Васіль Максімавіч Русак

беларускі грамадска-палітычны дзеяч From Wikipedia, the free encyclopedia

Васіль Максімавіч Русак
Remove ads

Васі́ль Максі́мавіч Руса́к (23 сакавіка (4 красавіка) 1896, Ячава, цяпер Слуцкі раён, Беларусь — 23 жніўня 1954, ГУЛАГ[1]) — беларускі нацыянальны дзеяч, фалькларыст, выдавец. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Remove ads

Біяграфія

Першая сусветная вайна

Thumb
Васіль Русак, 1919

Нарадзіўся 4 красавіка 1896 года ў вёсцы Ячава Слуцкай воласці. Прымаў удзел у Першай сусветнай вайне ў чыне прапаршчыка на Паўночным фронце. З 1917 года сябра Беларускай сацыялістычнай грамады, адзін з лідараў Беларускай рады беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту, удзельнік Беларускага вайсковага з’езда ў Віцебску. Удзельнік Усебеларускага з’езда ў Мінску (снежань 1917)[2].

У пачатку 1918 года працуе ў Беларускім камітэце Оршы, пазней вяртаецца на Случчыну, уключаецца ў дзейнасць культурніцкай арганізацыі «Папараць-Кветка». З траўня 1918 года ў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіць у яе ЦК. Увосень таго ж года арыштаваны немцамі, пасля вызвалення ў снежні — адзін з арганізатараў «Саюза абароны краю». З прыходам бальшавікоў працаваў у валасных ды вясковых установах павета як выбраны ад сялянства, адначасова займаецца нацыянальна-культурнай працай[2].

Польская-савецкая вайна. Слуцкае паўстанне

Thumb
Пасведчанне БВК на імя Васіля Русака, 11 сакавіка 1921

У сакавіку 1919 года арыштаваны бальшавікамі, але праз месяц без выстаўлення абвінавачання выпушчаны пад заклад 3 тыс. рублёў, якія сабралі мясцовыя сяляне. Усё лета хаваўся ад ЧК у сялянскіх хатах. У час польска-савецкай вайны актыўны ўдзельнік антыпольскага падпольнага руху, сябра Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэта, кіраваў беларускім хорам «Папараць-Кветкі», разам з яе драматычнай дружынай ездзіў па павеце са спектаклямі, у якіх браў удзел як артыст пад псеўданімам Базыль Карусь.

У ліпені 1920 года, з вяртаннем савецкай улады, мабілізаваны ў Чырвоную армію, адбываў службу ў Слуцку. У лістападзе 1920 года, у часе з’езда Случчыны, абраны яго старшынёй, увайшоў у склад прэзідыума Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстанні 1920 года — камандзір Другога Грозаўскага палка[2]. У 1921 годзе інструктар Беларускай вайсковай камісіі (БВК), нелегальна вёў эсэраўскую агітацыю сярод беларускага батальёна БВК і беларускага сялянства Баранавіцкага павета[2]. Ратуючыся ад польскае дэфензівы, у траўні 1922 года ў Коўне (Літва) займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў на Віленшчыне супраць палякаў, звязаны з літоўскімі стралецкімі арганізацыямі[2].

Эміграцыя

Thumb
Васіль Русак, 1923 г.

У канцы 1922 года з рэкамендацыі прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі у Коўне выязджае на вучобу ў Чэхаславакію, дзе ўвосень 1923 года паступае ў Пражскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічны факультэт. У часе вучобы актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі: уваходзіць у Загранічную групу БПСР, адзін з кіраўнікоў Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый за граніцай і Заходняй Беларусі (АБСА), працуе ў Беларускім (Крывіцкім) культурна-асветным таварыстве імя Ф. Скарыны, супрацоўнічае з часопісам «Перавясла» ды інш. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі застаецца жыць у Празе[2].

Узяўшы шлюб з чэшскай дзяўчынай, паспяхова займаецца прадпрымальніцтвам. У 1931 годзе ўзначаліў Пражскі Беларускі нацыянальны камітэт, за свой кошт падрыхтаваў і выслаў у Лігу Нацый мемарандумы на французскай мове ў абарону нацыянальных і сацыяльных праў беларускага народа. У 1934 годзе выдаў на беларускай лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», фундаваў выданне часопіса «Iskry Skaryny». У 1936 годзе разам з украінцамі-эмігрантамі арганізаваў у Празе сумесны беларуска-ўкраінскі фэст народнай песні. Улетку 1939 года выдаў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру «Bielarus — Weissruthenien» з этнаграфічнай картай Беларусі[2].

Другая сусветная вайна. Арышт, смерць

У 1941 годзе паводле асабістага праекта з дапамогай А. Жука выдаў паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка і імянны знак Францішка Скарыны (сонца з маладзіком)[2].

У часе нацысцкай акупацыі Прагі хаваў у сябе дзве яўрэйскія сям’і, дапамог ім атрымаць пасведчанні, што яны беларусы[1][2]. Быў запрошаны на Другі Усебеларускі кангрэс у Менску, аднак удзелу ў ім не прыняў. У час візіту ў Менск сустракаўся з Радаславам Астроўскім, Кастусём Езавітавым, Міхасём Гузоўскім[3].

2 чэрвеня 1945 года арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай за «антысавецкую дзейнасць у эміграцыі», 2 чэрвеня 1946 года Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларускай вайсковай акругі асуджаны на 10 гадоў лагераў[2]. Памёр у лагеры 23 жніўня 1954 года[1].

Remove ads

Зноскі

  1. Міхась Скобла. Уладзімер Ляхоўскі: У Слуцкім паўстанні сацыяльны чыннік супаў з нацыянальным. Радыё Свабода (28 лістапада 2014). Праверана 4 снежня 2014.
  2. Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд., дапрац. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 295—296. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
  3. Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд., дапрац. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 268. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
Remove ads

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads