Браніслаў Крыжаноўскі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Браніслаў Крыжаноўскі
Remove ads

Браніслаў Крыжаноўскі (22 лістапада 1876 г., Абелі, Новааляксандраўскі павет, Ковенская губерня - 17 студзеня 1943 г., Вільня)[3]польскі грамадскі і палітычны дзеяч, адвакат, намеснік старшыні Сойма Сярэдняй Літвы, дэпутат Ўстаноўчага Сойма Польскай Рэспублікі, дэпутат Сената першага склікання ў Польскай Рэспубліцы.

Хуткія факты Браніслаў Крыжаноўскі, Дата нараджэння ...
Remove ads

Біяграфія

Старэйшы сын Юльяна і Міхаліны (у дзявоцтве Канапацкая) Крыжаноўскіх. Бацька, Юльян Крыжаноўскі працаваў у адміністрацыі ва ўладаннях Пшаздзецкіх. Пасля смерці бацькі разам з маці і братамі пераехаў у Вільню, дзе скончыў Другую Віленскую гімназію. У 1895 г. паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт, спачатку на прыродазнаўчы факультэт, потым перайшоў на факультэт права, які скончыў у 1901 г. Падчас вучобы карыстаўся дапамогай, якую яму надаў Юзаф Мантвіл[3].

Ужо ў вучнёўскія і студэнцкія гады быў уцягнуты ў рэвалюцыйную дзейнасць і ўступіў у Польскую сацыялістычную партыю (ППС). Пасля сканчэння ўніверсітэта выступаў адвакатам па палітычных працэсах. Супрацоўнічаў з Тадэвушам Урублеўскім у адноўленым ім у 1899 г. Таварыстве шубраўцаў[3], якое лічылася спадкаемцам аднайменнай грамадска-культурнай арганізацыі, што дзейнічала ў Віленскім універсітэце ў 1817-1822 гг.

Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. і пасля яе належаў да ліберальна-дэмакратычнай плыні руху краёўцаў[4]. Быў адным з арганізатараў Польскага дэмакратычнага саюза на землях былога Вялікага Княства Літоўскага[3]. Уваходзіў у склад масонскіх ложаў "Лучнасць", "Літва"[5]. Працаваў у рэдакцыях перыядычных выданняў краёвага накірунку "Gazeta Wileńska", "Przegląd Wileński"[3][5].

У 1912 г. быў прапанаваны кандыдытам у дэпутаты IV Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі Часовым дэмакратычным выбарчым камітэтам ад Віленскай губерні. Яго праграма прадугледжвала адмену антыпольскіх абмежаванняў у краі, свабоду веравызнання, роўнасць усіх нацыянальнасцяў, пашырэнне грамадзянскіх правоў, увядзенне ў краі выбарнага самакіраваня без нацыянальных і саслоўных абмежаванняў. Аднак, паводле вынікаў выбараў, саступіў кандыдату ад кансерватараў і польскіх нацыянальных дэмакратаў Станіславу Мацяевічу[6]. У 1913 г. абраны ў Віленскую гарадскую думу[7].

У верасні 1915 г., пасля германскай акупацыі Вільні, быў адным з арганізатараў Віленска-Ковенскага грамадзянскага камітэта[3][8][9], які прэтэндаваў на ролю агульнакраёвага прадстаўніцтва і ўключаў у свой склад прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў краю, аднак хутка распаўся праз нацыянальныя супярэчнасці. Выкладаў у заснаваным у 1915 г. у Вільні Народным універсітэце[10]. У 1916 г. увайшоў у склад Польскага камітэта ў Вільні, які паўстаў на аснове створанага яшчэ ў 1914 г. Польскага камітэта дапамогі ахвярам вайны і быў, з аднаго боку, дабрачыннай арганізацыяй, з другога, цэнтрам арганізацыі ўсіх польскіх грамадска-палітычных сіл Віленшчыны[11].

Восенню 1918 г. разам з Ваўжынцам Путкамерам быў дэлегаваны Польскім камітэтам у Вільні ў Парыж для ўстанаўлення кантактаў з Польскім Нацыянальным Камітэтам і супрацоўніцтва з польскай дэлегацыяй на мірнай канферэнцыі адносна земляў Літвы і Беларусі[3][12]. Адначасова ажыццяўляў у Парыжы камунікацыю з прадстаўнікамі літоўскай дэлегацыі. У адпаведнасці з краёвымі ідэямі адстойваў федэралістычную канцэпцыю аб'яднання Польшчы і Літвы[13]. Як эксперт, прымаў удзел у польска-савецкіх перамовах у Рызе[3], якія скончыліся падпісаннем мірнага дагавора 18 сакавіка 1921 г.

У 1921 г. вярнуўся ў Вільню, працягваў займацца адвакацкай практыкай. Далучыўся да працы Часовай кіруючай камісіі Сярэдняй Літвы. Увайшоў у склад віленскай масонскай лоды "Томаш Зан". У 1922 г. быў абраны дэпутатам Сойма Сярэдняй Літвы ад Польскага народнага саюза Віленскай зямлі, заняў пасаду намесніка маршалка сойма[14]. Першапачаткова быў прыхільнікам федэрацыі Польшчы і Літвы; разумеючы немагчымасць такой перспектывы, выступаў за аўтаномію Віленшчыны ў складзе Польшчы. Пасля далучэння Сярэдняй Літвы да Польшчы стаў дэпутатам Устаноўчага сойма Польскай Рэспублікі ад фракцыі Польскага народнага саюза "Пяст"[3].

Паводле вынікаў выбараў у лістападзе 1922 г. быў абраны ў Сенат Польскай Рэспублікі ад Віленскага ваяводства і ўваходзіў у парламенцкі клуб Польскага народнага саюза «Пяст». У 1923 г. выйшаў з яго з-за нязгоды з саюзам гэтай партыі з эндэцыяй і далучыўся да Польскага народнага саюза "Вызваленне". Аднак ужо ў 1925 г. выйшаў і з яе разам з групай дэпутатаў і сенатараў правага крыла "Вызвалення", які заснавалі парламенцкі Клуб працы, на аснове якога паўстала новая Партыя працы. Знаходзіўся ў апазіцыі да ўрадаў, дзеючых у Польшчы ў 1923-1926 гг. У маі 1926 г. падтрымаў ваенны пераварот Юзафа Пілсудскага і ўстанаўленне рэжыму "санацыі". У той час прасоўваў у соймавых і сенатарскіх камісіях прыняцце папраўкі да Канстытуцыі Польскай Рэспублікі аб узмацненні выканаўчай улады за кошт сойма[3].

Пасля сканчэння сенатарскіх паўнамоцтваў у 1928 г. часова адыйшоў ад палітычнага жыцця. Працягваў займацца адвакацкай дзейнасцю, неаднаразова абіраўся членам Адвакацкай рады ў Вільні, быў членам віленскага Юрыдычнага таварыства імя Даніловіча і Саюза польскіх адвакатаў. У 1928 г. выступаў адвакатам на судовым працэсе супраць членаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, а ў 1937 г. - па справе левага перыядычнага выдання ў Вільні "Paprostu". У 1938 г. арганізаваў і ўзначаліў апазіцыйны Дэмакратычны клуб у Вільні. Пасля фарміравання на базе шэрагу клубаў Дэмакратычнага саюза ў 1939 г. увайшоў у склад яго Генеральнай рады ад Вільні. Быў аўтарам шматлікіх артыкулаў у віленскай і варшаўскай прэсе на юрыдычную і грамадска-палітычную тэматыку. Выступаў у абарону правоў нацыянальных меншасцяў у Польскай Рэспубліцы. Актыўна займаўся навукай — быў супрацоўнікам Усходнееўрапейскага даследчыцкага інстытута ў Вільні, а таксама куратарам Бібліятэкі імя Яўстахія і Эміліі Урублеўскіх[3].

Пасля далучэння Вільні да Літоўскай Рэспублікі быў старшынёй Польскага камітэта (1939-1940), які прадстаўляў інтарэсы польскай супольнасці Віленшчыны[3].

Памёр 17 студзеня 1943 г. у акупаванай гітлераўскімі войскамі Вільні[3].

З 1905 г. быў жанаты з Марыяй Вайткевіч. Меў дваіх сыноў: Браніслава і Мар'яна[3].

Remove ads

Літаратура

  • Смалянчук А.Ф. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905-1907 гг. - Гродна: Ратуша, 2000.
  • Cмалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864-1917 г. - Гродна: ГрДУ, 2001.
  • Kto był kim w Drugiej Rzeczypospolitej, red. J. Majchrowski. - Warszawa: BGW, 1994.
  • Pilch A. Krzyżanowski Bronisław // Polski Słownik Biograficzny. - T. 15. - 1970. - S. 600-602.
  • Pukszto A. Między stołecznością a partykularyzmem. Wielonarodowościowe społeczeństwo Wilna w latach 1915-1920. - Toruń: Adam Marszałek, 2006.
  • Sejm Wileński 1922: przebieg posiedzeń według sprawozdań stenograficznych w opracowaniu kancelarji sejmowej. - Wilno: Wyd-wo Księgarni Józefa Zawadzkiego, 1922.
Remove ads

Зноскі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads