дык вы даканчваеце“.
Яшчэ адзін з фігурантаў, Міхаіл Ганчарык, згадваў, што адбывалася ўвосень 1933 г. у »Амерыканцы"[1]:
«А прывядуць у камеру, і прыходзіцца слухаць гадзінамі крыкі, стогны аб тых здзеках, якія творацца, што трымаюць невінаватых — гэта стукалі ў дзверы, крычалі некаторыя абмененыя з Польшчай былыя паслы польскага сейма. Асабліва гучна і часта крычаў аб гэтым Дварчанін».
Малодшы брат Ігната Дварчаніна, Іларыён, які займаў пасаду намесніка дырэктара паляўнічага запаведніка, быў вымушаны даць абсурднае паказанне пра тое, што ён прыручыў лася і ездзіў на ім на мяжу з Польшчай па інструкцыі[1].
Remove ads
Прысуд

Да канца 1933 г. «расследаванне» справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» было завершана. Сфальсіфікаваная з вялікім размахам і шырокай геаграфіяй ахопу справа складалася з 55 тамоў. Усе арыштаваныя, за невялікім выключэннем, «прызналі сваю віну». Усяго па справе БНЦ праходзіла каля 200 падазраваных, з якіх 97 было выстаўлена абвінавачанне. Амаль усе абвінавачаныя ўнеслі значны ўклад у справу беларускага нацыянальнага адраджэння на тэрыторыі Заходняй Беларусі[1].

Абсалютная большасць асуджаных былі беларусамі, пераважная частка — ураджэнцамі Заходняй Беларусі. Сярод абвінавачаных было пяць жанчын, у тым ліку цяжарная Зоя Грыц[1].
Абвінаваўчы акт сцвярджаў[1]:
"У 1926 г. польскім Генштабам на тэрыторыі Усходняй Польшчы быў створаны контррэвалюцыйны «Польска-Украінска-Беларускі Блок» у складзе трох буйных нацыяналістычных арганізацый («Украінскі Сельроб», «Беларуская сялянска-работніцкая грамада» і «Польская незалежная партыя хлопска») з задачамі актыўнай барацьбы з камуністычным рухам ва Усходняй Польшчы і арганізацыі шырокай паўстанцкай, шпіёнскай і дыверсійна-тэрарыстычнай працы на тэрыторыі Савецкага Саюза.
Паводле задання таго ж 2-га аддзела польскага Генштаба ў мэтах рэалізацыі задач «Блока» па Заходняй Беларусі і БССР у г. Вільня ў 1928 г. быў створаны вядомымі нацыяналістамі Астроўскім і Луцкевічам «Беларускі палітычны цэнтр».
Перакінутыя ў БССР легальна і нелегальна сябры «Палітычнага цэнтра» для практычнага кіраўніцтва контррэвалюцыйнай арганізацыяй стварылі «Беларускі нацыянальны цэнтр»
Па рашэнні судовай калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 года 26 фігурантаў справы былі прыгавораны да найвышэйшай меры пакарання, 16 — да найвышэйшай меры пакарання з заменай на 10 гадоў папраўчапрацоўных лагераў. У тым ліку расстрэл быў заменены Максіму Бурсевічу, Паўлу Валошыну, Флягонту Валынцу, Язэпу Гаўрыліку, Ігнату Дварчаніну, Пятру Мятле і Сымону Рак-Міхайлоўскаму, якім прыпісвалася кіраўніцтва БНЦ. Але пасля паўторнага асуджэння ўсе яны былі расстраляныя ў 1937—1938 гадах. З астатніх 17-ць былі асуджаны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў (ППЛ), 5 — да 8 гадоў ППЛ, іншыя — да розных мер пакарання. Тыя фігуранты справы БНЦ, якія засталіся жывымі, былі накіраваныя ў Байкала-Амурскі і Беламора-Балтыйскі лагеры[1].
Remove ads
Ачарненне фігурантаў справы

Упершыню аб раскрыцці «контррэвалюцыйнай нацыяналістычна-шпіёнскай арганізацыі», якой кіравалі былыя палітэмігранты з Заходняй Беларусі, імёны якіх не называліся, было паведамлена толькі 8 снежня 1933 года ў партыйнай газеце «Звязда». Там сцвярджалася, што насамрэч гэта былі здраднікі, закінутыя ў БССР з мэтай «правакацыі і шпіянажу»[1].
У тыя часы АДПУ ў сваёй друкарні выдавала тэндэнцыйна падабраныя вытрымкі з «паказанняў» арыштаваных, здабытых гвалтоўным шляхам. У выглядзе спецыяльнай брашуры, як зусім сакрэтны, гэты матэрыял перадаваўся для азнаямлення высокаадказным камуністам. Партыйныя газеты, часопісы, спецыяльныя выкрывальныя «працы» і кіраўнікі партыі спасылаліся на вытрымкі з паказанняў, не называючы крыніцы, з якіх атрыманы паказанні арыштаваных[1].
Задачай прапаганды было паказаць нацыянальны рух у Беларусі як контррэвалюцыйную, шкодніцкую, шпіёнскую працу беларускіх нацыяналістаў, накіраваную на адлучэнне БССР ад Савецкага Саюза і на стварэнне буржуазнай нацыянальна-дэмакратычнай рэспублікі. Прапаганда не толькі імкнулася скампраметаваць і паказаць у самым агідным выглядзе беларускую інтэлігенцыю і нацыянальных лідараў, але і выкарыстаць розныя выпадкі з прыватнага жыцця і грамадскай дзейнасці, незалежна ад таго, калі і пры якіх абставінах яны здарыліся[1].
Remove ads
Рэабілітацыя
Адразу пасля смерці Сталіна ў 1953—1954 гадах пачаўся працэс рэабілітацыі рэпрэсаваных. Але працэс рэабілітацыі фігурантаў справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» быў няпростым. Правёўшы дадатковае расследаванне ў снежні 1955 годзе, КДБ БССР адзначыў, што крымінальная дзейнасць фігурантаў справы даведзена і яны панеслі справядлівае пакаранне. Аднак вайсковы трыбунал БВА пастанавіў, што справа вывучана недастаткова[1].
Так, з аператыўных матэрыялаў, а таксама пададзеных у 1934—1935 гг. скаргаў Ігната Дварчаніна, Язэпа Гаўрыліка і Максіма Бурсевіча вынікала, што следчая справа былі сфабрыкаваная. Напрыклад, 26 мая 1934 г. Ігнат Дварчанін заявіў, што ніякай праграмы «БНЦ» не існавала і ён склаў яе пасля «настойлівай прапановы» следчага[1].
Падчас паўторнага разгляду, які адбываўся ўжо пасля ХХ з’езда КПСС, на якім быў развянчаны культ Сталіна, у жніўні 1956 г., было ўстаноўлена, што справа была сфабрыкаваная. У прыватнасці, адзначалася, што ўласнаручныя паказанні абвінавачаных былі выкладзеныя абстрактна, агульнымі фразамі, мелі аднолькавы змест, не пацверджаныя рэчавымі доказамі[1].
Вайсковы трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі 18 красавіка 1956 г. адмяніў рашэнне калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 г. у адносінах да ўсіх абвінавачаных па матывах відавочнай непаўнаты расследавання і адсутнасці дастатковых доказаў. Справа была вернута на дадатковае расследаванне[1].
Адначасова былі адменены рашэнні пазасудовых органаў за 1937—1939 гг. Камітэт дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў БССР правёў праверку і дадатковае расследаванне, у выніку якога існаванне «БНЦ» не пацвердзілася[1].
У жніўні—верасні 1956 г. рашэннем вайсковага трыбунала БВА справа «БНЦ» у крымінальным парадку была спынена за адсутнасцю саставу злачынства[1].
Remove ads
Спіс арыштаваных і асуджаных па справе
«Мінскі цэнтр»
«Бярэзінская філія»
«Група паўстанцаў пры Бярэзінскай філіі»
«Віцебская філія»
«Гомельская філія»
«Філія ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках»
«Ленінградскае прадстаўніцтва»
«Лошыцка-Смалявіцка-Барысаўская філія»
«Магілёўская філія»
«Слуцкая філія»
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads