Брач
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Брач (харв.: Brač) — востраў у Адрыятычным моры. Уваходзіць у склад Харватыі. Плошча — 396 км². Насельніцтва — 13 931 чалавек (2021 г.).
Remove ads
Геаграфія і прырода

Брач — трэці па плошчы востраў Далмацыі. Ад кантынента аддзелены Брачскім пралівам. Складзены пераважна вапнякамі. Найвышэйшы пункт — Відава гара (778 м). Сталых вадацёкаў няма. Для забеспячэння вострава пітной вадой у 1970 г. з кантынента быў працягнуты вадаправод.
Клімат міжземнаморскі ўмераны. Для яго характэрныя цёплае доўгае лета і кароткая мяккая зіма. Сярэдняя тэмпература ўлетку каля 24 °C, узімку каля 14 °C. Сонца ззяе 2700 гадзін на працягу года. Колькасць ападкаў адрозніваецца ў залежнасці ад раёна. На поўначы яна не перавышае 720 мм у год, на паўднёвых перадгор’ях дасягае 1420 мм у год. Снежныя ападкі здараюцца рэдка, не болей за 2 дні на працягу года. Летні вецер містраль зніжае спякоту.
Флора і фаўна Брача значна зменены чалавекам. Яшчэ ў пачатку эпохі сярэднявечча яго пакрывалі густыя лясы, насялялі алені і мноства птушак. Мяркуюць, што назва вострава ў перакладзе са старажытнай ілірыйскай мовы значыць «Аленевы». У нашы дні пераважаюць другасныя насаджэнні — хмызняковыя, хвоі, шмат кветак. Шостая частка Брача прыдатная для вядзення сельскай гаспадаркі.
Remove ads
Гісторыя
Першыя людзі сучаснага тыпу з’явіліся на Брачы ў познім палеаліце. У бронзавым — жалезным вяках яго насялялі ілірыйцы, заваяваныя ў I ст. да н. э. рымлянамі. На востраве здабывалі вапняк і мармур. У V—VII стст. на Брачы сяліліся бежанцы з кантыненту, у тым ліку славяне.
У 1268—1420 гг. востраў пераходзіў ва ўласнасць то Венецыі, то Венгрыі, то Босніі. У выніку трапіў пад кантроль Венецыі. Мясцовае насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і ловам рыбы. Вельмі важнае значэнне мелі вырошчванне вінаграду і кабатажнае суднаходства. Сярод астравіцян асабліва вылучаліся выхадцы з Босніі, якія служылі ў арміі і на флоце.
У 1797 г. Брач быў далучаны да Аўстрыйскай імперыі. У 1918 г. — да Югаславіі. У кан. XIX — сяр. XX ст. развівалася эміграцыя ў іншыя краіны. Часткова гэта было звязана з перанаселенасцю (насельніцтва ў некаторы час перавышала 20 тыс. чал.), часткова — са згубай вінаграднікаў з-за хваробаў.
У 1941—1944 гг. Брач быў акупаваны італьянскімі і нямецкімі войскамі. Мясцовае насельніцтва арганізавала партызанскую барацьбу супраць захопнікаў.
Remove ads
Эканоміка
Частка мясцовага насельніцтва займаецца сельскай гаспадаркай, вырошчвае вінаград, аліўкавае дрэва, садавіну. Паселішчы Мілн і Пасціра спецыялізуюцца на лове рыбы. У Супетары і Суціване існуюць прамысловыя прадпрыемствы па пераапрацоўке прыроднага каменю і вытворчасці пластмас. Аднак большасць уцягнута ў абслугоўванне турыстаў, якіх вабяць пляжы каля мястэчка Бол. У вёсцы Шкрып працуе музейна-этнаграфічны цэнтр.
Рэгулярная марская паромная пераправа злучае Брач з горадам Спліт, працуе аэрапорт Брач.
Галерэя
- Порт Супетара
- Порт Мілна
- Паселішча Поўля
- Паселішча Бол
- Залаты пляж каля Бола
- Відава гара
- Крыж на вяршыні Відавай гары
- Аэрапорт
Спасылкі
- Афіцыйны сайт
- Паромы да вострава Брач Архівавана 25 верасня 2012.
- Аэрапорт вострава Брач
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads